Вы тут

Як Траян стаў вірусам... або Чаго толькі не пачуеш ад студэнтаў


Напэўна, у кожнага аматара такога жанру фальклору, як анекдот, знойдзецца і колькі гісторый пра студэнтаў і выкладчыкаў. Універсітэцкае жыццё заўжды было і застаецца «ўрадлівай глебай» для жартаў і смешных гісторый. Выкладчык Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і Інстытута журналістыкі БДУ, пісьменнік, літаратуразнаўца і крытык Пятро ВАСЮЧЭНКА — адзін з тых людзей, што захоўваюць недарэчныя выказванні айчынных «пакутнікаў навукі».

— Спадар Пятро, раскажыце, як даўно вы пачалі збіраць студэнцкія памылкі?
— Гэтыя памылкі, альбо, як я іх называю, «залепы», я пачаў запісваць гадоў 10—12 таму. Дарэчы, першынство ў гэтай справе належыць выкладчыку БДУ, знакамітаму навукоўцу Любові Тарасюк. Студэнцкім памылкам яна дала сваю назву — філанізмы (бо лічыла, што такія памылкі здараюцца выключна з за ляноты) і публікавала іх у газеце «Літаратура і Мастацтва». Многія мае калегі сёння таксама запісваюць «залепы» на сваіх занятках. Я, у сваю чаргу, перыядычна публікую сабраны матэрыял у часопісе «Маладосць» пад рубрыкай «Клуб студэнцкага гумару».
Акрамя таго, апошні свой лекцыйны занятак я традыцыйна праводжу ў форме «Урока антылітаратуры». Я прашу студэнтаў закрыць свае канспекты і проста паслухаць, каб не паўтараць чужыя памылкі. Звяртаю ўвагу і на тое, што я — не аўтар, а толькі рэтранслятар. Аўтарамі становяцца самі навучэнцы, яны генерыруюць «залепы» на заліках, экзаменах і гэтак далей. Звычайна згаданыя хвіліны праходзяць вельмі весела, аднак студэнты ўсё адно працягваюць папаўняць маю калекцыю ўсё новымі і новымі «экспанатамі».

— А ў чым сэнс усёй гэтай працы?
— Як ужо было сказана, я не ствараю памылкі. Мая задача — сабраць, класіфікаваць і, безумоўна, асэнсаваць. Вось менавіта ў асэнсаванні я і зрабіў свой крок наперад, бо палічыў, што агаворкі, як казаў Фрэйд, з'яўляюцца па нейкай прычыне. Адной з такіх прычын я лічу рэпрадуктыўнае, гэта значыць, нетворчае засваенне ведаў студэнтамі. Што пачуў — тое і адказаў. Атрымліваецца гульня ў «сапсаваны тэлефон». Сваю ролю тут адыгрываюць чужыя альбо дрэнныя канспекты («Мікола Гусоўскі напісаў сваю паэму «Песня пра зубра» для Папы Рымскага Льва «ікс»), банальная няўважлівасць, калі студэнт назірае, як за акном кот падбіраецца да шпака, і яму, студэнту, не да маёй лекцыі. Хаця прычыны бываюць і глыбейшыя, псіхалагічныя. Да такіх памылак я адношу мадэрнізацыю. Калі на сітуацыю, напрыклад, пачатку дваццатага стагоддзя накладаюцца сучасныя рэаліі («Мясцовыя хлопцы папярэдзілі Лявона Задуму, што разбяруцца з ім на адной з бліжэйшых дыскатэк»).
Таксама адной з прычын я лічу шаблоннае, стэрэатыпнае засваенне ведаў. Калі студэнт кажа, што «Янка Купала напісаў «Новую зямлю», а Якуб Колас — «Бандароўну», гэта значыць, што ў школе гэтых аўтараў ён успрымаў як амаль аднолькавых, як братоў-блізнят. Так яго навучылі настаўнікі. А трэба было паказваць не толькі падабенствы, але і адрозненні паміж гэтымі пісьменнікамі. Тым больш што адрозненняў паміж імі вельмі многа.

1380144857609_26-23

Існуюць таксама і ўласна філанізмы. Калі студэнт кажа пра тое, чаго ніколі не чуў, спрабуючы выкруціцца са складанай сітуацыі: «Васіль Цяпінскі — гэта быў чалавек, у нечым падобны да Міколы Гусоўскага». Мае месца абытаўленне літаратурных рэалій: «Кірыла Тураўскі напісаў малітваў трыццаць штук» і г.д. Вялікі ўплыў аказвае масавая культура: мыльныя оперы, серыялы. Да прыкладаў можна аднесці выказванне пра тое, што «Рагнеда не захацела пайсці замуж за нейкага там князя і ў знак пратэсту саскочыла са сцяны крэпасці».

— Вы выкладаеце беларускую літаратуру ў МДЛУ і на журфаку БДУ. Якія студэнты памыляюцца больш?
— Я пачаў бы з таго, што памылкі ў адказах — гэта нават не заўжды дрэнна. Часам студэнты могуць здзівіць не толькі сваёй памылкай, але і нечаканай празарлівасцю. Напрыклад, вельмі часта яны арыгінальна адказваюць на такія пытанні, над якімі я сам не задумваўся. Прывяду такі прыклад: аднойчы я задаў студэнтам сваё традыцыйнае пытанне паводле паэмы «Магіла льва» Янкі Купалы: «Чаму народ, памятаючы крывавыя «подзвігі» Машэкі, усё ж узводзіць у яго гонар такі вялікі вал, быццам бы няма іншых людзей, якія заслужылі такой памяці?» І адзін студэнт сказаў: «Гэта людзі зрабілі для таго, каб ён ніколі не падняўся».
А што датычыць канкрэтна пытання, то я не бачу ніякіх адрозненняў у колькасці памылак паміж студэнтамі розных ВНУ. Можна толькі заўважыць, што характар гэтых памылак адрозніваецца.

— Як вы думаеце, кожнае новае пакаленне студэнтаў дазваляе сабе ўсё больш памыляцца?
— Студэнты — аднолькавыя: што раней, што зараз. Справа зноў-такі ў характары. Стала больш камп'ютарных агаворак. Я пытаюся, хто такі Траян (быў такі персанаж у «Слове аб палку Ігаравым»), а студэнт адказвае, што гэта вірус. Вось і ўсе змены.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.

СТУДЭНЦКІЯ АГАВОРКІ: Філанізмы

Адам Міцкевіч нарадзіўся ў 1798 годзе, а памёр... Ну, словам, гэта здарылася напрыканцы яго жыцця.

Я ведаю двух беларускіх пісьменнікаў, адзін з якіх меў псеўданім Дунін, а другі Марцінкевіч. Толькі я не ведаю, хто з іх быў Купала, а хто Колас.

Эфект сапсаванага тэлефона

Паэтычная мянушка Уладзіслава Сыракомлі была «Пернік вясковы» (насам-
рэч мянушка Сыракомлі была «Лірнік вясковы»).

Кандрат Крапіва напісаў бліскучую байку «Дзе ты, баба?» (мелася на ўвазе байка пад назвай «Дзед і Баба»).

Кандрат Крапіва напісаў шмат баек. Адна з іх называецца «Дыпламаваны банан» (знакамітая байка Крапівы называлася «Дыпламаваны баран»).

Агаворкі паводле Фрэйда

Паэмы Янкі Купалы пад назвамі «Яна і ён», «Я і яна», «Ён і яна», «Яна і Ян», «Ян і Яніна», «Яна і Яна» (паэма Купалы мае назву «Яна і я»).
Сучаснікам Скарыны быў еўрапейскі мысліцель Аргазм Ратэрдамскі (насам-
рэч Эразм Ратэрдамскі).
Чаму Ганна пайшла замуж не за Васіля Дзятла, а за Яўхіма? Ну, ён жа яе злавіў у кустах і падраў на ёй сукенку.

Змешванне рэалій

Мікола Гусоўскі напісаў «Песню пра зубра», а Францыск Скарына — музыку да гэтай песні.
«Іван Мележ гаварыў прамову ў сойме, у якой усхваляў караля Жыгімонта» (меўся на ўвазе Іван Мялешка).

Абытаўленне рэалій

Мікола Гусоўскі паглядзеў у Рыме бой быкоў, і тут яму ў галаву прыйшла мысля напісаць «Песню пра зубра».
Уладзіслаў Сыракомля рана страціў каханую і таму пачаў прыкладацца да бутэлькі.
Тарасу багі не спадабаліся, таму што яны вялі распусны лад жыцця. Зеўс ляжаў на пячы, а Амур ціскаў дзевак.
Самсон Самасуй і ягоныя сябры ўсім кагалам сачынілі п'есу, а потым яе паставілі.

Мадэрнізацыя

Францыск Скарына ездзіў у Вітэнберг і там сустракаўся з Марцінам Лютэрам Кінгам.
У ХІХ стагоддзі былі напісаны парадыйныя паэмы. Напрыклад, «Энэіда на выбарах» (замест «Энэіда навыварат»).
Гервасій Выліваха і яго сябры любілі набраць гарэлкі, паехаць на прыроду і зрабіць там шашлыкі.

Наіўная інтэрпрэтацыя

Дзеянне паэмы Я. Купалы «На куццю» адбываецца на замчышчы. Замчышча — гэта аграмадны замак.
Крытыку ўстрывожыў цыкл вершаў Язэпа Пушчы «Лісты да сабакі», таму што ніхто не ведаў, існуе на самой справе сабака ці не.
У творы Янкі Брыля праводзіцца глыбокая думка, што птушак цягне да свайго гнязда, а людзей — да сваіх дамоў. Адсюль можна зрабіць вывад, што людзі — не птушкі.

Мацей разумны. Ён толькі строіць з сябе Бурачка.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.