Вы тут

«Дыназаўры» камп'ютарнай тэхнікі


«Ого, ну і жалеза», «Вось гэта скрыня!», «А што, гэта яшчэ і працуе?» — школьнікі і ліцэісты, якія сталі першымі наведнікамі выставы рэтра-камп'ютараў, што праходзіць у Мінску на базе БДУІР, не пераставалі здзіўляцца. А больш сталыя людзі, убачыўшы сваіх «старых знаёмых», радаваліся, як дзеці: «Вой, а такія камп'ютары стаялі ў нас у школе! Загружаліся хвілін пяць...», «А гэта быў першы камп'ютар у маім жыцці», «А я мог толькі марыць пра такі просценькі камп'ютар».

Несумненна, сучаснай моладзі складана зразумець, што яшчэ напрыканцы 80-х інфарматыка ў школах ужо вывучалася, але камп'ютараў там не было. Каб убачыць, як выглядаюць і працуюць тыя камп'ютары, нас, сталічных школьнікаў, вадзілі на экскурсію ў інфармацыйна-вылічальны цэнтр. А калі ў Мінску амерыканцы арганізавалі выставу вылічальнай тэхнікі, там здарыўся сапраўдны аншлаг. Акрамя рознай сувенірнай драбязы, наведнікі выставы, калі пашанцуе, маглі разжыцца і глянцавым часопісам, дзе былі прадстаўлены ўсе навінкі ў гэтай галіне. А школьныя настаўнікі потым прасілі ў сваіх вучняў пагартаць гэтыя часопісы, каб быць, як той казаў, у тэме. І хто б мог падумаць, што ўсяго праз 20 гадоў з'явяцца людзі, якія будуць камп'ютары калекцыянаваць. А камп'ютары, выпушчаныя 20-30 гадоў таму, будуць прадавацца на аўцыёнах і каштаваць даражэй за самыя сучасныя. Дарэчы, некаторыя з калекцыянераў называюць сябе «камп'ютарнымі некрафіламі».

1379367493954_1

1379367493954_1

 

Аляксандр АЛЯКСАНДРАЎ, студэнт чацвёртага курса факультэта камп'ютарных сістэм і сетак БДУІР — адзін з такіх калекцыянераў. Сяброўскія адносіны з камп'ютарам у яго наладзіліся яшчэ ў чатырохгадовым узросце — спачатку хлопчык на камп'ютары толькі гуляў, а ўжо ў 5—6 гадоў пачаў складаць першыя камп'ютарныя праграмы.
— Мае бацькі з праграмаваннем ніяк не звязаны, але бацька па прафесіі — электроншчык, таму ў нашым доме заўсёды быў уключаны паяльнік і стаяў пах каніфолі, — расказаў Аляксандр.
Ці не ад бацькі перадалося сыну захапленне «жалезам»? Хлопец прызнаецца, што яму вельмі падабаецца ажыўляць або «лячыць» старую тэхніку. Таму ён з задавальненнем наведвае мінскі хакерспэйс — майстэрню, дзе збіраюцца аматары рознай тэхнікі і куды можна прыйсці, каб штосьці папаяць, адрамантаваць. Там жа знайшоўся і часовы прытулак для часткі яго калекцыі.
Сёння рэтра-калекцыя студэнта БДУІР налічвае каля 50 экзэмпляраў. Частка экспанатаў захоўваецца ў бацькоўскім доме ў Брэсце. Бацькі хоць і падтрымліваюць захапленне сына, але перыядычна бурчаць, што яго тэхніка займае вельмі шмат месца. Самы «малады» камп'ютар, прадстаўлены на выставе, быў выпушчаны ў 1996 годзе. А самы «старажытны» экспанат — савецкі ўзор вылічальнай машыны «Электроніка» 1976 года выпуску. Як жартуе Аляксандр, гэта, хутчэй вялікі інжынерны калькулятар з касетнікам. Але пра тое, якім насамрэч можа быць «вялікі калькулятар», расказаў рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Міхаіл БАТУРА, які наведаў выставу свайго студэнта:

1379367496926_2

1379367496926_2

 

— Вылічальная тэхніка, на якой я працаваў студэнтам і аспірантам, уяўляла сабой набор з 10—12 вялікіх шафаў. А ў тэхнічных патрабаваннях па эксплуатацыі ЭВМ ЕС 1022 было запісана, што ёй патрабуецца плошча ў 110 квадратных метраў. Прычым абавязкова трэба было яшчэ і забяспечваць ахалоджванне тэхнікі, каб тая не перагравалася... А цяпер я трымаю ў руках планшэт, які і па магутнасці, і па аб'ёме памяці, і па сваёй хуткасці на парадак пераўзыходзіць ЭВМ 70-х гадоў. Тое, што яшчэ 30 гадоў таму здавалася ўсім фантастыкай, сёння стала рэальнасцю. Цікава пафантазіраваць, што будзе, напрыклад, у 2050 годзе?
Аляксандр расказаў, што пачаў збіраць камп'ютары яшчэ ў школьныя гады, а штуршком да калекцыянавання стала партыя камп'ютараў, якая дасталася яму дарма ад знаёмага яго бацькі:
— Мяне цікавяць не столькі гады выпуску камп'ютараў, колькі розныя платформы. Пэўны прабел у маёй калекцыі ёсць у савецкай камп'ютарнай тэхніцы канца 80-х гадоў — з той прычыны, што яе вельмі складана знайсці. А нават калі і знойдзеш, то набыць яе студэнту — не па кішэні. Паколькі савецкія камп'ютары змяшчалі каштоўныя металы, то «залатары» іх даўно разабралі, а калі дзесьці ўсё ж такі і захаваліся асобныя экзэмпляры, то каштуюць яны фантастычна дорага. Я набываю камп'ютары або за сімвалічныя грошы (самым дарагім маім набыццём стаў рарытэт за 50 долараў, і тое купіў яго толькі таму, што ну вельмі захацелася), або мне аддаюць тэхніку бясплатна. Вось і сёння адзін з наведнікаў выставы паабяцаў прынесці свой рарытэт. Шчыра кажучы, хацеў бы папоўніць сваю калекцыю распрацоўкай навукоўцаў Мінскага радыётэхнічнага інстытута — камп'ютарам «Няміга». Аднак, напрыклад, расійскія калекцыянеры гатовы за яго заплаціць 400—500 долараў, а адкуль у мяне могуць быць такія грошы? З расіянамі вельмі складана канкурыраваць, яны прыходзяць на наш рынак і ўзвінчваюць цэны. А ўвогуле каштоўнасць таго ці іншага камп'ютара вызначаецца колькасцю выпушчаных экзэмпляраў. «Няміг» было выпушчана ў свой час шмат, але «цэлых» засталося вельмі мала.
Дарэчы, расіяне прапаноўвалі выкупіць у Аляксандра яго «Электроніку» 1976 года, але той адмовіўся наадрэз. Маўляў, я сваю калекцыю не распрадаю. Гонарам яе з'яўляецца таксама прататып камп'ютара, на якім стваралі спецэфекты для галівудскага «Тэрмінатара», камп'ютар Sіlісоn Grарhісs (на такіх на тэлеканале АРТ манціраваліся ў 90-я гады тэлевізійныя застаўкі), а таксама беларуская гульнявая прыстаўка «Эльф». Сучасная моладзь наўрад ці ведае, што раней гульні для персанальных камп'ютараў выпускаліся не толькі на дыскетах, але і на аўдыякасетах, і загружаліся ад 3 да 30 хвілін. Яны таксама прадстаўлены на выставе.

1379367498435_3

1379367498435_3

 

— Я ў сучасныя камп'ютарныя гульні ніколі не гуляю. Значна з большым задавальненнем пагуляю на адноўленым старым камп'ютары, — расказвае Аляксандр. — Калі камп'ютар — савецкі, то, часцей за ўсё, дэталі да яго можна знайсці, а затым усё ўпіраецца толькі ў выпраўленне няспраўнасцяў: шукаеш, якая мікрасхема згарэла, і гэтак далей — крок за крокам. Большая частка маіх экспанатаў пасля рамонту ў спраўным стане. А вось калі камп'ютар замежны, то задача ўскладняецца: мікрасхему трэба дзесьці шукаць і заказваць. Напрыклад, Соmmоdоrе-128 паўгода праляжаў у мяне «трупам». А потым з Галандыі раптам прыходзіць паведамленне, што мне гатовы прадаць мікрасхему за сімвалічныя 5 долараў. Дарэчы, мікрасхема на другасным рынку можа каштаваць столькі ж, колькі і камп'ютар.
Большасць аднакурснікаў калекцыянера захапляюцца праграмаваннем. Яно і зразумела: навучанне на факультэце КСІС — мара для многіх выпускнікоў. І паступіць сюды надзвычай складана. Аляксандр паступіў і атрымлівае па выніках летняй сесіі павышаную стыпендыю.
— Шчыра кажучы, я больш камфортна адчуваю сябе з «жалезам, — прызнаецца ён. — Паралельна з вучобай я на палову стаўкі другі год ужо працую ў Аб'яднаным інстытуце машынабудавання Акадэміі навук у лабараторыі бартавых мехатронных сістэм. Летам працаваў на поўную стаўку. Мне гэта цікава: ствараць бартавыя камп'ютары для аўтобусаў, фур... Хоць, вядома, разумею, што ў навуцы шмат грошай не заробіш. Таму казаць адназначна, што не паддамся спакусе, не буду...
Характэрна, што сваімі марамі аб папаўненні калекцыі Аляксандр дзеліцца не вельмі ахвотна. Кажа, што ў яго ёсць цэлы спіс «камп'ютарнага антыкварыяту», які ён будзе выконваць па меры магчымасцяў. Але відавочна, што для вялікай калекцыі патрабуецца шмат месца — не захоўваць жа яе ў гаражы. Магчыма, кіраўніцтва ўніверсітэта пойдзе насустрач і прапануе пастаянную плошчу для яго калекцыі? Няхай гэта будзе, напрыклад, пастаянна дзейная выстава... Музеяў камп'ютарнай тэхнікі пакуль што няма, таму вырасла цэлае пакаленне падлеткаў, якія шчыра ўпэўнены, што калькулятары заўсёды былі ў мабільных тэлефонах, як, дарэчы, і інтэрнэт...

Надзея НІКАЛАЕВА. Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».