Вы тут

Усе дарогі вядуць у "Рым" - У Навагрудку таксама


Едучы падарожнічаць у гістарычную сталіцу Беларусі (а дакладней Вялікага Княства Літоўскага), не забудзьце завітаць у бар "Рым". Калі абедаць у Навагрудку, дык менавіта тут.

Пра бар "Рым" я шмат чула да таго, як давялося ўпершыню сюды трапіць. Мае сябры, што аб'ездзілі літаральна ўсю Беларусь, лічаць гэтае месца ў нечым культавым. Вось ён, прытулак вандроўніка, што і ў замку пабываў, і наведаў музей Адама Міцкевіча, і на курган, насыпаны ў яго гонар, падняўся. Таксама і каля гары Міндоўга пастаяў, і ў адрэстаўраваным Касцёле Перамянення Пана, або Фары Вітаўта

, памаліўся... Падумаўшы пра духоўнае, самы час спатоліць і фізічнае — зазірнуць у "Рым".

Будынак бара пабудаваны ў 1900 годзе і з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Як вядома, Навагрудак — самы "высокі" горад, ды і гэтае збудаванне знаходзіцца на гары: акурат у цэнтры горада на плошчы Леніна. Бар захаваў свой гістарычны дух і таму вабіць усіх аматараў даўніны.

Калі трапляеш унутр адметнага аўтэнтычнага фасаду, нічога такога, што моцна ўражвала б, не бачыш. Бар збольшага мае савецка-сучасны выгляд. Аднак усё вытрымана, зроблена з густам. Сцены ўпрыгожваюць невялічкія карціны.

Тут жа стаіць музычны аўтамат, на якім можна выбіраць песні. А спрытныя афіцыянткі вельмі хуценька пададуць абед з першага, другога і трэцяга, нават калі ты адзіны наведвальнік на гэты час. Таму можна не хвалявацца, што з-за непрадбачаных затрымак не паспееш на аўтобус, мяркуючы вандраваць далей. Тым больш, што дарога да аўтавакзала збягае ўніз з даволі крутой гары: мінае пару старых навагрудскіх вуліц — і ты на месцы.

Дакладна не ведаю, але, здаецца, не захаваліся ў нас старыя корчмы, якія б і сёння дзейнічалі ў тым або іншым выглядзе. Ды і бар "Рым" на карчму не цягне: пабудаваны нашмат пазней. Аднак хочацца адзначыць, што ў ранейшыя часы месцы, зробленыя для таго, каб у іх можна было падсілкавацца, выконвалі не толькі гэтую ролю — запоўніць страўнік ці прапусціць кілішак. Яны былі месцам, дзе можна было адпачнуць з дарогі ці нават заначаваць, даведацца пра апошнія падзеі і знайсці неабходных людзей.

Беларускі архітэктар Армен Сардараў піша, што на працягу стагоддзяў карчма была месцам, якое збірала людзей з "нізоў" і дзе, акрамя зносін, можна было пачуць навіны, далучыцца да мастацтва праз музыку і танцы, проста адпачыць і павесяліцца. Карчма адначасова была і "піцейнай" установай з усімі тыповымі для такіх месцаў рысамі, дзе маглі падмануць, абакрасці ці нават збіць. А галоўнае — "гарэлка", якая збівае з панталыку. Уладзіслаў Сыракомля з горыччу пісаў: "Тут дапытваюцца толькі трох прадметаў: гарэлкі, гарэлкі і гарэлкі".

У той жа час роля карчмы ў грамадстве была не такой простай. Пасля царквы і касцёла гэта было другое месца грамадскіх збораў. І важна, што гэтыя зборы былі досыць дэмакратычнымі: "У лазні і карчме ўсе роўныя", — казалі людзі.

Дык дзе ж пагутарыць і адвесці душу, як не ў карчме ці добрым бары?... І калі ўсе дарогі вядуць у Рым, то і Навагрудак не трэба рабіць выключэннем.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?