Вы тут

Чакаюцца змены


Ці паўплываюць яны на эфектыўнасць мясцовага самакіравання?

Напрыканцы кастрычніка ў Інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь адбылася сустрэча старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, намесніка старшыні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання Святланы Герасімовіч са старшынямі гарадскіх (гарадоў абласнога падпарадкавання ) і раённых Саветаў дэпутатаў.

Дэпутатам — дэпутацкі дзень

Патэнцыял сельскіх Саветаў дэпутатаў, на думку Святланы Герасімовіч, яшчэ раскрыты далёка не поўнасцю. Яны маюць патрэбу ў канкрэтнай падтрымцы як дзяржавы, так і органаў мясцовай выканаўчай улады. Гэтая думка лейтматывам праходзіла падчас размовы старшыні Пастаяннай камісіі з калегамі.

Святлана Герасімовіч звярнула ўвагу на тое, што старшыні сельскіх Саветаў, іх дэпутаты, як і дэпутаты раённых і абласных Саветаў, даволі часта, па сутнасці, працуюць на грамадскіх пачатках, нярэдка ахвяруюць вольным часам пасля работы і ў выхадныя на карысць сваіх выбаршчыкаў. А ў дэпутатаў ёсць сем'і, дзеці, асабістыя справы, хатнія клопаты. З улікам гэтых абставін, а таксама неабходнасці павышэння ролі Саветаў усіх узроўняў былі выказаны сумесныя прапановы Савета Рэспублікі, Палаты прадстаўнікоў і рэгіёнаў аб унясенні некаторых змен у заканадаўства. Напрыклад, у Законе «Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў» прапануецца замацаваць за дэпутатам права мець адзін свабодны дзень для вырашэння дэпутацкіх спраў у сваёй акрузе, сустрэч з насельніцтвам з захаваннем заработнай платы па месцы працы ці службы. І гэта своечасовая прапанова, лічыць Святлана Міхайлаўна. Па яе словах, сярод дэпутатаў шмат людзей разумных, неабыякавых, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, адукаваных, якія хочуць і могуць працаваць у Саветах. Такіх людзей трэба падтрымліваць.

У сакавіку наступнага года адбудуцца выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. З гэтай нагоды Святлана Міхайлаўна выказала надзею, што дэпутатамі будуць абраны сумленныя і энергічныя людзі.

Больш грошай — больш магчымасцяў

Святлана Герасімовіч таксама падрабязна спынілася на прапановах з боку Рады па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання, а менавіта — па ўзмацненні ролі мясцовых Саветаў дэпутатаў. Яна падкрэсліла, што заканадаўчая база дае вялікія магчымасці для іх эфектыўнай дзейнасці, але рэалізаваць у поўнай меры свае паўнамоцтвы не заўсёды атрымліваецца з-за недахопу часу і сродкаў. Апошнім часам высветлілася, што кіраўнікі сельсаветаў не заўсёды могуць выкарыстоўваць грошы, заробленыя ад правядзення аўкцыёнаў па продажы зямельных участкаў ці іх арэнды, на патрэбы сваіх тэрыторый. А гэта істотная крыніца папаўнення мясцовага бюджэту. Таму неабходна ўнесці яснасць у гэтае пытанне і дазволіць сельскім Саветам больш актыўна выкарыстоўваць заробленыя сродкі на добраўпарадкаванне тэрыторый, фінансаванне работ і паслуг, якія маюць дачыненне да гэтай дзейнасці. На думку Святланы Герасімовіч, гэта няправільна, калі старшыня сельскага Савета вымушаны хадзіць з працягнутай рукой па кабінетах кіраўнікоў гаспадарак і прадпрыемстваў і прасіць іх знайсці магчымасць прафінансаваць тую ці іншую карысную для мясцовых жыхароў справу.

Таксама прапануецца спонсарскую бязвыплатную дапамогу, якая можа быць прадастаўлена сельсаветам у выглядзе грашовых сродкаў, будаўнічых матэрыялаў, працоўнай сілы для выканання зацверджаных планаў па добраўпарадкаванні населеных пунктаў ці захаванні гісторыка-культурных помнікаў і г.д., залічваць у бюджэты гэтых мясцовых органаў і выкарыстоўваць па мэтавым прызначэнні. Для павышэння ўзроўню фінансавага забеспячэння правоў і абавязкаў мясцовых органаў улады ў Савет Міністраў унесены шэраг іншых прапаноў.

Быць ці не быць камунальна-ўнітарным прадпрыемствам?

Як вядома, вакол іх ужо не першы год ідуць гарачыя спрэчкі і дыскусіі. Сваё стаўленне выказала старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі. Яна нагадала: мець ці не мець такія прадпрыемствы — гэта права старшынь сельскіх Саветаў. Створана адпаведная юрыдычная база. Таму, калі старшыня Савета лічыць мэтазгодным адкрыць у сябе камунальна-ўнітарнае прадпрыемства, то, як той казаў, сцяг яму ў рукі. Ніхто забараняць не будзе.

Святлана Герасімовіч нагадала, што ў асобных раёнах гэтыя прадпрыемствы працуюць, і нават паспяхова. Іх досвед сведчыць аб жыццяздольнасці такой формы дзелавой дзейнасці. Дзякуючы КУПам у сельскай мясцовасці выконваюцца самыя розныя работы для вяскоўцаў, у тым ліку і на іх прысядзібных участках. У якасці прыкладу прыводзіўся Капыльскі раён. Там пры Цімкавіцкім сельвыканкаме, які ўзначальвае Алена Острыкава, камунальна-ўнітарнае прадпрыемства зарэкамендавала сябе з лепшага боку. Нягледзячы на тое, што цэны на яго паслугі вельмі прымальныя для вяскоўцаў, а накладныя выдаткі вялікія, прадпрыемства летась атрымала прыбытак 4 мільёны рублёў. Нехта ўсміхнецца, але, як заўважыла Святлана Міхайлаўна, для сельсавета і гэта грошы. Галоўнае ж у тым, што аказваецца дапамога людзям, сярод якіх шмат пенсіянераў.

Карысць такіх прадпрыемстваў відавочная, канстатавала Святлана Герасімовіч. А таму Рада па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання прапануе, каб грошы ў выглядзе падаткаў ад дзейнасці камунальна-ўнітарных прадпрыемстваў, якія паступаюць у раённыя бюджэты, накіроўваліся ў бюджэт сельскага Савета, пры якім і працуе прадпрыемства — на вырашэнне мясцовых праблем.

Павучыцца ў мінчан

Святлана Герасімовіч прызналася, што спачатку насцярожана паставілася да абрання старшынёй Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Васіля Панасюка. Ён прыйшоў з пасады дырэктара ТЭЦ. Здавалася, чысты гаспадарнік, а тут — сталічны Савет, складаныя задачы. Але літаральна з першых крокаў ён актыўна ўзяўся за новую справу, уважліва вывучыў досвед, напрацаваны яго папярэднікамі на пасадзе старшыні гарсавета, творча пераасэнсаваў здабыткі дэпутатаў, і цяпер актыўна развівае дзейнасць па ўсіх кірунках.

Напрыклад, шмат увагі надае гарсавет распаўсюджванню ў горадзе досведу камітэтаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Іх у горадзе ўжо 128. Летась было 110. Цяпер ідзе работа па арганізацыйным станаўленні раённых рад тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Іх задача — каардынаваць дзейнасць камітэтаў па месцы жыхарства людзей. Справа гэта няпростая. Ёсць ідэя: даручыць кіраўніцтва гэтымі раённымі радамі дэпутатам гарадскога Савета. Такі падыход падтрымлівае і Мінгарвыканкам. На погляд Святланы Герасімовіч, увогуле кіраванне і каардынацыя неабходны ў ходзе рэалізацыі кожнага сур'ёзнага праекта. Грамадская структура на ўзроўні раёна дазволіць лепш ведаць праблемы камітэтаў, абагульняць і распаўсюджваць іх здабыткі, магчыма, праводзіць сумесныя мерапрыемствы, а таксама адзначаць, у тым ліку і матэрыяльна, лепшых актывістаў. Гэты досвед мінчан вельмі цікавы, у іх ёсць чаму павучыцца, лічыць старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі.

Леанід Лахманенка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».