Вы тут

А за арэшкі адказалі!..


75-гадовая пенсіянерка, інвалід другой групы з Віцебска, паспрабавала на смак любімыя арэшкі, засталася незадаволенай, пасля чаго звярнулася ў суд — і выйграла!

Бабуля — інвалід другой групы. З кватэры не выходзіць. Прадукты, медыкаменты і гэтак далей ёй прыносіць сацыяльны работнік.
— Мне захацелася арахісавых арэшкаў. Я іх вельмі люблю. Сацыяльны работнік Ірына ў той дзень па маёй просьбе прынесла мне смажаны арахіс у шкарлупіне, які купіла на вагу. Адкрыла я цэлафанавы пакет з арахісам, шчоўкнула адну шкарлупіну і адразу адчула, што арэшак нясмачны. І другі — таксама, — распавядае Людміла Пятроўна. Яна папрасіла не называць сваё прозвішча. Маўляў, каму трэба, ведаюць.

1379453953254_18-17

Па словах пенсіянеркі, яна патэлефанавала ў краму і паскардзілася на дрэнную якасць арэшкаў. На тым канцы проваду параілі папрасіць сацыяльнага работніка прыйсці ў краму, каб абмяняць арэшкі. Але прынцыповая бабуля катэгарычна адмовілася: «Я сказала, што сацработнік працуе на мяне, а не на іх. Чаму яна павінна чужыя агрэхі выпраўляць? Тым больш што за дадатковы візіт я плачу 6 з паловай тысяч рублёў...»
Бліжэй да вечара незнаёмы хлопец прынёс ёй два пакеты арэхаў — па 150 грамаў кожны, і ўжо не вагавых, а ў фабрычнай упакоўцы.
— Узяла арэшкі і кажу, што тут толькі 300 грамаў, а сацыяльны работнік мне прыносіла пакет з 452 грамамі. Ён нічога не адказаў і пайшоў. Думаю, 300 грамаў дык 300 — усё роўна гэтыя новыя арэхі смачныя. А назаўтра раніцай толькі прачнулася, а мне ў дамафон хтосьці звоніць. Хто? З крамы!
Аказалася, той жа хлопец зноў прыйшоў і прынёс бабулі яшчэ адзін пакецік з арэхамі. Такім чынам, з незадаволенай пакупніцай фактычна разлічыліся. Пенсіянерка вырашыла, што верне нясмачныя арэшкі, але на ўсялякі выпадак пакіне трохі сабе — у якасці доказу.
А праз два дні — тэлефонны званок з крамы: «Людміла Пятроўна, можна, мы з індывідуальным прадпрымальнікам, у якога магазін набыў арэхі, якія вам не спадабаліся, прыйдзем?»
Людміла Пятроўна падумала, што, напэўна, прыйдуць прасіць прабачэння. Тым больш што ў яе засталіся рэчавыя доказы.
Маладая супрацоўніца крамы паводзіла сябе спачатку прыязна, а затым — вельмі агрэсіўна.
— Яна мне кажа: пакажыце гэтыя арэшкі! Я працягваю пакет з невялікай колькасцю арэшкаў, чэк унутры. Дзяўчына дастае з пакета дзве шкарлупіны. Разламала адну і ўбачыла, што на самой справе арэшак вельмі дробны. Забрала гэты пакецік і не аддае мне. Я папрасіла, каб мне вярнулі пакецік — а яна схавала яго за спіну. Я гэтыя прыёмы ведаю. Зайшла ёй за спіну і адабрала гэты пакецік. І тут яна як раззлуецца на мяне! — у дэталях распавядае бабуля.
Як ужо затым было высветлена падчас пасяджэнняў суда, якія, што цікава, адбыліся дома ў бабулі (такое магчыма, калі заяўнік не выходзіць з дому па стане здароўя. — Аўт.), прадстаўнік крамы паводзіла сябе некарэктна.
Вось невялікая цытата з рашэння суда Кастрычніцкага раёна г. Віцебска: «Пасля іх візіту ў яе (ісціцы) здарыўся сардэчны прыступ. Просіць спагнаць з адказчыка кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 10 мільёнаў рублёў».
Адказчыкам на судзе было вядомае ў абласным цэнтры гандлёвае адкрытае акцыянернае таварыства «Веста», якому належыць сетка магазінаў.
На вялікі для бабулі жаль, суд вырашыў спагнаць на яе карысць толькі 70 тысяч рублёў. Затое з ААТ спагнана дзяржаўная пошліна — 300 тысяч рублёў.
Дарэчы, пенсіянерка з актыўнай жыццёвай пазіцыяй мае вялікі вопыт у вырашэнні розных праблем. І суседзі, і знаёмыя часта тэлефануюць Людміле Пятроўне, каб пракансультавацца, што рабіць у пэўных жыццёвых сітуацыях.
Людміла Пятроўна параіла і нашым чытачам смела адстойваць свае правы.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.


Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.