Вы тут

...Уся ў ранах скразных Беларусь


Атнер Хузангай — вядомая асоба ў культуры, літаратуры Чувашыі. Сын класіка нацыянальнай літаратуры паэта Педэра Хузангая. Кандыдат філалагічных навук. Загадчык аддзела мовазнаўства ў Чувашскім інстытуце гуманітарных навук. Пра ролю нацыянальнай літаратуры ў сусветнай прасторы, беларуска-чувашскія літаратурныя стасункі і ідзе гаворка ў размове з чувашскім сябрам Беларусі.

1380663459217_2-34

— Ці можна сцвярджаць, што паміж беларускай і чувашскай літаратурамі ў ранейшыя гады існавалі трывалыя сувязі?

— Беларуска-чувашскія літаратурныя стасункі маюць сваю гісторыю, хоць яна і не дужа багатая. Ужо ў 30-ыя гады ХХ стагоддзя з'явіліся ў нашым друку пераклады з Якуба Коласа і Янкі Купалы. Пэўны стымул да нараджэння інтарэсу да беларускай літаратуры узнік, калі ў Вялікую Айчынную класік беларускага прыгожага пісьменства Янка Купала некаторы час жыў у Чабаксарах. Паэт сябраваў з народнымі пісьменнікамі Чувашыі Мікалаем Шэлебі і Сямёнам Эльгерам. Таварыскія, асабістыя адносіны якраз і спрыялі пашырэнню перакладчыцкай работы. Дружба Купалы, Шэлебі і Эльгера знайшла адлюстраванне ў вершы Ст. Шаўлы «Тры волаты», ва ўспамінах Эльгера, вершы П. Хузангая і творах іншых чувашскіх пісьменнікаў.

Незаўважанай у Чувашыі не засталася і наступная праява літаратурнага пабрацімства. У 1936 годзе наша рэспубліка шырока святкавала 55-годдзе Мікалая Шэлебі. Урачыстасці насілі усесаюзны, нават міжнародны характар. Шэлебі атрымаў і віншаванні з Беларусі — ад Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Якуб Колас, Янка Купала — з беларускіх аўтараў, каго найболей перакладалі на чувашскую мову. І перакладалі сапраўды выдатныя чувашскія паэты — Н. Шапусіні, А. Арцем'еў, П. Хузангай, Н. Сандраў, Г. Яфімаў, Ст. Шаўлы і інш. Узровень гэтых перакладаў дастаткова высокі. І ўсё ж хацелася б, каб зробленае было прааналізавана і літаратуразнаўцамі. Мала ведаць самі факты, трэба пайсці далей...

— А дзеля гэтага некаму трэба ведаць адразу дзве мовы — беларускую і чувашскую... Ці ёсць сярод чувашскіх літаратараў тыя, хто вызначыўся б асаблівым інтарэсам да беларускай літаратуры?

— Я ўсё ж спярша згадаю некаторыя факты, прыклады. У 1955 годзе ў нас быў надрукаваны зборнік «Беларускія апавяданні». Сярод аўтараў — Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Янка Брыль, Кузьма Чорны і іншыя. 1957 год пазначаны выданнем кнігі Янкі Купалы «Мара». Але большасць перакладаў складаюць невялікія паэтычныя падборкі ці асобныя апавяданні ў часопісах і газетах. Перакладалі ў розныя гады і Максіма Танка, і Рыгора Барадуліна. На чувашскай мове была выдадзена аповесць Васіля Быкава «Абеліск» — у 1986 годзе. Перакладчык — Аляксандр Волкаў. Ды цяпер востра паўсталі праблемы з выданнем нацыянальнай літаратуры ўвогуле, перакладной у асаблівасці. Высокае мастацтва перакладу ў нас цяпер відавочна не ў пашане.

Але мне здаецца, што сапраўднага спасціжэння беларускага мастацкага слова і яго засваення на чувашскай глебе не адбылося. І гэта прытым, што ў нашых нацыянальных літаратурах існуе нямала падабенства, прыстунічаюць моманты ледзьве ці не аднолькавага светаўспрымання рэчаіснасці беларусамі і чувашамі. Праўда, «беларуская тэма» па-свойму ўзнікла ў чувашскіх паэтаў, якія ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на беларускай зямлі. «А в сердце вставала/ И сердце сжигала/ Вся в ранах сквозных Беларусь...»

— Ведаю, што гэтыя радкі належаць Педэру Хузангаю...

— І напісаны яны ў 1943 годзе...

Як мне здаецца, у многім падобныя ў абодвух нашых народаў і культурна-моўныя сітуацыі. Тут мы маем шмат кропак судакранання. У свой час, здаецца, у 1988 годзе, пра трывожны стан нацыянальнай мовы ў Беларусі гаварыў Васіль Быкаў. Гэтае яго выступленне і цяпер перачытваю па кнізе «Весть», выдадзенай маскоўскай «Книжной палатой» у 1989 годзе. Пра будучыню чувашскай мовы, паступовую страту ёй вітальнасці з болем пісалі і чувашскія літаратары. Дарэчы, і сёння чувашская мова знаходзіцца не ў аптымальнай сітуацыі. Яе сацыяльныя функцыі звужаюцца, хаця яна і ўзаконена як другая дзяржаўная мова. Пагроза знікнення вісіць як дамоклаў меч.

Тады ж, напрыканцы 1980-х, у самы пік перабудовы нашы маладыя вельмі зацікавіліся маніфестам і акцыямі вашых «Тутэйшых». Яны былі блізкія нашым пасіянарыям сваім пафасам, шчырасцю, сугуччам духу таго часу («Мы хотим перемен...» — Віктар Цой).

Сёння я не магу асабліва вылучыць чувашскіх літаратараў, якія спецыяльна, мэтанакіравана праяўлялі ці праяўляюць цікавасць да беларускага слова. Апошнія па часе пераклады — з Алеся Разанава, Якуба Коласа, Янкі Купалы — належаць паэту Генадзю Юмарту. Размова пра публікацыі 1989, 1996 гадоў.

— У 1988 годзе ў Мінску «Мастацкая літаратура» выдала анталогію чувашскай паэзіі — «Песні волжскага краю», укладзеную Юрасём Свіркам...

— А ў 1985 годзе мы выдалі ў Чабаксарах вялікі том — 480 старонак! — з твораў беларускіх аўтараў пад назвай «Радзіма мая з жураўліным клічам» («Тарнасісе серэм-шывам»). Беларускі адказ Юрася Свіркі — «Песні волжскага краю» — стаў для Чувашыі выдатным падарункам. Кнігу ў нас заўважылі, яна займела шырокі розгалас. Лічу, што патрэбен працяг такой працы.

— Што вы ведаеце пра сённяшнюю беларускую літаратуру? Як вы лічыце, ці ёсць перспектывы развіцця чувашска-беларускіх літаратурных стасункаў?

— Не вельмі многа і ведаю... Прычына ў тым, што мы страцілі нейкі вялікі (трэба разумець: усесаюзны) кантэкст у рамках адной краіны. Ды і што казаць, рэальнасцю з'яўляецца зараз і адсутнасць агульнарасійскага кантэксту.

Супрацьстаяць гэтаму можна, на мой погляд, толькі адным шляхам. Патрэбны асабістыя кантакты. Праз дыялог асоб, узаемныя пераклады, прыватную дружбу («дружба народаў» — гэта ўсё ж нейкая абстракцыя) і будзе ўладкоўвацца мост ад душы да душы. Можна нават паралель правесці. Вось украінска-чувашскія літаратурныя сувязі з 50-х гадоў мінулага стагоддзя добра развіваліся менавіта ў разрэзе асабістага знаёмства, узаемнага творчага кантактавання. Напрыклад, Паўло Тычына, Максім Рыльскі — Педэр Хузангай, пазней і сёння: Станіслаў Рэп'ях, Браніслаў Сцепанюк — Юрый Семендэр, Валеры Тургай і інш.

Надзеі на перспектыву развіцця, вядома, застаюцца, але ж...

— А можа быць, уся гэтая руцінная праца па прадстаўленні нацыянальных літаратур — атавізм, спадчына тэндэнцыі «дружба народаў — дружба літаратур»... І па вялікім рахунку, важна, каб толькі свой народ ведаў нацыянальную літаратуру?..

— За апошнія 15-20 гадоў мы замкнуліся ў сваіх нацыянальных кватэрах, сталі наноў асэнсоўваць сваю гісторыю, карані і радаслоўную. Пэўна, такое адзіноцтва было і неабходна. Для выпрацоўкі новых арыенціраў у той духоўнай (ці, наадварот, бездухоўнай?!) прасторы, у якой мы аказаліся. Але гэты перыяд адгароджвання ад Свету павінен прайсці. І мы яшчэ адчуем сваё братэрства: беларускаму воку можа здацца небескарысным чувашскі прыжмур, як і чувашскі зрок можа афарбавацца і беларускімі сціплымі, някідкімі краскамі.

Гутарыў Хведар ЛАЗОЎСКІ.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.