Вы тут

Лёс любіць практыкаў, альбо Бізнесмен ад школьнай лаўкі


Большасць маладых імкнуцца атрымаць добрую адукацыю — як правіла, вышэйшую і, па магчымасці, у прэстыжнай ВНУ. Звыклая з'ява, калі дзяўчына ці хлопец да 22-23-х гадоў — студэнты, у адваротным выпадку на іх часта глядзяць са здзіўленнем. Як?! Нідзе не вучышся? Менавіта адукацыя лічыцца ў нашым грамадстве гарантам поспеху. Раман Мельнічэнка, напрыклад, у свае 23 гады паспеў некалькі разоў змяніць род сваіх заняткаў, займець свой бізнес, папрацаваць у Маскве ў прэстыжных кампаніях і вярнуцца ў Беларусь з новымі ідэямі. Цяпер хлопец захоплены стварэннем буйной аграсядзібы ў вёсцы Маргі Глыбоцкага раёна. І ўсё гэта — маючы за плячыма толькі базавую адукацыю: школу Раман пакінуў у 16 гадоў.

Замест школы — бізнес

— Я перастаў наведваць школу ў дзясятым класе з-за таго, што не мог там самарэалізавацца, — прыгадвае Раман. — Амаль усе мае аднакласнікі ведалі, кім хочуць быць у жыцці і што можа даць ім школа для дасягнення іх мэты. Нехта бачыў сябе інжынерам, нехта — урачом або медыцынскай сястрой, а я не мог «знайсці сябе»...

1378935578583_12-16

Скандалаў з-за выбару старэйшага сына не было — бацькі проста спыталі пра яго планы. Раман хацеў адкрыць уласную справу, таму падаўся дзеля дасягнення мэты з Глыбокага, дзе жыла сям'я Мельнічэнак, у сталіцу. Нягледзячы на тое, што ўсё рабілася, так бы мовіць, «з нуля», хлопец у вялікім горадзе не прапаў.

— Я вырашыў заняцца бізнесам, — працягвае суразмоўца, — і нават стаў тут, у Мінску, першаадкрывальнікам. Маё рэкламнае агенцтва прапаноўвала кліентам паслугі па размяшчэнні рэкламы ў ліфтах. Мы дамаўляліся са ЖРЭА, справы ішлі добра. Але... Праз 8 месяцаў мне стала нецікава, таму я кінуў усё, а сам падаўся ў Маскву, прыхапіўшы з сабой 70 долараў і ўпэўненасць у сваіх сілах. Не было нават білета на цягнік — дабіраўся аўтастопам. Мне падабаецца пачынаць усё спачатку...

З вакзала ў... намеснікі

Першыя тры дні маскоўскага жыцця Раман жыў на вакзале:

— Так выйшла, што ў гэты час мае надзеі знайсці добрую працу ледзь не развеяліся. Бізнесмен, з якім мы папярэдне дамаўляліся, не захацеў браць у сваю фірму. Урэшце мне ўдалося «ўламаць» яго на трохдзённы выпрабавальны тэрмін. Той даў мне заданне, з якім ніхто да гэтага не мог справіцца, — трэба было заключыць новы кантракт. І ў мяне атрымалася!

Кар'ера «пайшла» ўгору, Раман стаў каштоўным кадрам — яго нават «перакуплялі» іншыя фірмы. У выніку «даслужыўся» да пасады намесніка кіраўніка маскоўскага філіяла буйной замежнай страхавой кампаніі.

— Але і гэта пачало надакучваць, і я зноў вырашыў заняцца ўласным бізнесам. Ім стаў «SMS-дзённік» для бацькоў школьнікаў. Тыя за пэўную плату маглі атрымліваць тэкставыя паведамленні з адзнакамі сваіх дзяцей. Наладзіць гэта было нескладана, і ў выніку наша паслуга распаўсюдзілася на 25 маскоўскіх школ. Дамаўляліся загадзя з настаўнікам, не вельмі загружаным вучэбнымі гадзінамі, заключалі з ім кантракт, і ён пасля заняткаў праглядаў школьныя журналы, заносіў звесткі ў камп'ютар, а потым адсылаў гэта ўсё бацькам — кліентам нашай паслугі.

Лясное прыцягненне

Працы было шмат, але і грошы былі добрыя. Тыя ж настаўнікі, што супрацоўнічалі з фірмай Рамана, атрымлівалі, акрамя сваёй школьнай зарплаты, тысячу і больш долараў.

— Часта мне даводзілася прачынацца а шостай гадзіне раніцы і працаваць да гадзіны ночы, — прыгадвае Раман, — але ў які б час я не вяртаўся дадому, мяне цягнула прайсціся хаця б па парку. Недалёка ад маёй маскоўскай кватэры быў даволі-такі вялікі лесапарк, куды я наведваўся ў любую вольную хвіліну.

Пасля хлопец пачаў ездзіць па Расіі, выбіраў месцы, дзе і людскога жытла паблізу няма. Ён шукаў месца, дзе можна было б купіць участак зямлі і пабудаваць аграсядзібу. Такім чынам яго захапленне і бізнес маглі б аб'яднацца.

— Але куды б я ні паехаў — у Карэлію ці на Волгу, у Ленінградскую вобласць ці Маскоўскую — усюды мяне сустракалі горы смецця. У самых, здавалася б, аддаленых лясах мне «шанцавала» з гэтым сустрэцца. І тады я вырашыў вярнуцца ў Беларусь.

І для людзей, і для прыроды

Участак хутка знайшоўся на малой радзіме — у вёсцы Маргі. Сама вёска на той час мела толькі аднаго жыхара — старэнькую бабульку, што прыязджала сюды на лета. Першы дом купіў на ўзгорку. Паступова дадаліся новыя ўчасткі, якія належалі былым жыхарам, і на сёння сядзіба мае чатыры гектары зямлі, але гэтага для планаў маладога бізнесмена мала.

— Думаю, сядзіба разрасцецца да трохсот гектараў. Мы купляем участкі, яшчэ восем нам абяцае даць пад забудову сельсавет. Старыя дамы даводзіцца зносіць, бо многія не бачылі людзей па 20 гадоў, і таму яны не падыходзяць для пражывання. На месцы старых хат мы будуем новыя аднапакаёвыя дамкі.

Што за сядзіба ў вёсцы без гаспадаркі? Ужо цяпер тут ёсць коні, авечкі, камерунскія казлы і альпійскія козы, трусы, качкі, свінні. Некаторых жывёл гаспадар выпісвае нават з Амерыкі!

— Мы праводзілі шмат эксперыментаў з жывёламі, каб высветліць, як жа ім насамрэч лепш. Напрыклад, для коней мы адгарадзілі вялікі загон, у якім быў лес, і ў ім пабудавалі некалькі цёплых памяшканняў. Гэта было зроблена для таго, каб высветліць, дзе коні праводзяць больш часу — у памяшканні ці на свежым паветры? І што вы думаеце? За паўтара года яны прабылі пад дахам толькі суткі, ды і тое падчас моцных ліўняў.

Для аховы раслін ад шкодных насякомых былі пабудаваны спецыяльныя дуплянкі, максімальна набліжаныя да натуральнага птушынага жытла. Таксама дуплянкамі прывабілі кажаноў, каб змагацца з начнымі матылькамі, што наносяць шкоду гаспадарцы. Гэтым эксперыментам зацікавілася і Акадэмія навук, і іншыя фермеры.

Гаспадарка на чатырох

Што цікава, падыход Рамана да гаспадаркі дапамагае яму не затрачваць шмат часу на догляд жывёлы: як правіла, яны пасвяцца самі, таму летам максімум, што патрабуецца ад гаспадароў, — пераганяць іх з загона ў загон.

— Вось так і выйшла, што нашай аграсядзібе не патрэбна шмат рук, — рэзюмуе малады фермер. — Пакуль спраўляемся ўчатырох — я, малодшы брат Руслан і бацькі.
Руслан летась таксама вырашыў не працягваць сваю адукацыю і... пакінуў школу пасля дзявятага класа. Пакуль што дапамагае брату... Раман кажа, што калі нейкіх ведаў яму не хапае, ён бярэцца за падручнікі, шукае інфармацыю ў інтэрнэце або звяртаецца да знаёмага настаўніка. Вось такая «альтэрнатыўная адукацыя» атрымліваецца.

Надзея ЮШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.