Вы тут

ЧЫМ БОЛЬШЫ БЮДЖЭТ, ТЫМ ВЫШЭЙШЫ ПРЭСТЫЖ


Як павысіць прэстыж мясцовых Саветаў дэпутатаў? Менавіта такое пытанне было ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў чарговага пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі.

— Калі ставілася пытанне аб неабходнасці існавання сельскіх і пасялковых Саветаў дэпутатаў, прагучалі прапановы замяніць іх сельскімі адміністрацыямі, — адзначыў старшыня Савета Рэспублікі Анатоль РУБІНАЎ. — Але кіраўнік дзяржавы добра разумее значнасць мясцовых Саветаў для сельскіх жыхароў і лічыць, што іх прэстыж трэба павышаць. Менавіта яны з'яўляюцца пасярэднікамі паміж уладай і сельскімі жыхарамі. Дэпутаты патрэбны яшчэ і для таго, каб вертыкаль улады не адрывалася ад народа, каб выключыць валакіту і бюракратыю пры вырашэнні надзённых пытанняў.

Анатоль Рубінаў нагадаў, што захады па павышэнні ролі мясцовых Саветаў дэпутатаў, у першую чаргу пярвічнага ўзроўню, распрацоўваюцца па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Гэта асабліва важна, паколькі ў наступным годзе пройдуць выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў. Заканадаўчая база дае дастаткова паўнамоцтваў народным выбраннікам, але рэальных матэрыяльных магчымасцяў для вырашэння вострых пытанняў малавата. У сувязі з гэтым падрыхтаваны папраўкі ў Закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні

, а таксама ў Бюджэтны кодэкс, якія датычацца Саветаў дэпутатаў пярвічнага ўзроўню.

Пагадзілася з Анатолем Рубінавым і старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Святлана ГЕРАСІМОВІЧ. Так, на сённяшні дзень заканадаўчая база для эфектыўнай працы Саветаў пярвічнага, базавага і абласнога ўзроўняў ёсць. Але некаторыя моманты патрабуюць карэкціроўкі.

— Хацелася б, каб бюджэт пярвічнага звяна фарміраваўся самастойна, знізу, з тым, каб сельскія Саветы мелі рэальную прававую базу для большых заробкаў, — выказала сваё пажаданне Святлана Герасімовіч. — У некаторых сельсаветах працуюць камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы, якія аказваюць вяскоўцам платныя паслугі ў вядзенні асабістай падсобнай гаспадаркі, апрацоўцы зямельных участкаў, у рамонтных работах. Мы прапаноўваем, каб падатак на прыбытак ад іх дзейнасці заставаўся ў бюджэце сельсаветаў.

Дадам, што зараз ён паступае ў раённы бюджэт. Сродкі могуць быць выкарыстаны на добраўпарадкаванне населеных пунктаў, наладжванне дарог, на дапамогу дзіцячым садам і школам. Можа, гэта і невялікія грошы. Але ў гэтым выпадку з'явіцца стымул, зацікаўленасць, каб самім зарабляць больш, самім распараджацца гэтымі грашыма, лічыць Святлана Міхайлаўна.

Па-другое, увага была засяроджана і на прыцягненні спонсарскай дапамогі, на магчымасці выкарыстання мясцовымі Саветамі сродкаў, што атрыманы ад продажу зямельных участкаў на аўкцыёнах. Гэтыя крыніцы стануць добрым падмуркам у рашэнні надзённых пытанняў жыццядзейнасці канкрэтных тэрыторый.

Па-трэцяе, удзельнікі пасяджэння выказалі прапанову прадастаўляць дэпутатам адзін дзень у месяц з захаваннем зарплаты для таго, каб яны маглі больш працаваць з людзьмі, ішлі, так бы мовіць «у народ», наведвалі сем'і. Ну а прадпрыемствы, што знаходзяцца на тэрыторыі сельскіх Саветаў, могуць больш актыўна дапамагаць у вырашэнні гаспадарчых пытанняў, добраўпарадкаванні населеных пунктаў, агароджванні могілак і гэтак далей. Ідэі, прапановы, выказаныя на пасяджэнні Савета, будуць накіраваны ў адпаведныя органы для прыняцця магчымых карэкціровак.

Меркаванні ўдзельнікаў:

Ірына БАС, старшыня Акцябрскага сельскага Савета дэпутатаў Салігорскага раёна:
— Дэпутат — гэта не вызваленая пасада. Яны занятыя на асноўнай працы. І часам вельмі складана сумяшчаць дэпутацкія і працоўныя абавязкі. Таму вельмі добра, калі б знайшлі для іх магчымасць мець дадатковы дзень раз на месяц для сустрэч з насельніцтвам. Гэта стала б рэальным захадам для павышэння ролі і статусу дэпутата.

Іван САКАЛОЎСКІ, старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў:
— Сёння дэпутата мясцовага Савета можна звольніць з працы толькі з дазволу Савета дэпутатаў. Але ў законе не агавораны моманты аб падаўжэнні (ці не) з дэпутатам кантракта на асноўнай рабоце. Лічу, гэты аспект варта замацаваць на заканадаўчым узроўні. Акрамя таго, калі ў адміністрацыйнай акрузе пражывае не менш за 7,7 тыс. чалавек, старшыні сельвыканкама дазваляецца мець намесніка. Але такія тэрыторыі хутчэй выключэнне. Вёска старэе. Змяншаецца колькасць жыхароў. На мой погляд, нядрэнна перагледзець гэтыя лічбы ў бок памяншэння і за аснову браць 4-4,5 тыс. насельніцтва.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.