“Звязда” прапанавала замежнікам апісаць беларускую сталіцу трыма словамі і растлумачыць свой выбар
Утульны: я адчуваў сябе вельмі добра, калі гуляў па сталічных вулачках. У Каракасе такога адчування для мяне, як для пешахода, не існуе.
Ціхі: Каракас вельмі шумны горад, людзі жывуць тут у хуткім рытме. А вось у Мінску шмат спакою, няма надта гучных аўтамабільных гудкоў, матацыклы не равуць. Усё гэта робіць Мінск своеасаблівым горадам для рэлаксацыі ад стрэсу мегаполісаў.
Таварыскі: падчас майго знаходжання ў беларускай сталіцы заўважыў адну рэч: людзі ставіліся да мяне добра, шмат з кім я пасябраваў.
Усяго я меў два падарожжы ў Беларусь. А ў Мінску адпачываў прыкладна два месяцы. У сталіцы спадабалася архітэктура, абеліск, структура станцый метро, і канешне ж, людзі. Непрыемным здаўся хіба толькі холад, бо справа была ўзімку. Жартую)
У цэлым жа, паміж Мінскам і Каракасам мала чаго агульнага, хіба што шапікі, дзе прадаюць перыёдыку і фастфуд.
Захар Каліснічэнка, Кіеў, Украіна:
Вакзал: першае слова-асацыяцыя пра Мінск.Прыгожы, шкляны. Цудоўны від на “вароты” горада з эскалатара. Менавіта на вакзал я прыбываў, і адтуль жа з вашай сталіцы ад’язджаў. Нават спаў там каля дзвух гадзін на падлозе - проста засцяліўшы на падлогу карымат. За гэты час мяне разы чатыры будзілі міліцыянеры. Учацвярох яны ўсё ж "пераканалі" мяне, што лепш тут так не спаць, бо “іншаземцы паказваюць пальцамі”. Увогуле, на мінскім чыгуначным ў сталоўцы цудоўная кава. Цікава, што ў вас асобна бяруць грошы за цукар, тару і каву. Затое ў сталоўцы каву наліваюць у шклянкі. Да напою раю ўсім браць чорны шакалад фабрыкі “Камунарка”. А яшчэ з-за столікаў вакзальнай сталоўкі адкрываецца цудоўны краявід.
Сталінскі ампір: слова ўзгадалася з-за мінскай архітэктуры. У Мінску гэты стыль пакуль не спаганены перабудовамі, і выглядае выразна, ў адрозненне ад некаторых іншых былых "савецкіх" сталіц.
Свіслач: назва рэчкі, што цячэ цераз увесь горад. Праходзячы па цікавых месцах Мінска, разумееш, што рэчка дзесьці побач. І назва добра запамінаецца. Такая для мяне…нетыповая. Хаця сваякі майго сябра, калі пераехалі ў Мінск, ніяк не маглі запомніць гэты тапонім.
Быў у Мінску тры разы, праездам, усяго па некалькі гадзін. Заўжды мае сустрэчы з Мінскам адбываліся ўвечары ці ноччу - хочацца пабачыць горад і пры дзённым асвятленні!
Кадзу Кодаіра, Токіа, Японія:
Спецыі: я быў здзіўлены тутэйшымі стравамі - у іх так шмат бульбы, і зусім, як на мой густ, мала солі ды спецый. Японская кухня вельмі салёная, у рыс мы дадаем багата розных спецый. Беларускія стравы, якімі я частаваўся, былі смачныя, але вельмі нязвычныя!
Строгасць: у вас мала крам і бараў, якія працуюць кругласутачна. У Японіі людзі часта заседжваюцца ў барах з вечара да раніцы. А ў Мінску ажыццявіць такі план складана. Дадам, што паліцыя ў метрапалітэне вельмі строгая да ап’янелых людзей – забараняюць карыстацца, калі бачаць, што ты п’яны, ці ўжываеш алкаголь. У Японіі ж наадварот, ніхто не звяртае на гэта ўвагі.
Дысцыпліна: здзівіла тое, як у вас людзі ставяцца да сваіх працоўных абавязкаў. Я неаднойчы бачыў, як работнікі метро і крам размаўлялі па мабільным тэлефоне, не надта зважаючы на наведвальнікаў, падчас працы. За такое ў Японіі адразу ж звальняюць.
Я быў у Мінску ўсяго паўтара месяцы. І, як, мне здаецца, шмат чаго яшчэ тут не ўбачыў. Мне Мінск вельмі даспадобы. Людзі тут вельмі добрыя. Хаця далёка не ўсе размаўляюць па-англійску, аднак яны заўжды намагаліся зразумець мяне і хоць неяк дапамагчы. Гэта адбывалася паўсюдна: на вуліцы, у метро, ва ўнівермагу, ў вагоне цягніка.
Абдулфатах Алаўдзі, Адэн, Емен:
Студэнты: я сам студэнт і ўсе мае знаёмыя з гэтай катэгорыі. І калі мы выпраўляемся пагуляць па горадзе, навокал столькі моладзі, здаецца, усе яны таксама студэнты. Мне спадабаецца, што у Мінску шмат магчымасцяў, каб беларускія студэнты маглі адначасова вучыцца і працаваць.
Прыгажосць: гэта можна сказаць не толькі аб тых беларускіх дзяўчатах, на якіх можна глядзець бясконца. У Мінску ўвогуле шмат прыгожага - людзі, кветкі, зеляніна, Мінск сапраўды зялёны горад. Падабаецца тутэйшая архітэктура: ёсць прыгожыя гістарычныя будынкі. У Адэне таксама шмат будынкаў, якія маюць гістарычную каштоўнасць.
Холад: а вось беларускае надвор’е мне не падабаецца, бо яно часта мяняецца. Адзін дзень – дождж, пасля спёка, затым ізноўку холад. У нас у Емене надвор’е больш стабільнае.
Вялікае адрозненне Мінска ад Адэна – гэта ежа. У Мінску цяжка набыць добрыя садавіну і гародніну ўзімку. А ў нас яны свежыя ды смачныя заўжды. Таксама на маёй радзіме ёсць мора, акіян і горы – а ў Мінску няма. Але ўсё роўна зараз Мінск для мяне - родны горад, бо жыву тут ужо чацвёрты год. За гэты час са мною адбылося шмат цікавых і добрых падзей, я набыў новых сяброў.
Кацярына Радзюк
Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.
Не выявіць ні секунды абыякавасці.