Вы тут

Тэлефон даверу: калі маўчаць ужо немагчыма...


Заўважалі, што раскрываць душу лягчэй перад незнаёмымі людзьмі? Мы здольны расказаць сваю біяграфію выпадковаму знаёмаму, спадарожніку. І наадварот, падзяліцца пачуццямі з блізкім чалавекам бывае не так проста. А раптам не зразумеюць, асудзяць, адвернуцца?.. Асабліва гэта актуальна для падлеткаў. Хіба раскажаш маці пра першае каханне ці канфлікт у школе? Хіба прызнаешся тату, што яго сын марыць не пра ваенную кар'еру, а пра тэатральныя падмосткі? Ужо пятнаццаць гадоў у Беларусі працуе тэлефон даверу для дзяцей і падлеткаў, створаны менавіта для такіх сітуацый — калі маўчаць ужо немагчыма.

1384321208945_13-4

 

Крызісны ўзрост. Тры этапы

Кансультант тэлефона даверу Наталля адзначае, што яшчэ дзесяць гадоў таму дзеці больш ахвотна звярталіся ў службу псіхалагічнай дапамогі. Сучасныя школьнікі часцей вырашаюць свае праблемы ў інтэрнэце — на розных форумах і сайтах. Таму амаль што палова званкоў цяпер паступае ад бацькоў. Дарослых, зразумела, цікавяць пытанні выхавання. Часцей за ўсё праблемы ўзнікаюць з падлеткамі. Але на тэлефон даверу звяртаюцца і бацькі маленькіх дзетак.

Існуе такое паняцце, як крызісны ўзрост. Першы падобны этап дзеці праходзяць у тры гады. Капрызы, істэрыкі, пратэсты — усё гэта суправаджае зараджэнне ўласнага «Я», станаўленне асобы. Наступны этап — калі дзеці ідуць у школу.

«Дашкольнай псіхалогіі сёння надаецца шмат увагі, — расказвае Наталля. — Трэба разумець, што змена гульнявой дзейнасці на вучэбную — гэта сур'ёзны стрэс для дзіцяці. Яго трэба падрыхтаваць да новай сацыяльнай ролі. Бацькі тэлефануюць, каб параіцца, з якога ўзросту лепш аддаваць сына ці дачку ў школу і як навучыць яго падпарадкоўвацца пэўнаму рэжыму, парадку».

Але самы складаны ўзрост — 12-17 гадоў, калі падлеткаў пачынаюць цікавіць экзістэнцыяльныя пытанні: «Хто я?», «Дзеля чаго жыву?», «Што мяне чакае далей?». Спектр бацькоўскіх трывог вельмі шырокі — ад праблем ва ўзаемаразуменні да падазроных скачкоў у настроі сына ці дачкі.

Час ад часу тэлефануюць дарослыя, якія потым перадаюць трубку дзецям. Але, па словах Наталлі, гэта не зусім карэктная сітуацыя. «Запыт павінен зыходзіць ад абанента. Добраахвотнасць — гэта адзін з базавых прынцыпаў тэлефона даверу. А перадача трубкі мае на ўвазе пэўны ціск. У падобнай сітуацыі псіхолаг і дзіця — вымушаныя суразмоўцы. І размова наўрад ці атрымаецца эфектыўнай. Лепш расказаць сыну ці дачцэ пра магчымасць набраць нумар тэлефона даверу і сумесна са спецыялістам паспрабаваць вырашыць тую ці іншую праблему».

Несур'ёзных праблем не існуе!

Часцей за ўсё «недарослым» абанентам тэлефона даверу ад 11 да 18 гадоў. Большая палова тых, хто патэлефанаваў, спакойна і разважліва абмяркоўвае свае праблемы, а некаторыя тэлефануюць на мяжы істэрыкі з суіцыдальнымі думкамі. Тады галоўная задача кансультанта — не вырашыць праблемную сітуацыю, а палепшыць эмацыянальны стан падлетка. Наталля прызнаецца, што сутыкалася з падобнымі званкамі: «Такія размовы вельмі складаныя, і могуць зацягвацца да некалькіх гадзін. І ўсё роўна пасля таго, як кладзеш трубку, няма ўпэўненасці, што з дзіцём будзе ўсё ў парадку».

Кансультаванне па тэлефоне даверу праводзіцца ананімна, званкі не адсочваюцца. Таму паўплываць на сітуацыю, калі жыццё суразмоўцы знаходзіцца ў небяспецы, спецыялісты, на жаль, не могуць. Умяшанне старонніх магчыма толькі з дазволу тых, хто патэлефанаваў.

«Але часцей за ўсё да нас звяртаюцца з лакальнымі праблемамі, — працягвае Наталля. — Напрыклад, дзяўчынка падарыла сяброўцы не тую хустку, і сяброўка пакрыўдзілася. Вось дзяўчынка тэлефануе і пытаецца, як ёй сябе паводзіць, каб не давесці справу да канфлікту. Ці, памятаю, быў у мяне складаны званок, адзін з першых: патэлефанаваў шасцігадовы хлопчык, у якога памёр хамячок. У такім узросце смерць хатняга гадаванца прыраўноўваецца да страты блізкага чалавека. І патлумачыць маленькаму чалавечку, што і пасля гэтага можна і трэба жыць далей, зусім няпроста. Словам, для нас не існуе несур'ёзных праблем».

Шчырая размова і ніякіх маніпуляцый

У параўнанні з «кабінетнымі» псіхолагамі, у спецыялістаў тэлефона даверу абмежаваны інструментарый. Яны не бачаць абанента, не маюць магчымасці наладзіць зрокавы кантакт і па знешнім выглядзе ацаніць эмацыянальны стан чалавека. Не выкарыстаеш тут і спецыяльныя прыёмы, элементы арт-тэрапіі — толькі шчырая размова. «Калі ўздымаецца праблема ўзаемаадносін з бацькамі, мы не абмяркоўваем дзеянні маці ці бацькі, а размаўляем пра тое, што адчувае падлетак, — тлумачыць Наталля. — У нас няма задачы расказаць, як трэба рабіць, рэагаваць, мы можам толькі прапанаваць выйсце з праблемнай сітуацыі. І ўжо абанент пагаджаецца ці не пагаджаецца з гэтым. Пераконваць і маніпуляваць мы не маем ніякага права».

Тэлефон даверу працуе кругласутачна. Наталля кажа, што нават у начныя змены тэлефон часам распаляецца ад званкоў. «Душэўную раўнавагу можна страціць і раніцай, і ноччу», — усміхаецца псіхолаг. А вось у зваротах са школьнымі праблемамі (канфлікты з настаўнікамі, страх перад іспытамі і г.д.) можна прасачыць пэўную заканамернасць. Больш за ўсё такіх званкоў паступае ў пачатку навучальнага года, у перыяд адаптацыі, ці, наадварот, напрыканцы, калі на стане школьніка адбіваецца фізічная і псіхалагічная стомленасць. Улетку, калі дзеці раз'язджаюцца па лагерах, часцей тэлефануюць з праблемамі ў стасунках з равеснікамі.

Напрыканцы нашай размовы пытаюся ў Наталлі, ці здараліся выпадкі, калі абанент прасіў паразмаўляць з іншым спецыялістам: «У маёй практыцы такога не было. Наадварот, некаторыя цікавяцца, калі на тэлефоне працуе той ці іншы кансультант, каб у наступны раз «трапіць» менавіта да яго. Гэта, хутчэй, выключэнне з правілаў, але і такое здараецца». А калі такое здараецца, ці не лепшая гэта рэклама тэлефону даверу? Усё ж такі лепш выгаварыцца і паспрабаваць знайсці корань зла, а не чакаць, пакуль гэты самы корань прарасце.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».