Вы тут

Бізнес, палітыка і махлярства: расійскія эксперты аб справе «Уралкалія»


Заява аб фінансавай неплацежаздольнасці кампаніі «Уралкалій», зробленая Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, выклікала бурную рэакцыю як на рынках, так і ў інфармацыйнай прасторы. Акцыі расійскага манапаліста абваліліся, а бізнес-аналітыкі сталі казаць пра будучую змену ўласніка «Уралкалія» як пра вырашаную справу. Для кампетэнтнага і аб'ектыўнага асвятлення падзей мы звярнуліся да расійскіх экспертаў з пытаннямі пра розныя аспекты гэтай сітуацыі.

Кірыл Коктыш, палітолаг: Бізнес на стратах скончыўся

1379751426590_1

— Тая інфармацыя, якую агучыў Аляксандр Лукашэнка, цалкам можа адпавядаць рэальнасці. Таму што добра вядома, што для куплі бізнесу ў Рыбалоўлева Керымаў браў крэдыты ў аб'ёме прыкладна 10 мільярдаў долараў, што прыблізна адпавядае той лічбе, якую агучвае Прэзідэнт Беларусі. І вельмі падобна на тое, што за тры гады, якія прайшлі з часу, калі быў узяты крэдыт, нічога не было зроблена ў плане эканомікі прадпрыемства. Гэта значыць, «мядзведжая» гульня, гульня на паніжэнне курсу акцый — гэта не толькі спосаб зарабіць для топ-менеджменту. Дарэчы, у расійскіх СМІ называліся сумы значна большыя за тыя, што назваў Лукашэнка: гаворка ішла пра заробак кіраўнікоў «Уралкалія» ў аб'ёме каля 2 мільярдаў долараў. У гэтым плане «мядзведжая гульня» — гэта спосаб і зарабіць, і вырашыць свае фінансавыя праблемы, і панізіць кошт кампаніі з тым, каб потым было лягчэй разбірацца з абавязкамі, іх рэструктурызацыяй і гэтак далей.

У цэлым жа сёння сітуацыя развіваецца дынамічна і пазітыўна. «Уралкалій» змяняе ўладальнікаў. Таму пачынаецца іншая стратэгія сумесных дзеянняў, у якой новы ўладальнік будзе матываваны зарабляць на прыбытку, а не на стратах. І гэта будзе добрым сігналам для таго, каб аднавіліся кошт калію і кошт кампаніі. Гэта значыць, эканамічныя пытанні якраз вырашаюцца досыць лёгка. І можна сказаць, што Беларусь атрымае вырашэнне канфлікту на яе ўмовах. І ў дадзеным выпадку гэта будзе цалкам справядліва.

Іншае пытанне, што гэтая сітуацыя, калі бізнес спрабуе зарабляць на стратах, выявіла праблему, якая павінна быць вырашана на ўзроўні Мытнага саюза. І гэта — пытанне наступнага этапу развіцця інтэграцыі, на які прыйдзецца адказваць у тым ліку і Беларусі — як краіне, якая яго ўзняла.

Серафім Мяленцьеў, дырэктар аналітычнага агенцтва «Праектная аналітыка»: «Калійная справа» і барацьба ў расійскім істэблішменце

1379751428566_2

У кантэксце расійскай палітыкі падзеі вакол «Уралкалія» цалкам упісваюцца ў чуткі пра магчымую адстаўку прэм'ер-міністра Д.Мядзведзева, да асяродку якога былі традыцыйна блізкія С.Керымаў і шэраг іншых дагестанскіх бізнесменаў. Нагадаю, нядаўна прайшоў арышт цяпер ужо былога мэра Махачкалы, а літаральна ўчора заведзена справа на намесніка міністра адукацыі Дагестана.

Менавіта таму вакол «Уралкалія» пачалася вострая барацьба, у якой, як сцвярджаюць СМІ, актыўны ўдзел бярэ Ігар Сечын.

Пасля таго, як Беларусь абвясціла ў міжнародны вышук С.Керымава і пачала пагражаць арыштам актываў кампаніі, упершыню ў канфлікт умяшаўся Уладзімір Пуцін. Важна, што прэзідэнт не стаў абараняць алігархаў, а проста заклікаў да завяршэння канфлікту. На наступны дзень, па чутках, Сулейман Керымаў прадаў свой пакет акцый «Уралкалія» нейкаму піцерскаму банкіру (часцей за ўсё ў СМІ называюць У.Когана). Але пры гэтым у экспертнай і фінансавай супольнасці працягваюцца размовы аб тым, што канчатковым бенефіцыярам здзелкі з'яўляецца Ігар Сечын — сам альбо праз Юрыя Кавальчука, іншага набліжанага да У.Пуціна бізнесмена. Называліся таксама прозвішчы У.Еўтушэнкава, М.Гуцэрыева і іншыя.

Пры гэтым сам «Уралкалій» працягвае аспрэчваць любую інфармацыю аб змене ўласніка. Аднак уяўляецца, што Сулейману Керымаву будзе вельмі цяжка захаваць кантроль над актывам, у якога цяпер, да таго ж, з'явіліся фінансавыя праблемы. Заява Аляксандра Лукашэнкі аб стратнасці кампаніі гэтыя праблемы моцна пагоршыла. Таму, верагодна, змена ўласніка ўсё ж такі адбудзецца. І чым хутчэй гэта здарыцца, чым хутчэй адновіцца супрацоўніцтва «Уралкалія» з беларускімі калегамі, тым лепш для абедзвюх нашых краін.

Віктар Ядуха, рэдактар раздзела «Вакол Расіі» інфармагенцтва «Росбалт»: Дзе ж пазіцыя Расіі?

1379751430243_3

З аднаго боку, відавочна, што беларусаў паспрабавалі падмануць — магчыма, з мэтай недружалюбнага паглынання. З іншага боку, наступствы канфлікту нанеслі шкоду не толькі Беларусі, але і ўцягнутай у канфлікт расійскай групоўцы бізнес-бюракратаў. Я не выключаю, што кіраўніцтва Беларусі, хацела яно таго ці не, апынулася ўцягнутым у перманентны канфлікт паміж крамлёўскімі групамі ўплыву.

Аналагічна (мяркуючы па расійскай інфармпрасторы) мы не можам казаць, чыя пазіцыя мацней — Беларусі або Расіі. Не таму, што перашкаджае нешта, а таму, што пазіцыя расійскага боку наогул не сфармулявана. З беларускага боку — дзяржава , а з расійскага — шматгалоссе. Вось вы пытаецеся — чыя пазіцыя мацней? А вы можаце сфармуляваць пазіцыю расійскага боку? І сказаць наогул, хто ў гэтай сітуацыі з'яўляецца ўмоўным «расійскім бокам»? Пуцін? Дварковіч з Валошыным? Ці, напрыклад, Сечын?..

Гэта ўвогуле глабальная праблема партнёраў Расіі — зразумець, з кім менавіта ў яе асобе яны маюць справу.

Юрый Салазобаў, дырэктар па міжнародных праектах Інстытута нацыянальнай стратэгіі: «Калійная справа» і высновы для еўразійскай інтэграцыі

1379751431552_4

Тое, з чым мы маем справу сёння, гэта не проста «калійны канфлікт». У хіміі ёсць паняцце «едкі калій» — тое, што раз'ядае. І гэта прыдатны вобраз у гэтым выпадку. Таму што такі канфлікт падрывае прэстыж, шмат у чым дыскрэдытуе нашу еўразійскую інтэграцыю.

Сітуацыя пакуль яшчэ далёкая ад свайго завяршэння. Мы бачым, што першыя асобы ў Расіі не спяшаюцца са сваімі вердыктам. Вельмі характэрна, што памочнік прэзідэнта Пуціна, вельмі дасведчаны дыпламат Ушакоў заявіў, што гэта ўсяго толькі канфлікт гаспадарчых суб'ектаў, але не палітычны канфлікт, які ніяк не закранае саюзніцкія інтарэсы Беларусі і Расіі. Аднак палітычныя выдаткі гэтага канфлікту ўжо ў наяўнасці.

Ідэолаг еўразійскай інтэграцыі Нурсултан Назарбаеў неаднаразова прапаноўваў стварыць Гандлёва-прамысловую палату з трох еўразійскіх дзяржаў для таго, каб прамыслоўцы, улады, эксперты ўсіх трох краін маглі на адкрытай пляцоўцы фарміраваць тэхнічныя рэгламенты, сумесныя прадпрыемствы і агульныя правілы вядзення гульні ў бізнесе. Такога, на жаль, не адбылося. Цяперашні канфлікт паказвае, што падобная пляцоўка востра неабходная будучаму Еўразійскаму эканамічнаму саюзу.
Што тычыцца беларуска-расійскіх адносін, то ў калійным пытанні нам варта вярнуцца да ранейшай схемы. Пастаўка калійных угнаенняў з'яўляецца адным са стратэгічных бізнесаў для эканомікі Беларусі. Падрываць эканоміку цэлай краіны, а гэта менавіта так успрымае атачэнне Лукашэнкі, ніхто не дасць.

Юрый ЦАРЫК, палітычны аналітык, кіраўнік Беларускай групы развіцця

 

Этот материал на русском языке.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.