Вы тут

«Я такі галодны, што люблю ўсё...»


Пра тое, як суседзі дапамагалі аднаму пенсіянеру і даведаліся пра бяду другога

Кожны чалавек, думаю, марыць пра шчаслівую старасць. Але ў жыцці складаецца па-рознаму. Часам, здараецца, ты аказваешся не патрэбным нават родным дзецям. Што яшчэ горш — патрэбным чужым, дакладней, не ты, а твая пенсія. Таму абавязваюцца даглядаць, а самі абіраюць бездапаможных старых да ніткі ды яшчэ і, як у сітуацыі Васіля Васільевіча Калячкі з Мінска, б'юць і абражаюць. Невядома, колькі б гэта ўсё цягнулася, калі б не...

1380579124230_1-31

«Хацелі пераадзець, але нават не знайшлі зменнай бялізны»

Гісторыю Васіля Калячкі, ад якой вочы слупам сталі, мне распавяла Алена Рахманько, якая жыве з ім у адным доме на праспекце Любімага.

«Мы з мужам дапамагаем суседцы рабіць рамонт у кватэры. Надзея Аляксееўна 19 гадоў прапрацавала ў ЖЭСе. У свой час ёй далі службовую кватэру. А цяпер пенсіянерку хочуць выселіць на вуліцу. У бабулі няма сваякоў, таму яна папрасіла нас з Сашам знайсці добрага і недарагога адваката, які б дапамог адстаяць яе інтарэсы. Першы суд яна выграла. І цяпер ЖЭС даў прадпісанне зрабіць у кватэры касметычны рамонт.

Якраз у той дзень, калі пачалі рабіць рамонт, мы і пазнаёміліся са стрыечнай сястрой Васіля Васільевіча. Бо, як аказалася, яго кватэра знаходзіцца ў адным тамбуры з кватэрай Надзеі Аляксееўны. Сястра прыехала наведаць свайго брата, але дзверы ёй ніхто не адчыніў. Яна была сама не свая. Выклікала міліцыю, папрасіла нас з мужам дапамагчы. Каб пранікнуць у кватэру, давялося ўзломваць замок.

Васіля Васільевіча знайшлі аслабленага ад голаду ў мокрым ложку. У сілу нетрымання мачы ён і сам быў увесь мокры. Хацелі яго пераадзець, але не знайшлі ў кватэры ні зменнай нацельнай бялізны, ні пасцельнай. На часопісным століку далёка ад ложка (а Васіль Васільевіч з цяжкасцю перасоўваецца з кіёчкам) стаяў кубак з вадой. Ваду тую, прызнаўся стары, не мянялі 2 сутак. І ў халадзільніку, паводле слоў сястры, было пуста...»

«Знайдзіце ўправу на чалавека, які здзекуецца з майго брата»

Васіль Васільевіч з'яўляецца інвалідам 1 групы і, як высветлілася, знаходзіцца пад апекай унука былой жонкі. «Яна летась памерла, але калі была яшчэ жывая, не дазваляла брату са мной кантактаваць, — распавядае сястра Васіля Калячкі. — Таму калі я выпадкова даведалася, што брат жыве адзін, вырашыла праведаць яго. І, шчыра прызнацца, была ў шоку. Вася сказаў, што апякун не толькі не даглядае яго, дык яшчэ і забірае яго пенсію і прапівае».

«Аляксееўна расказвала, што гэты ўнук неяк пазычыў у яе грошы, дык дагэтуль не аддаў, — падхоплівае Алена Рахманько. — Калі бабуля нагадала яму пра доўг, дык пачула ў адказ насмешлівае: «А хіба я ў цябе іх браў?». Нядаўна той малады чалавек да Аляксееўны прыходзіў, зноў грошы прасіў. Добра, што я ў гэты момант была там, клеіла шпалеры. Выставіла яго з кватэры. Сказала, што калі яшчэ раз прыйдзе, напішу заяву ў міліцыю.

Па расказах суседзяў апякун, калі нападпітку, вельмі буйны. Часам прыводзіць у кватэру Васіля Васільевіча п'яныя кампаніі. Тыя здзекуюцца са старога. Здаецца б, паскардзіўся, але няма каму...»

Сястра Васіля Васільевіча жыве ў іншым канцы Мінска.

Ёй, як і Васілю Васільевічу ўжо за 70, таксама мае інваліднасць. «Яна папрасіла па магчымасці прыглядаць за братам, карміць, — кажа Алена. — Я карміла да пятніцы. Дзверы ж былі адчынены, ніхто не паспеў уставіць замок. Прынесла яму кашу з гуляшом. «Можа быць, вы любіце, ці нешта іншае прыгатаваць?» — пытаюся. І чую ў адказ: «Я такі галодны, што люблю ўсё...». У пятніцу нам ужо не дазволіў зайсці ў кватэру мужчына гадоў 60-ці. Той мужчына пражывае з нейкай маладзіцай у суседнім пакоі з Васілём Васільевічам. Яны таксама любяць выпіць. Са слоў суседзяў, менавіта гэты мужчына аплачвае камунальныя выдаткі. Падобна на тое, што ўнук незаконна здае адзін пакой у двухпакаёвай кватэры ў наём».

Сястра Васіля Калячкі напісала лісты ва ўпраўленне сацыяльнай абароны Маскоўскага раёна, РУУС Маскоўскага раёна, пракуратуру, кіраўніку адміністрацыі раёна. «Спадзяюся, што там пранікнуцца бядой бездапаможнага пенсіянера і дапамогуць пазбавіць яго ад такой нечалавечай апекі. Я хачу, каб пакаралі чалавека, які здзекуецца з майго брата».

***

Горад, як бачым, не вёска, дзе кожны ведае, што адбываецца ў жыцці суседа. Тут, як гэта не сумна, людзі могуць гадамі жыць на адной лесвічнай пляцоўцы і нават не ведаць імя адзін аднаго. Страшна падумаць, колькі б яшчэ давялося ляжаць у мокрым ложку бездапаможнаму пенсіянеру і цярпець незаслужаны здзек, калі б не прыехала сястра...

Надзея ДРЫЛА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.