Вы тут

Паштальён і аператар — прафесіі прэстыжныя!


Днямі на базе адпачынку «Дружба» адбыўся чарговы (ужо 17-ы) рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства сярод паштальёнаў па дастаўцы паштовых адпраўленняў, друкаваных СМІ і аператараў сувязі. Як і варта было чакаць, з'ехаліся на яго лепшыя з лепшых — гэта значыць, пераможцы аналагічных раёных і абласных конкурсаў, каб абмяняцца досведам, каб паказаць сябе. Менавіта гэтага патрабавала, прынамсі, хатняе заданне.

1379972143999_1

Першая частка яго — «Мы — твар кампаніі» — дэманстравалася адразу пасля прывітальных слоў старшыні прафсаюза работнікаў сувязі Ніны Гаўрылавай і генеральнага дырэктара РУП «Беппошта» Ірыны САКСОНАВАЙ.
— Нельга нават параўнаць узровень патрабаванняў, якія прад'яўляліся раней да паштальёнаў і аператараў, з тымі, што прад'яўляюцца цяпер. Калі 10 гадоў таму мы ладзілі конкурс прафесійнага майстэрства, то для гэтага ці не машынамі завозілі рэквізіт — фанерныя скрынкі для ўпакоўкі пасылак, сургуч, шпагат... Ды што там — раней для гарадскіх і сельскіх аператараў сувязі нават конкурсы былі асобныя, — падкрэсліла Ірына Ігнатаўна. — Сёння і ўзровень ведаў, і патрабаванні, і пералік паслуг ужо аднолькавыя. І ўсе яны звязаны з найноўшымі тэхналогіямі і аўтаматызацыяй працэсаў, з выкарыстаннем камп'ютараў.
Што, у прыватнасці, і дэманстравалі каманды, выконваючы другую частку хатняга задання «Мая прафесія — прэстыжная!».

1379972146985_2

Каб даказаць гэта, каманды чаго толькі не прыдумалі: зладзілі ці не сапраўднае шоу «Шукаю цябе», набіралі каманду на «Паштовы каўчэг», малявалі на пяску, чыталі цэлыя паэмы, спявалі куплеты, цытавалі класікаў... Іншымі словамі — агітавалі за сваю прафесію ўсімі магчымымі сродкамі! Прычым рабілі гэта настолькі прыгожа і шчыра, што прысутным было цяжка ўстрымацца ад слёз.
З чаго вынікала, здаецца, агульнавядомае. Ну па-першае, з прафесіяй і паштальёна, і аператара сувязі заўсёды і ўсюды знойдзеш працу, знойдзеш заробак і так званую сацыяльную абароненасць, атрымаеш пастаянную магчымасць для прафесійнага росту і пашырэння кругагляду... Немалаважна і тое, што цябе будуць пазнаваць на вуліцах і чакаць у кватэрах, як самых блізкіх сяброў.
Ацэньвала журы і адмысловыя выступленні на тэму беражлівасці, падчас якіх каманды заклікалі захоўваць не толькі звычайнае (электраэнергію, ваду, паперу...), але і час сваіх кліентаў, і іх нервовыя клеткі, і — што было досыць нечаканым — нават кнігу скаргаў, бо калі туды нічога не пісаць, яна... паслужыць даўжэй.

Зрэшты, вось гэта — дэманстрацыя выдумкі, знаходлівасці, артыстычнасці і безлічы іншых талентаў — патрабавалася пераважна ў самым пачатку конкурсу. На другі дзень пачалася праверка ведаў і практычных навыкаў.
— Не магу сказаць, што пытанні былі складаныя, бо ўсё яны датычыліся таго, з чым сутыкаешся кожны дзень, — прызнавалася потым паштальён АПС № 2 Барысаўскага РВПС Таццяна Альшаннікова

. — Але ж у экзаменатараў часам было жаданне трошкі заблытаць, збіць з панталыку. Я на гэта старалася не паддавацца.
І мела ж рацыю! Бо менавіта яна, Таццяна, стала лепшай, першай сярод паштальёнаў! Яна ж набрала максімальную колькасць балаў як у веданні тэорыі, так і ў дэманстрацыі практычных навыкаў, чым заслужыла ганаровыя званні «Лепшы знаўца паштовай справы» і «Лепшы майстар паштовай справы».І ўсё гэта — пасля... двух гадоў працы па прафесіі!
— Да гэтага я, можна сказаць, шукала сябе, — расказвала пераможца. — Працавала прадавачкай у крамах і на рынку, была кур'ерам... Усё нешта не тое было. А тут, на пошце, мне вельмі спадабалася! У нас цудоўны калектыў, цудоўная начальнік аддзялення сувязі. Да таго ж тут большая зарплата... Але яе яшчэ трэба зарабіць. Шмат залежыць ад падпіскі, бо паштальён, што б там ні казалі, усё ж можа зацікавіць тым ці іншым выданнем. Мне бывае крыўдна, калі ў нейкую сям'ю не прыходзіць нічога. Гэтак жа і чытаць можна развучыцца! Таму я, бывае, афармляю падпіску ў падарунак — за свае грошы. А там, глядзіш, людзі за месяц прывыклі нешта атрымліваць і ўжо выпісваюць самі, прычым не адно выданне, а некалькі... Каб нешта ўзышло, трэба сеяць!
У гэтым выпадку паміж паштальёнам і яе кліентамі «ўзышла», так бы мовіць, самая шчырая сімпатыя, бо апошнія падчас конкурсу вельмі перажывалі за Таццяну, тэлефанавалі ёй. І як жа рады былі перамозе! Не кажучы ўжо пра саму жанчыну, якая проста не магла трымаць у руках усе граматы, кветкі, прызы і дыпломы!..

1379972149695_3

Другое месца журы прысудзіла паштальёну аддзялення паштовай сувязі (АПС) «Абяроўшчына» Камянецкага РВПС Наталлі Сукач, трэцяе — Святлане Кісель з АПС № 3 Слуцкага РВПС.
Сярод аператараў першынство заваявала Людміла Шум (АПС «Краснасельскі» Ваўкавыскага РВПС), другое — Наталля Рудзяк (АПС № 16 цэха паштовай сувязі Брэсцкага філіяла) і трэцяе — Катажына Прыймак (Смаргонскі РВПС). Усім пераможцам былі ўручаны адпаведныя дыпломы і падарункавыя сертыфікаты на суму ад 4 (за першае месца) да 3 мільёнаў рублёў.
Дыплом і кубак пераможцы ў напружанай каманднай барацьбе заваявала каманда Гродзенскага філіял, на другім месцы — Брэсцкі філіял, на трэцім — Гомельскі.
Як заўсёды, адзначыла журы і найлепшае хатняе заданне (першае месца ў каманды Гомельскага філіяла), і найцікавейшы дызайн фірмовага адзення (першынство ў Віцебскага філіяла), і найлепшае веданне тэхнікі бяспекі, і вернасць прафесіі, і самы яркі прафесійны дэбют, і смеласць ды знаходлівасць... Нават усмешку, індывідуальнасць!
А яшчэ была безліч кветак і розных падарункаў — ад аб'яднанай арганізацыі прафсаюза і, вядома ж, ад рэдакцый газет. Нашы, звяздоўскія, сувеніры ўручаны паштальёнам Вользе Міронавай з АПС Балотня Рагачоўскага РВПС, Людміле Лысені з АПС Новадзявяткавічы Слонімскага РВПС і ўсё той жа Таццяне Альшаннікавай з АПС-2 г. Барысава, бо, як высветлілася, менавіта яны носяць падпісчыкам максімальную колькасць экземпляраў «Звязды».
А яшчэ ўсіх удзельнікаў конкурсу мы прасілі ва ўсе куточкі краіны развезці нашы календары — у тым ліку і на новы 2014 год. З надзеяй, што і надалей будзем з чытачамі — дзякуючы аператарам паштовай сувязі і паштальёнам, якія аформяць падпіску і потым пяць разоў на тыдзень будуць прыносіць свежыя нумары адзінай штодзённай беларускамоўнай газеты.

Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.