Вы тут

Мода на «этна»


Пераймальнікі народнай культуры едуць у глыбінку

«Вой, хачу, хачу!..» Я ледзь стрымлівала сябе, каб не падысці і не кінуцца прымяраць ільняную кашулю. Нават на адлегласці было зразумела: ёсць у ёй тое, чым не можа крануць ніводная модная сучасная шмотка — дух. Мо таму, што нейкую вельмі адмысловую вышыўку выкарыстала майстрыха, калі яе ўпрыгожвала: малюнак шчыльна запоўнены швом, каб «зафарбаваць» элементы. І такіх прывабных рэчаў побач было шмат — ручнікі, посцілкі, спадніцы, андаракі... Усё прывезена з экспедыцыі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства ў Горацкі раён Магілёўскай вобласці.

А паслухала ўдзельнікаў, дык колькасць «хачу» перавысіла ўсе магчымасці гарадскога жыхара: не, такое не купіш. Гэта можна толькі адшукаць — як скарб, як каштоўнасць, якую можна, вядома, зберагчы, схаваўшы ад вачэй. Вось толькі ў гэтых каштоўнасцяў ёсць наканаванне — яны ствараліся для вачэй (каб тыя, хто гэта носіць, радавалі тых, хто на іх глядзіць), а значыць, павінны працягваць радаваць. Не толькі як цуда-творы вясковых майстрых, але і як рэчы, якія можна выкарыстоўваць і цяпер. Ведаць толькі, як...

Дык жа і едуць па гэта. Тыя, да каго прыязджаюць, здаецца, толькі і чакаюць, з кім падзяліцца тым, што ведаюць і ўмеюць рабіць. Скарб сабраны багаты: паданні, легенды, абрады, вераванні, песні, рамёствы...

1378768243898_1

Перадача агню

Мясцовыя людзі ў першыя ж дні здзівілі тым, што былі неверагодна адкрытыя для гутарак, адразу гатовыя заспяваць, па першай жа просьбе, нават «цяжкае» пахавальнае галашэнне прадэманстраваць. Наогул нечакана шмат спявалі ў гэтым раёне: нікога не трэба было «раскручваць» на песні. У выніку запісана шмат матэрыялу, які змогуць потым выкарыстаць фальклорныя гурты. Ды і проста так вывучыць і спяваць можна. Так танчыць, як у Горацкім раёне, цяпер не праблема. Мала таго, што рухі асобныя засвоілі проста на месцы, дык гэтыя рухі яшчэ былі пад гармонік! Нават два гарманісты сустрэліся падчас экспедыцыі. Дзеля таго, каб адразу пераняць іх музычную манеру, спецыяльна выклікалі з Мінска на дапамогу Аляксея Крукоўскага

, які выступае з капэлай.

Але ж яшчэ вельмі цікавы пласт нематэрыяльнай культуры — абрады.

1378768245947_2

— Вясельны абрад запісаны досыць поўна, — дзеліцца ўражаннямі Алена Ляшкевіч. — Не праблема яго аднавіць, калі будзе ініцыятыва з раёна. Напрыклад, у Мінскім раёне Ракаўскі цэнтр фальклору прапануе паслугі для маладых: цалкам забяспечвае правядзенне вясельнага абраду згодна з традыцыяй. У нашым таварыстве таксама дзяўчаты прапануюць правядзенне вясельнага абраду на пэўным вакальным матэрыяле. Для Горацкага раёна нашы напрацоўкі маглі б стаць добрай падставай для пераймання традыцый.

А была яшчэ некалі і свая сацыяльная культура. З чаго, напрыклад, нарадзіўся звычай «прыйсці на пячонку», пра які даведаліся ў вёсцы Шышава? Калі гаспадар забіваў кабанчыка, то суседзі (уся вёска практычна) маглі прыйсці да яго на свежыну. У выніку ад кабанчыка ў гаспадара магла застацца адна траціна... Цяпер традыцыя не мае такога бытавання. А раней жа запрашалі не толькі на свежыну — і на мёд свежавыгнаны, на ягады, якія з лесу толькі прынеслі, на яблыкі. Такія абрады, адзначаюць даследчыкі з таварыства, асабліва характэрныя для ўсходняй Магілёўшчыны. Яны аб'ядноўвалі на нейкі перыяд часу вясковую грамаду. Гэта працяг традыцый братчыны — формы самаарганізацыі вясковай абшчыны. Ладзіліся бяседы, гулялі адзін год у адной вясковай хаце, другі — у другой. Таксама абрады пераносу свечкі, пра якія памятаюць у Горацкім раёне, і «пячонкі» — рэшткі калектыўных абрадаў вясковай абшчыны: разам лягчэй і весялей было жыць.

Можа, таму так цёпла маладых даследчыкаў і сустрэлі людзі: нагода спяваць, танцаваць разам. Атрымліваецца жывы абмен. Перайманне народных традыцый у дзеянні. Перадача агню...

Чырвона-чорнае на белым

І часта — сапраўды перадача, калі гаворка вядзецца пра матэрыяльныя ўзоры народнай культуры. Альбо набыццё. Кашуля, якая вылучалася сярод прывезеных з экспедыцыі рэчаў, стала самым першым матэрыяльным аб'ектам, які знайшлі студэнты. І такія яны ўжо дасведчаныя сталі ў асаблівасцях вышывак, што зразумелі адразу: такога яшчэ не было. У Горацкім раёне ў «жаночых» рамёствах наогул вялікае багацце: тут сустракаецца і геаметрычная вышыўка, і вышыўка гладдзю, у больш позніх вырабах — раслінныя ўзоры чырвона-белай гамы і каляровыя, а то і іх спалучэнне. Тут сышліся розныя тэхнікі і каляровыя гамы. Традыцыйная чырвона-чорная вышыўка процягам ці крыжыкам, а могуць таксама сустрэцца розныя тэхнікі ў адным вырабе.

— Што ўразіла, дык разнастайнасць вязаных шыдэлкам карункаў — па іх можна рабіць асобную выставу, бо кожны ручнік і фартух імі ўпрыгожаны, — Ганна Якуш гатова паказаць прыклады розных карункаў, якія ніколі не паўтараліся. — Рыса гэтага рэгіёна — кумачовыя ўстаўкі на канцах ручнікоў, таксама аздобленыя карункамі. Прышываліся карункі і крамныя, не толькі самаробныя.

Паясы, абрусы, посцілкі, элементы вопраткі... Дзяўчатам, якія асвойваюць ткацтва і іншыя жаночыя рамёствы, будзе што вывучаць. Ды ў музеі Горацкім далі магчымасць паглядзець на асаблівасці адзення — можа, будзе магчымасць самім штосьці падобнае стварыць на мясцовы манер. Нават свая традыцыя завязвання і нашэння наміткі тут была!

Але асаблівую ўвагу студэнтак прыцягнула адна рэч з жаночага гардэробу: саян (сарафан) — характэрнае для гэтага раёна адзенне, бо тут памежжа са Смаленскай вобласцю.

А гаворка — засталася...

Памежныя рэгіёны для экспедыцый Студэнцкае этнаграфічнае таварыства выбірае наўмысна. Бывалі экспедыцыі і па цэнтральнай Беларусі, але калі ехаць, то так, каб было больш карысці. Ёсць тут сэнс: на памежжы хутчэй знікаюць нацыянальныя асаблівасці. Але не толькі гэта стала прычынай такіх вандровак. Як правіла, навукоўцы, даследчыкі за дзяржаўную мяжу ў асноўным не ездзяць.

Адпаведна, працуюць там даследчыкі іншых краін, і іх набыткі нам амаль не даступны. Студэнты ў сваіх экспедыцыях адначасова імкнуцца правесці даследаванні тэрыторый з адваротнага боку мяжы. Бывалі экспедыцыі на беларуска-латвійскае памежжа ці беларуска-расійскае каля Пскоўскай вобласці. Сёлета ўдалося некалькі дзён папрацаваць на Смаленшчыне, у Красненскім раёне.

— У аддзеле культуры Красненскага раёна нас сустрэлі цёпла, але ў іх толькі пачынаецца праца — новыя людзі ў аддзеле, — распавядае Барыс Шчука. — Насамрэч яны зацікаўлены ў культурным супрацоўніцтве, у запрашэнні на фестывалі, у абмене матэрыяламі. Чым гэта цікава нам? Па-першае, жыхары Красненскага раёна, якіх мы апытвалі, размаўляюць на ўсходнебеларускім дыялекце. І песні ў іх адпаведныя (у песенным фальклоры, як вядома, мова больш архаічная). Нездарма перапіс 100-гадовай даўніны паказаў, што 90 працэнтаў жыхароў тых мясцін запісалі сябе беларусамі. Цяпер вяскоўцы амаль ужо беларусамі сябе не лічаць, вось толькі гаворка засталася...

Памежныя раёны Пскоўскай і Смаленскай абласцей — гэта частка беларускага этнаграфічнага арэала, такое пацвярджэнне знаходзяць студэнты падчас экспедыцый. У 1930 годзе гэтыя тэрыторыі маглі далучыць да Беларусі: рыхтавалася чацвёртае ўзбуйненне БССР, і экспедыцыя Інбелкульта ў тыя гады вызначала будучыя межы. Калі даследчыкі вярнуліся, то ўсе яны былі арыштаваны. Землі засталіся ў складзе Расіі. Але страціць кантакты з іх жыхарамі — гэта значыць збядніць сябе. А яшчэ важна — падтрымаць іх: ёсць практыка матэрыялы экспедыцый ці іх копіі перадаваць у тыя мясціны, дзе яны сабраны. Каб там быў працяг.

Жывая сфера

Кожны раён атрымае сабраныя матэрыялы ці іх копіі пасля пэўнай апрацоўкі, у тым ліку і вясковыя клубы. Гэтыя матэрыялы могуць быць карыснымі супрацоўнікам устаноў культуры, цікавымі студэнтам, навукоўцам, якія пішуць працы па гэтым рэгіёне, школьным настаўнікам, краязнаўцам. Папаўняецца свой архіў і сховішча — яны адкрытыя для ўсіх, хто цікавіцца. Ёсць дзеля чаго рупіцца.

— Экспедыцыі мы ладзім даўно, з 1998 года яны сталі штогадовымі і сістэматычнымі. Нам патрэбны былі зносіны з людзьмі, якія застаюцца носьбітамі традыцыйнай беларускай культуры. Інфармацыйны голад не маглі задаволіць бібліятэкі ці праца з архівамі. У моладзі, якая выбрала народную культуру сваёй сістэмай каштоўнасцяў, была патрэба ў жывой камунікацыі з носьбітамі культуры дзеля фарміравання свайго светапогляду. Большасць з нас выраслі ў гарадскіх умовах, і мы адчулі, што адбыўся разрыў паміж пакаленнямі: адно, два пакаленні выпалі з ланцуга пераемнасці. Але хацелася спазнаць тое сапраўднае, што ёсць у народнай культуры, — гаворыць кіраўнік арганізацыі Аляксей Глушко. — Для нас традыцыйная культура не толькі аб'ект даследавання, але і жывая сфера, якая патрабуе далікатнай падтрымкі і пераемнасці. Мы сябе з пэўнага часу ўсвядомілі пераемнікамі. Моладзь едзе ў экспедыцыю па жыццёвы досвед, па мудрасць.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.