Вы тут

Каб да паўнамоцтваў ды больш магчымасцяў...


Яшчэ раз аб статусе дэпутата сельскага Савета

Як павысіць ролю і статус дэпутатаў мясцовых Саветаў? Гэтыя пытанні абмеркавалі падчас сустрэчы ў Інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Святлана Герасімовіч і кіраўнікі пасялковых і сельскіх Саветаў дэпутатаў.

Бясспрэчна, аўтарытэт дэпутата ў мясцовых Саветах будзе толькі ўмацоўвацца, калі ў іх з'явіцца больш фінансавых магчымасцяў вырашаць надзённыя праблемы сваіх тэрыторый. Як адзначыла Святлана Герасімовіч, паўнамоцтваў у народных выбраннікаў дастаткова, а вось магчымасцяў пакуль не хапае. Неабходна ж, каб сельская ўлада мела рэальную прававую базу для заробку грошай, а бюджэты пярвічнага звяна фарміраваліся знізу. Дарэчы, на апошнім пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі былі дакладна вызначаны праблемы, якія патрабуюць рашэння на заканадаўчым узроўні, а прапановы ўнесены на разгляд урада.

Адна з іх — наладзіць у сельскай мясцовасці работу камунальных унітарных прадпрыемстваў (КУПаў), а падатак на атрыманы прыбытак ад іх дзейнасці пакінуць у распараджэнні сельскіх Саветаў (зараз ён ідзе ў раённы бюджэт). Яны маглі б патраціць сродкі на першачарговыя патрэбы ў рамках сваіх паўнамоцтваў. Безумоўна, гэта не такія ўжо і вялікія грошы, але яны стануць дадатковым падмуркам для развіцця канкрэтнай тэрыторыі. Такія прадпрыемствы ўжо працуюць пры многіх сельвыканкамах. Гэтыя фарміраванні, як паказвае практыка, запатрабаваны ў вяскоўцаў. Людзі ідуць з рознымі просьбамі: камусьці трэба ўчастак заараць, іншаму смецце вывезці, іншаму — пустазелле скасіць каля хаты, агароджу падправіць. КУПы аказваюць самыя разнастайныя паслугі, так неабходныя сельскаму жыхару, і спіс іх з кожным годам пашыраецца, удасканальваецца. Напрыклад, некаторыя прадпрыемствы пачалі займацца зборам малака з асабістых падсобных гаспадарак насельніцтва.

Яшчэ адна крыніца папаўнення бюджэту — пашырэнне магчымасці выкарыстання сродкаў ад правядзення аўкцыёнаў арэнды і продажу зямельных участкаў. Сёння сельскія Саветы не зацікаўлены ў правядзенні аўкцыёнаў, бо не могуць самастойна распараджацца выручанымі сродкамі, якія неабходна накіроўваць выключна на стварэнне інфраструктуры для новабудоўляў. «Калі будуць прыняты прапановы, то ў мясцовых Саветаў з'явіцца дадатковы стымул да таго, каб больш зарабляць і на аснове калегіяльнага рашэння размяркоўваць грошы ад аўкцыёнаў і продажу зямлі па сваім меркаванні. У тым ліку на добраўпарадкаванне, асвятленне вуліц і двароў, рамонт дарог, устаноўку агароджаў, малых архітэктурных формаў, будаўніцтва спартыўных пляцовак і шмат іншага», — канстатавала сенатар.

Прапановы закранулі і такі аспект, як прыцягненне спонсарскай дапамогі. У апошні час не толькі каля сталіцы, але і каля абласных і прамысловых гарадоў з'яўляецца ўсё больш прыватных фірмаў, малых прадпрыемстваў. Яны таксама маглі б паўдзельнічаць у добраўпарадкаванні тэрыторый, на якіх знаходзяцца, дарог, па якіх ездзяць. Але спонсарскую дапамогу нельга выкарыстоўваць на гэтыя мэты. Прысутныя падтрымалі ініцыятыву Савета па ўзаемадзеянні дазволіць кіраўнікам арганізацый, прадпрыемстваў, што размешчаны на тэрыторыі адпаведнага сельсавета, аказваць мясцовым Саветам дэпутатаў бязвыплатную спонсарскую дапамогу ў выглядзе грашовых сродкаў, рабочай сілай для выканання адпаведных работ, а таксама матэрыяламі, мэбляй, аргтэхнікай.

— Мы таксама за тое, каб у дэпутата было больш часу для работы са сваімі выбаршчыкамі на месцах, за тое, каб даць ім адзін дадатковы свабодны дзень у месяц з захаваннем заработнай платы, каб яны змаглі наведаць канкрэтную вёску, населены пункт, шматдзетныя, неўладкаваныя сем'і, састарэлых, інвалідаў, — падкрэсліла Святлана Герасімовіч.

Дэпутат мясцовага Савета не атрымлівае зарплату за сваю дзейнасць, ён выконвае грамадскія абавязкі ў свабодны ад работы ці вучобы час. Не кожнаму кіраўніку на асноўным месцы работы падабаюцца частыя адлучкі свайго падначаленага, нават калі ён народны абраннік. Таму адзін вольны ад асноўнага месца працы дзень сапраўды прынёс бы карысць і насельніцтву, і дэпутату.

Акрамя таго, ніхто не знаходзіцца ў такой блізкасці да людзей, як старшыня сельскага Савета, актыў. Каму як не ім разам з органамі сацыяльнай абароны вызначаць, у чым маюць патрэбу канкрэтны чалавек, сям'я. Ёсць адзінокія састарэлыя, якім патрэбна матэрыяльная падтрымка, а ёсць і сем'і, якія ідуць на хітрыкі, каб атрымаць яе з бюджэту.

Напрыканцы сустрэчы Святлана Герасімовіч нагадала, што канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні дзейнага заканадаўства ў галіне мясцовага самакіравання зараз знаходзяцца на разглядзе ўрада.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.