Вы тут

Tах-Frее адкладаецца да зімы...


Сістэма па вяртанні падатку на дабаўленую вартасць павінна была запрацаваць у краіне з 1 студзеня 2013 года. А ў пачатку верасня Міністэрства гандлю заявіла, што з восені тры асноўныя гандлёвыя пункты сталіцы — ГУМ, ЦУМ і гандлёвы дом «На Нямізе» — павінны далучыцца да Tах-Frее. Як працуюць беларускія крамы па праграме кампаніі Glоbаl Bluе, вызначыла карэспандэнт «Звязды».

Што такое Tах-Frее?

Сістэма Tах-Frее (англ. «без збораў») даступна амаль у 40 краінах свету. Яна ўяўляе сабой магчымасць вярнуць ПДВ, які ўваходзіць у кошт тавару, набытага за мяжой.
Каб аформіць чэк Tах-Frее, неабходна атаварыцца ў адной краме на канкрэтную мінімальную суму. На касе разам з пакупкай вы прад'яўляеце пашпарт. Яго звесткі разам з касавым чэкам ідуць у ваш чэк Tах-Frее.
Розныя краіны вызначаюць свае мінімальныя сумы тавару, якія дазваляюць аформіць чэк Tах-Frее. Так, у Літве вы павінны пакінуць на касе ад 200 літаў (каля 700 000 руб.), у Польшчы — 200 злотых (каля 600 000 руб.), у Германіі — 25 еўра (300 000 руб.), у Чэхіі — 2001 чэшскую крону (каля 900 000 руб.).
Пры выездзе з краіны патрэбна прад'явіць чэк Tах-Frее і пакупкі супрацоўніку мытні. Ён паставіць на ім адзнаку, якая пацвярджае вываз тавару. Каб вярнуць ПДВ, замежнік можа звярнуцца з гэтым чэкам да аператара на мытні ці ў банк сваёй краіны, які выконвае паслугу па вяртанні Tах-Frее. Колькасць грошай, якую вам павінны вярнуць, залежыць ад сумы чэка. Яна вагаецца ад 7 да 20 працэнтаў ад усёй сумы.
Сістэма Tах-Frее выгадная для эканомікі тым, што таваразварот расце за кошт замежных пакупнікоў. Яна таксама прызначана павялічваць паток турыстаў (для беларусаў не навіна шоп-туры ў Польшчу, Літву). Для Беларусі гэта асабліва актуальна перад чэмпіянатам свету па хакеі 2014 года.
Як было сказана вышэй, Беларусь далучылася да Tах-Frее з 1 студзеня 2013 года. Умовы для замежных пакупнікоў наступныя. Мінімальны кошт пакупак складае 800 тысяч рублёў. Тавар трэба набыць у адной краме. Падатак не вяртаецца, калі тавар у Беларусі вызвалены ад ПДВ, да яго прымяняецца паніжаная стаўка (дзіцячыя тавары і прадукты харчавання) ці гэта падакцызны тавар (алкаголь, цыгарэты).

За мяжой

Еўрапейскія крамы ўжо даўно практыкуюць Tах-Frее. Магчымасць вярнуць частку грошай робіць замежны шопінг яшчэ больш прывабным. Tах-Frее можна аформіць нават на прадукты харчавання (акрамя алкаголю і цыгарэт)!
Возьмем крамы Вільнюса.

У які з аддзелаў буйнога гандлёвага цэнтра не зойдзеш, убачыш ці блакітную налепку «Tах-Frее» на дзвярах, ці такую ж брашуру каля касы.
У чарзе заўважыш не аднаго кліента з расійскім ці беларускім пашпартам. Пры разліку яны смела просяць аформіць ім Tах-Frее. Відаць, што карыстаюцца гэтай паслугай не ўпершыню. А добразычлівыя прадаўцы заўсёды растлумачаць, што да чаго, калі іншаземец да гэтага ніколі не афармляў Tах-Frее.

У Мінску

Нагадаю, што ўвядзенне сістэмы Tах-Frее ў Беларусі арганізавана да чэмпіянату свету па хакеі, што адбудзецца ў 2014 годзе. Афіцыйна ў сталіцы тры крамы (ГУМ, ЦУМ і гандлёвы дом «На Нямізе») забяспечваюць паслугу Tах-Frее. Я вырашыла праверыць, ці здатныя там дапамагчы замежнаму пакупніку.
Адразу заходжу «На Нямігу». Першае, што кідаецца ў вочы — адсутнасць налепак, брашур «Tах-Frее». Пытаюся ў жаночым аддзеле, як я магу скарыстацца гэтай паслугай. Прадаўшчыца адразу пачынае расказваць, што ў іх на касавым чэку ставіцца штамп і ўказваецца велічыня ПДВ. «А забраць грошы вы зможаце ў банку, аэрапорце, на мытні пры выездзе з краіны», — тлумачыць мне жанчына.
Наступны прыпынак — ЦУМ. Там мне нічым не дапамаглі. Прадавец з ювелірнага аддзела сказала, што ў краме нельга аформіць Tах-Frее.
Засталося прайсці праз праверку журналіста толькі ГУМу. Звяртаюся да дзяўчыны за касай аддзела тэхнікі:
— Скажыце, як я магу аформіць у вас Tах-Frее?
— Што? Таксі? Вам туды...
— Не, не таксі, а Tах-Frее.
— А што гэта?

Тлумачу.

— Схадзіце ў цэнтр інфармацыі. Калі мы аказваем такую паслугу, то, хутчэй за ўсё, там ведаюць.
У акне даведкі мне адмоўна махаюць галавой і кажуць, што сістэма Tах-Frее ў іх краме не дзейнічае. Я пытаюся, чаму. «Гэтае пытанне не да нас, — кажуць мне. — А да каго? — Не ведаю. Мне вядома толькі, што сістэма ў распрацоўцы».
Тэлефаную у Белмытсэрвіс, афіцыйны аператар Tах-Frее ў Беларусі. «Сістэма запрацуе з 1 кастрычніка. Але мы не кантактуем з прэсай па гэтым пытанні. Звярніцеся ў Мінгандаль», — раяць мне.
У Міністэрстве гандлю на маё пытанне аб тым, калі запрацуе сістэма па вяртанні ПДВ замежнікам, адказалі, што са снежня. Вырашэнне тэхнічных пытанняў замінае таму, каб прывесці Tах-Frее ў дзеянне. Трэба замяняць касавыя апараты, наладжваць усю сістэму, каб турысты маглі вяртаць свае грошы. У міністэрстве чакаюць замежных партнёраў, якія змогуць падзяліцца сваім вопытам.
Як бачым, сістэма Tах-Frее ў Беларусі пакуль не вельмі актыўная. У некаторых буйных крамах нават не ведаюць, што гэта такое. І калі яна будзе дакладна дапрацавана, таксама невядома. Спадзяюся, да таго часу, калі краіну чакае прыток турыстаў, паспеюць.

Вераніка ЦВІРКО.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.