Вы тут

Старыкі: вёска на адной лаўцы


У вёсцы Старыкі Браслаўскага раёна некалі было сем дамоў. А сёння засталіся толькі два, і цяпер гэты населены пункт больш нагадвае хутар, чым пасёлак. Усіх жыхароў тут толькі чацвёра, і на адной лаўцы ім ужо не цесна. Нават калі Уладзімір Аўсюкевіч бярэ яшчэ ў рукі свой вялікі чырвоны баян (на фотаздымку), месца таксама хапае.

1384838303314_1

— Мы тут нібы адна сям'я, — кажа старэйшая за ўсіх Эмілія Гарбар, — дзяліць нам няма чаго. Вядома, мы пенсіянеры і жывём па-старэчы. Калі ёсць вольны час, чаму б не пасядзець разам, не паспяваць?!.

У вёску Старыкі прыйшла сапраўдная восень — і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. З агародаў у гэты час, як і належыць, сабраны ўраджай бульбы і буракоў, зроблены надзейныя запасы для адной каровы і двух вясковых коней.

1384838306199_2

— Без каня мы не можам, — кажа муж Эміліі Сяргей Гарбар, — трэба ездзіць да бальшака, бо аўталаўка сюды не даходзіць.

Першае, аб чым папрасілі Сяргей і Эмілія Гарбары, а потым і Уладзімір з жонкай Марыяй — пасадзейнічаць у тым, каб сюды праклалі дарогу — усяго каля кіламетра, бо і газ немагчыма давезці, і хуткая дапамога не здольна своечасова дабрацца. Летам яшчэ так-сяк, а зімою хоць «каравул» крычы. Таму без коней у Старыках пакуль ніяк не абысціся.

1384838309144_3

— Без дарогі мы нібы адарваныя ад свету, — сказалі старыкоўцы і дадалі, што нядаўна да іх прыязджаў пазнаёміцца новы старшыя Цяцеркаўскага сельсавета, які таксама абяцаў пасадзейнічаць у вырашэнні гэтай праблемы. Цікавіўся жыццём, іншымі праблемамі вяскоўцаў.

1384838312847_4

А такія-сякія праблемы сёлетняй старыкоўскай восенню ўсё ж ўзнікалі. Па-першае, быў вялікі ўраджай на яблыкі. Асабліва ў гаспадарцы Уладзіміра і Марыі. На жаль, з за таго, што Шаркаўшчынскае спажывецкае таварыства своечасова не дало машыну, прапала больш за 2 тоны садавіны. Гаспадар вымушаны быў вывезці гніллё ў кустоўе — як аказалася, на падкормку дзікоў, якія і без таго не даюць вяскоўцам спакойнага жыцця.

1384838316284_5

— Дзікі нас не баяцца. Яны і ўдзень могуць рыцца і не звяртаць на нас ніякай увагі, — жаліцца гаспадар, — таму і трымаю сабак каля агародаў. А яшчэ і электрапастухі паставіў.

Яшчэ ў Старыках сёлета ў студнях адсутнічала вада, і ўпершыню мне давялося назіраць, як з 3 тоннай бочкі ваду злівалі ў студню, напаўнялі запасныя ёмістасці і посуд. Гэта быў ужо трэці прывоз вады ў вёску. Добра, што мясцовы СВК ідзе насустрач вяскоўцам, выручае, калі трэба, і дае трактар.

1384838320771_6

— Усё з за таго, што працяглы час не было дажджоў, — тлумачыць крытычную сітуацыю Уладзімір, — гэта здарылася ўпершыню ў гісторыі нашага паселішча.

А што датычыць сапраўднай гісторыі населенага пункта, дык ніхто са старыкоўцаў дакладна не ведае, адкуль і з за чаго ўзнікла назва.

[image]

— Адно чуў ад бацькі, што тут заўсёды жылі доўга. Ён сам пражыў 91 год, а яго бацька — 90, — кажа Уладзімір Канстанцінавіч. — Памятаю, на адным са старых дамоў доўга вісела шыльдачка на польскай мове «Starykі».

Адно дакладна вядома (захаваліся паперы), што навакольная зямля — а гэта 80 гектараў (па-колішняму 57 дзесяцін) — да 1939 года належала бацьку Уладзіміра. А яшчэ раней — яго дзеду. У дзеда было чацвёра коней, жарабя і дзясятак кароў. Зямля была пушчана пад ворыва, сенакосы і лес. Уладзімір, калі вярнуўся з Латвіі (пражыў там 23 гады), некаторы час працаваў лесніком у гэтым самым дзедавым лесе.

[image]

Не шкадую, што вярнуўся на родную зямлю, — кажа Уладзімір. — Пакуль быў жывы бацька, я прыязджаў сюды кожныя выхадныя.

А вярнуўся і знайшоў сабе тут жонку Марыю, якая таксама адсюль родам.

[image]

Але дзіўны лёс не толькі ў Уладзіміра Аўсюкевіча, але і Эміліі. Дзіўны таму, што родам яна з зусім іншых мясцін. У ваколіцах Старыкоў спрадвеку жылі праваслаўныя, каталікі, якія атасаямлялі сябе з палякамі, і стараверы. Тут здаўна існавала хутарская сістэма, якая моцна трымалася да сярэдзіны мінулага стагоддзя. Навокал пагоркі, азёры — адным словам, Браслаўшчына. А Эмілія нарадзілася на «супрацьлеглым баку» Беларусі — у Хойніцкім раёне, побач з вёскай народнага пісьменніка Івана Мележа. Там, дзе спрадвеку былі балоты і нізіны, а людзі жылі не на хутарах, а вялікімі пасяленнямі. У іх вёсцы было 500 двароў. Эмілія Савельеўна прыехала ў Браслаўскі раён колішняй Полацкай вобласці ў 1952 годзе па размеркаванні пасля Мазырскага педуніверсітэта.

[image]

— Спачатку мне неяк дзіўна было бачыць гэтыя хутары, — прыгадваючы мінулае, усміхаецца Эмілія Савельеўна.

Яна працавала ў школе настаўніцай матэматыкі, жыла на кватэры. Спачатку намервалася з'ехаць адсюль, але выйшла замуж (Сяргей быў з суседняй вёскі Печары) і засталася. Як аказалася, на ўсё жыццё. Пазней працавала ў вёсцы Укля. Цяперашні сусед Эміліі Савельеўны Уладзімір Аўсюкевіч — гэта яе вучань. Яна добра памятае, як хлопчык дапамагаў ёй, маладой настаўніцы, несці да школы цяжкую сумку са сшыткамі.

[image]

Дзіўны лёс Эміліі і таму, што на яе вачах у Старыках было ўсё — цэлых дзесяць гадоў яна пражыла ў ёй без святла (электрычнасць правялі толькі ў 1962 м), потым прыйшоў прагрэс у выглядзе тэлевізара «Сігнал», радыёлы і першага халадзільніка «Мінск 2». А пазней на яе вачах пачаўся і заняпад вёскі, калі ўся моладзь з'язджала ў гарады, — асабліва ў суседнюю Латвію.

Летась Эмілія і Сяргей Гарбары адзначылі 50 гадовы юбілей свайго шлюбу. Сказаць, што з гэтай нагоды Старыкі дужа «гудзелі», нельга: узрост і здароўе не дазвалялі.

[image]

— Пасядзелі па-старэчы, паспявалі, — весела прыгадвалі ўсе чацвёра вяскоўцаў, дружна ўсеўшыся, як заўсёды, на адной лаўцы.

Анатоль Кляшчук.
Фота аўтара.
Браслаўскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».