Вы тут

Сяргей МАСКЕВІЧ:«Настаўнікам можа быць далёка не кожны»


«Эксперымент па ўкараненні галіновай сістэмы аплаты працы педагогаў, які стартаваў у верасні ў пяці сталічных установах адукацыі, павінен даць адказ на шэраг пытанняў», — пра гэта заявіў журналістам на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню настаўніка, міністр адукацыі Сяргей МАСКЕВІЧ.

1380663466960_2-29

1380663466960_2-29

 

Галіновая аплата працы педагагічных работнікаў мае на ўвазе, акрамя выплаты педагогам акладу таксама і дадатковыя выплаты, якія адлюстроўваюць спецыфіку іх работы, даплаты за ўзровень кваліфікацыі педагагічнага работніка і галіновыя выплаты за выкананне асобных відаў работ. Мяркуецца, што новая сістэма аплаты працы будзе стымуляваць педработнікаў да павышэння прафесійнага ўзроўню. А новыя паўнамоцтвы, якія атрымаюць кіраўнікі гэтых устаноў, дазволяць ім рэгуляваць аплату працы непасрэдна ў калектывах.
— За якую работу, за якія прафесійныя дасягненні педагогам будуць даплачваць — вырашаюць непасрэдна ў педагагічных калектывах. Зразумела, мы далі ўдзельнікам эксперымента пэўныя рэкамендацыі. Але тыя крытэрыі, што будуць распрацаваны і ўхвалены самімі педагогамі, мы будзем распаўсюджваць і ўкараняць па ўсёй краіне, — запэўніў Сяргей Маскевіч.

Пераэкзаменоўку прайшлі не ўсе

Па звестках Міністэрства адукацыі, сёння ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі працуюць больш як 104 тысячы педагагічных работнікаў, у тым ліку больш як 90 тысяч настаўнікаў-прадметнікаў. Вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыі маюць 75% настаўнікаў-прадметнікаў. З леташняга года да педагогаў з вышэйшай катэгорыяй прад'яўляюцца новыя патрабаванні. Цяпер яны павінны кожныя 5 гадоў пацвярджаць сваю катэгорыю. У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі экзамен на пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі здаваў ужо 581 педагог: пацвердзіць найвышэйшы пілатаж у прафесіі здолелі 468 педагогаў, або 80,6% ад агульнай колькасці тых, хто адважыўся на «прафесійную пераэкзаменоўку».
Таксама была ўведзена новая кваліфікацыйная катэгорыя «настаўнік-метадыст». Прэтэндэнты на новую катэгорыю павінны мець аўтарскую методыку выкладання прадмета або ўласны досвед, які быў абагульнены і выкарыстоўваецца іншымі педагогамі. Сёння кваліфікацыйная катэгорыя прысвоена 31 педагогу. У якасці прыкладу Сяргей Маскевіч прывёў досвед настаўніцы гімназіі № 5 Віцебска Галіны Анатольеўны Сухавай, якая прапануе сваім вучням нестандартныя метады выкладання беларускай мовы і літаратуры. Дыскусійныя тэхналогіі актыўна выкарыстоўвае ў адукацыйным працэсе дырэктар Паплаўскага комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа Бярэзінскага раёна Віталь Мікалаевіч Дудко. А нестандартныя падыходы да міжпрадметных сувязяў на прыкладзе матэматыкі, інфарматыкі і працоўнага навучання можна ўбачыць, наведаўшы урок настаўніка Лошніцкай раённай гімназіі Барысаўскага раёна Івана Віктаравіча Якіменкі.

Прафесійнае выгаранне — за 20 гадоў

 

З 1 верасня да работы ва ўстановах адукацыі прыступілі 6 283 маладыя спецыялісты: з іх 4 352 закончылі ВНУ, а 1 719 — сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Акрамя таго, атрымаць накіраванне на першае працоўнае месца пажадалі 212 выпускнікоў, якія навучаліся за кошт уласных сродкаў.

— Як правіла, маладыя спецыялісты накіроўваюцца на работу па месцы жыхарства бацькоў — гэта дазваляе замацаваць іх ва ўстановах адукацыі пасля двухгадовай адпрацоўкі, зменшыць адток кадраў, а таксама зняць жыллёвую праблему, — зазначыў Сяргей Маскевіч. — Упраўленнямі адукацыі і Камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама праводзіцца мэтанакіраваная работа па замацаванні педагагічных кадраў ва ўстановах адукацыі, асабліва ў тых, што размешчаны ў сельскай мясцовасці. У калектыўных дагаворах устаноў адукацыі прадугледжаны захады матэрыяльнага стымулявання маладых спецыялістаў, частковая кампенсацыя аплаты за арэнду жылля, арганізацыя бясплатнага падвозу ці частковая кампенсацыя за праезд да месца работы. Таксама робяцца захады па аказанні педагагічным работнікам дапамогі ў вырашэнні жыллёвых пытанняў. Так, сёлета больш як 150 педагогаў павінны атрымаць службовае жыллё.
Змяняюць месца работы пасля завяршэння тэрміну размеркавання ўсяго 7-8 працэнтаў маладых педагогаў.
— Фактычна размова ідзе пра ўнутраную цякучасць кадраў у самой сістэме, — падкрэсліў Сяргей Маскевіч, — гэта азначае, што пасля двух гадоў адпрацоўкі абавязковага размеркавання малады спецыяліст мяняе, напрыклад, сельскую школу на школу ў горадзе, або адну школу на другую. А вось з сістэмы адукацыі адток кадраў невялікі — асноўная частка падрыхтаваных настаўнікаў застаюцца ў гэтай сферы. Праўда, у абсалютнай большасці настаўнікаў, па ацэнцы спецыялістаў, пасля 20-25 гадоў педагагічнай працы рэгіструецца прафесійнае выгаранне...

Новыя заробкі пры новых нагрузках

Як вядома, з 1 верасня адначасова з павышэннем тарыфных ставак асобным катэгорыям педагагічных работнікаў была павышана і норма педагагічнай нагрузкі на стаўку — з 18 да 20 гадзін.
— Паводле інфармацыі, атрыманай ад упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў і Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, павелічэнне педагагічнай нагрузкі не пацягнула за сабой звальненне педагагічных работнікаў, — падкрэсліў міністр адукацыі. — Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі больш як 96% педагогаў працуюць з нагрузкай 20 і больш гадзін на тыдзень. Няпоўная вучэбная нагрузка ўстанаўлівалася толькі пры наяўнасці згоды работніка ці па заявах работнікаў, якія з тых ці іншых прычын не могуць выконваць нагрузку ў поўным аб'ёме. Больш за палову з тых, хто працуе на няпоўную стаўку, — гэта асобы, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту.
Дарэчы, менавіта дзякуючы педагогам-пенсіянерам і студэнтам старэйшых курсаў часта ўдаецца закрываць вакансіі, што маюцца ў школах. Міністр адукацыі канстатаваў, што ў асобных установах не хапае настаўнікаў фізікі, матэматыкі, інфарматыкі. Для сталіцы актуальная праблема з камплектаваннем педагагічнымі кадрамі пачатковай школы, што абумоўлена дэмаграфічнай сітуацыяй. Так, за апошнія тры гады колькасць пачатковых класаў у сталіцы павялічылася на 133. Не хапае і выхавальнікаў у дзіцячых садках.
— Не магу сказаць, што недахоп 300—350 спецыялістаў — гэта вялікая праблема для сталіцы, але ўсё роўна не заў-
важаць яе мы не можам, — мусіў канстатаваць міністр. — Тым больш што ў сталіцы для маладых людзей няма праблемы знайсці сабе больш высокааплатную працу.

Педагогіка — не «запасны аэрадром» для няўдачнікаў

З 1 ліпеня тарыфныя стаўкі выхавальнікаў былі павышаны на 25%, што прывяло да росту іх заработнай платы ў сярэднім на 12-13%. Гэта нязначныя лічбы... Таму павышэнне заробкаў работнікам дзіцячых садкоў вельмі востра стаіць на парадку дня. І, як паабяцаў міністр адукацыі, да канца бягучага года ў сістэме дашкольнай адукацыі адбудзецца яшчэ адно павышэнне заробкаў. Канкрэтных лічбаў ён не агучыў, падкрэсліўшы толькі, што «заробкі ўзрастуць істотна». Між іншым, на яшчэ адно павышэнне заробкаў да канца года могуць спадзявацца і школьныя настаўнікі...
Адказваючы на пытанне журналістаў наконт ажыццяўлення захадаў, якія б прыцягнулі на педагагічныя спецыяльнасці моладзь, Сяргей Маскевіч зазначыў, што «нам не проста трэба запоўніць бюджэтныя месцы выпадковымі людзьмі, якія пазней будуць адлічаны ці не збіраюцца звязваць сваю будучыню з педагогікай».
— Настаўнікам можа быць далёка не кожны. Таму нас цікавяць такія захады, якія б дазволілі залучыць у педагагічныя ВНУ і на педагагічныя спецыяльнасці найбольш дастойных. Будзем думаць, што зрабіць, каб на педагогіку звярнулі сваю ўвагу і медалісты, і пераможцы алімпіяд. Але нам важна, каб і самі педагогі пазіцыянавалі сябе ў грамадстве так, каб іх паважалі і цанілі. Дзяржава дапаможа з заробкамі, але і самі педагогі павінны дэманстраваць значнасць і важнасць сваёй работы. І не толькі праз інстытут рэпетытарства, — падкрэсліў міністр

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?