Вы тут

Геапалітыка залежнасці


Віктар Іваноў — пра заказчыкаў легалізацыі наркотыкаў, аперацыі праваахоўных органаў і іншыя падзеі на антынаркатычным фронце

Заўтра ў Беларусі адбудзецца пасяджэнне Каардынацыйнага савета кіраўнікоў кампетэнтных органаў па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў дзяржаў — членаў АДКБ (КСОСН АДКБ). Сярод іншага будзе абмеркавана і, магчыма, зацверджана антынаркатычная стратэгія АДКБ да 2020 года. Аб наркатычнай сітуацыі ў нашым рэгіёне ў спецыяльным інтэрв'ю газеце «Звязда» распавёў старшыня КСОСН АДКБ, старшыня Дзяржаўнага антынаркатычнага камітэта (ДАК) Расіі, дырэктар Федэральнай службы Расійскай Федэрацыі па кантролі за абаротам наркотыкаў Віктар Іваноў.

1385527934564_1

— Віктар Пятровіч, 2013 год для многіх запомніцца, бадай, першымі, на міжнародным узроўні, адкрытымі выступамі аб легалізацыі наркотыкаў альбо, як мінімум, змене парадыгмы барацьбы з наркотыкамі. Як вы ацэньваеце сучасную наркатычную сітуацыю ў свеце? Ці прыйшоў час новых падыходаў у барацьбе з наркамафіяй?

— У 2013 годзе Глабальная камісія ААН прадставіла даклад аб неабходнасці згортвання барацьбы з распаўсюджваннем наркотыкаў, паколькі наркабізнес, маўляў, перамог планетарную супольнасць. Было прапанавана легалізаваць спажыванне канабісу (марыхуаны, каноплі і вытворных з яе пылка — гашыша і анашы). Логіка дакладчыкаў: у свеце павялічылася спажыванне какаіну, значыць, трэба легалізаваць марыхуану.

Можна было б сказаць, што не варта звяртаць увагу на экстравагантныя заявы адстаўных палітыкаў і што ў калідорах ААН ёсць шмат розных «дакладаў». Дарэчы, у структурах самой ААН — упраўленні па наркотыках і злачыннасці і Міжнародным камітэце па кантролі за наркотыкамі — гэты даклад выклікаў толькі абурэнне. Але тут у дакладчыках не шэраговыя адстаўныя палітыкі, а людзі, якія ўваходзяць у сусветную эліту, у тым ліку былы генсакратар ААН Кофі Анан, у мінулым генеральны сакратар НАТА Хаўер Салана і іншыя. Гэтыя людзі ніколі не кажуць нешта бессэнсоўнае, а заўсёды маюць пэўныя мэты.

Не выключана, што гэты дэмарш — замова паўднёваамерыканскіх наркакартэляў для атрымання яшчэ больш вялікіх прыбыткаў. Антынаркатычная барацьба — адзін з традыцыйных элементаў знешняй палітыкі ЗША ва ўзаемаадносінах з лацінаамерыканскімі краінамі. Вашынгтон так вырашае свае праблемы, у тым ліку замену кіраўнікоў суседніх краін.

Частковая легалізацыя наркотыкаў і зніжэнне градуса антынаркатычнай барацьбы могуць дапамагчы ЗША пераключыцца на іншыя праблемы. У прыватнасці, на вывад войскаў з Афганістана, дзе наркотыкі таксама адзін з галоўных фактараў палітыкі.

Сама ж прапанова легалізацыі лёгкіх наркотыкаў — амаральная. Напрыклад, пасля легалізацыі марыхуаны ў Галандыі колькасць яе спажыўцоў адразу падскочыла ў некалькі разоў. «Лёгкія наркотыкі» — гэта хуткі шлях да «цяжкіх». Навукоўцы Калумбійскага ўніверсітэта (ЗША) высветлілі, што ўжыванне марыхуаны павышае шанцы пераходу на цяжкія наркотыкі для дзяцей у 85 разоў, для дарослых — у 17.

Расійская сітуацыя з наркотыкамі катастрафічная. Сёння ў краіне, па розных ацэнках, да 8.500.000 спажыўцоў наркотыкаў. Пайсці на легалізацыю ў любым выглядзе — гэта выклікаць калапс. Расіі патрэбна не легалізацыя наркотыкаў, а суровая крымінальная адказнасць за іх прапаганду і заклікі да легалізацыі.

Але ж сапраўды прыйшоў час новых падыходаў у барацьбе з наркамафіяй на міжнародным узроўні. Так, відавочна, што сусветная супольнасць праглядзела маштаб праблемы афганскага наркатрафіку. Таму, напрыклад, выпрацоўка дзяржавамі — членамі ШАС абагульненай пазіцыі, накіраванай на кваліфікацыю афганскай наркавытворчасці як прамой пагрозы міжнароднаму міру і бяспецы, мела б гістарычнае значэнне. Такая пазіцыя ўжо была заяўлена з боку АДКБ, што стала вынікам беларускай ініцыятывы. У рэчышчы гэтых новых падыходаў напярэдадні 2015 года мы прапануем сіламі Генасамблеі ўскласці на Эканамічны і Сацыяльны Савет ААН новую функцыю альтэрнатыўнага фарсіраванага развіцця Афганістана.

1385527937723_2

— Як палітычныя падзеі ў Цэнтральнай Азіі (пасля выхаду часткі войскаў НАТА з Афганістана) і Лацінскай Амерыцы (цяперашняя палітычная дэстабілізацыя Бразіліі, Чылі) адаб'юцца на стратэгіі наркамафіі?

— Ёсць два глабальныя цэнтры вытворчасці наркотыкаў у прамысловых маштабах. Гэта Калумбія, Перу, Балівія і Афганістан. Калі ў Паўднёвай Амерыцы лакалізавана вытворчасць 100% какаіну ў свеце, то ў Афганістане — 90–95% усёй сусветнай вытворчасці гераіну.

Афганская наркавытворчасць — гэта генератар усяго спектру пагроз, сістэмаўтваральны фактар ваенна-палітычнай сітуацыі Еўразіі. Аналіз паказвае, што вывад асноўнай часткі замежных войскаў з Афганістана і зняцце ў 2014 годзе адказнасці міжнароднай супольнасці за бяспеку ў гэтай дзяржаве не ў стане змяніць катастрафічную сітуацыю з наркавытворчасцю.

Таму трэба ставіць пытанне не пра далейшае стрымліванне трафіку наркотыкаў, а пра кардынальнае — сапраўды рэвалюцыйнае — зніжэнне наркавытворчасці ў Афганістане як мінімум у 10 разоў. Гэта гістарычная задача кіраўніцтва нашых краін і ўсёй сусветнай супольнасці.

Прычына росту рынку збыту какаіну ў Еўропе — гэта пераразмеркаванне аб'ёмаў яго вытворчасці ў Паўднёвай Амерыцы за апошнія пяць гадоў. Што адбылося? У Калумбіі з дапамогай авіяцыі сталі больш інтэнсіўна знішчаць палі кустоў кокі. Вытворчасць кокі наркамафія перанесла ў суседнія краіны — Балівію і Перу. Традыцыйных наркамаршрутаў на поўнач з гэтых краін у бок Мексікі, Канады і ЗША пакуль не было. І трафік пайшоў праз Бразілію і Аргенціну. Там перахопліваюць і спажываюць сумарна каля 30 з 300 тон наркотыку. 270 тон ідзе цераз Атлантычны акіян, ва Усходнюю Афрыку. Адтуль какаін накіроўваецца ў Еўропу. Рынак збыту там павялічыўся ў пяць разоў.

Штогадовы абарот наркагрошай складае каля 800 мільярдаў долараў, што супастаўна са ступенню ўплыву на сусветную эканоміку нафты і газу. Наркатрафік — донар дэфіцытнай ліквіднасці сусветнай банкаўскай сістэмы. Па сутнасці, з'яўляецца крытычна неабходным, неад'емным сегментам усёй цяперашняй манетарнай сістэмы, што разганяе глабальны фінансава-эканамічны крызіс. Апошні, у сваю чаргу, выступае свайго роду драйверам для фінансава-эканамічнага і сацыяльнага заказу на працяг наркавытворчасці.

- На пасадзе кіраўніка ФСКН і ДАК Вы вылучылі цэлы шэраг заканадаўчых і іншых ініцыятыў, якія зрабілі Расію лідэрам у сферы барацьбы з незаконным абаротам наркотыкаў на пастсавецкай прасторы. Гэта стварэнне Стратэгіі дзяржаўнай антынаркатычнай палітыкі, забарона на безрэцэптурны продаж прэпаратаў, якія утрымліваюць кадэін, ініцыяванне стварэння сістэмы сацыяльнай рэабілітацыі і рэсацыялізацыі нарказалежных і многае іншае. Ці можна казаць аб змене наркасітуацыі ў Расіі да лепшага?

- З 1 чэрвеня 2012 года ў Расіі ўступіла ў сілу пастанова Урада Расійскай Федэрацыі № 599 ад 20 ліпеня 2011 года «Аб мерах кантролю ў дачыненні да прэпаратаў, якія ўтрымліваюць малыя колькасці наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў, уключаных у пералік наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў, якія падлягаюць кантролю ў Расійскай Федэрацыі», якім устанаўліваецца рэцэптурны парадак продажу прэпаратаў з малым утрыманнем кадэіна або яго соляў. Раней ФСКН Расіі падтрымала прапановы 74 суб'ектаў Расійскай Федэрацыі аб увядзенні такога парадку водпуску гэтых прэпаратаў на тэрыторыі краіны ў цэлым.

Забарона на вольны продаж такіх лекаў, з якіх наркаманы рыхтуюць дэзамарфін, прывёў да фенаменальнага аздараўлення нацыі. Пасля ўвядзення рэцэптурнага продажу на гэтыя прэпараты зніклі дэзамарфінавыя прытоны. Гэта пацягнула сторазовае скарачэнне рынку дэзамарфіну ў краіне. Продажы прэпаратаў, утрымліваючых кадэін, зменшыліся ў розных рэгіёнах краіны ад 10 да 50 разоў, канфіскацыі дэзамарфіна пры гэтым скараціліся практычна ў 100 разоў.

Што тычыцца рэабілітацыі, то 9 чэрвеня 2010 года Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Д.А.Мядзведзевым зацверджана Стратэгія дзяржаўнай антынаркатычнай палітыкі Расійскай Федэрацыі да 2020 года. Ключавой яе задачай стала распрацоўка праекта дзяржаўнай міжведамаснай праграмы “Комплексная рэабілітацыя і рэсацыялізацыя спажыўцоў наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў”.

Мэта самой  праграмы – істотнае скарачэнне попыту на наркотыкі шляхам стварэння Нацыянальнай сістэмы комплекснай рэабілітацыі і рэсацыялізацыі спажыўцоў наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.

Галоўная задача праграмы складаецца ў павелічэнні колькасці ўключаных у эфектыўныя праграмы комплекснай рэабілітацыі і рэсацыялізацыі наркаспажыўцоў – да 150 тысяч чалавек штогод (з цяперашніх прыкладна 25 тысяч) і павышэнне эфектыўнасці вызвалення ад наркатычнай залежнасці як мінімум да 30% стойкай працяглай рэмісіі (з цяперашніх прыкладна 3%).

Улічваючы, што пры ранейшым ладзе жыцця кожны з уцягнутых ў праграму рэабілітацыі далучыў бы да наркаспажывання яшчэ не менш за 15 чалавек, атрымліваецца, што пры мінімум трохразовым станоўчым эфекце мы, дзякуючы праграме, да 2020 года выратуем ад смерці каля мільёна нашых суграмадзян, пераважна маладых, уключаючы і тых, хто дзякуючы рэабілітацыі не пачне ўжываць наркотыкі.

Гаворка ідзе не толькі аб адчувальным падрыве сацыяльнай базы наркаманіі, але і аб прамым зберажэнні нашага народа ў нестабільнай дэмаграфічнай сітуацыі. Па сутнасці, гаворка ідзе пра другі этап бітвы за нашу моладзь, выйграваючы яе ў смерці ад наркотыкаў.

Асноўнай умовай паспяховай рэабілітацыі нарказалежнага з'яўляецца дыстанцыяванне яго ад сацыяльнага асяроддзя, якое прывяло да фарміравання залежнасці. Таксама неабходна ўключэнне рэабілітантаў ў інтэнсіўны працоўны працэс. Не менш важна іх пражыванне і праца ў калектывах з вопытнымі настаўнікамі, тэрапеўтычных камунах і супольнасцях, якія ўзнаўляюць усе параметры паўнавартаснага соцыўма.

Таму ключавым напрамкам арганізацыі сацыяльнай рэабілітацыі павінна стаць стварэнне сельскіх гаспадарак, куды акрамя рэабілітантаў прыцягваюцца мясцовыя жыхары, у выніку чаго ствараецца ўстойлівая тэрапеўтычная супольнаць, якая становіцца супольнасцю развіцця – эканамічнага і сацыяльнага.

Прымушаць да вызвалення ад залежнасці не толькі няправільна, але і папросту немагчыма. Але фармаваць матывацыю – абавязак грамадзянскай супольнасці і дзяржавы. Таму мы лічым, што трэба ўсімі магчымымі дэмакратычнымі і законнымі сродкамі далучаць нарказалежных да рэабілітацыі, і для гэтага неабходныя не крайнасці рэпрэсіўнага падыходу, а шырокі інструментар матывіравання, які пастаянна распрацоўваецца і папаўняецца.

Апошнія паўгода ў рэгіёнах краіны арганізавана інтэнсіўная распрацоўка механізмаў дзяржаўнай падтрымкі грамадскіх і рэлігійных арганізацый, паспяхова займаюцца рэабілітацыйнай дзейнасцю ў адносінах да асобаў, якія прайшлі курс лячэння ад наркатычнай залежнасці. У шэрагу суб'ектаў Расійскай Федэрацыі ўжо практыкуецца грантавая падтрымка недзяржаўных цэнтраў рэабілітацыі.

У той жа час, існуе цэлы шэраг рэабілітацыйных цэнтраў, да гэтага часу не атрымліваюць дзяржаўнай падтрымкі, але якія маюць велізарны станоўчы вопыт сацыяльнай рэабілітацыі. Таму ў гэтай галіне яшчэ шмат чаго трэба зрабіць.

— Як вы ацэньваеце наркасітуацыю ў заходняй частцы постсавецкай прасторы, у тым ліку ў Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі? Ці атрымалася ў беларускіх і расійскіх праваахоўных органаў дамагчыся дастатковага ўзроўню ўзаемадзеяння ў барацьбе з наркапагрозай?

— Беларуска-літоўскі ўчастак мяжы буйных транзітных транспартных магістраляў выкарыстоўваецца арганізатарамі міжнароднага наркатрафіку для паставак наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў з краін ЕС у Расію, а таксама з Цэнтральнай Азіі ў ЕС. У 2012 годзе праз пункты пропуску літоўскага ўчастка спрабавалі завезці ў Беларусь як сінтэтычныя псіхатропныя рэчывы, так і наркотыкі расліннага паходжання. Па-ранейшаму злачынцы робяць спробы стварэння на тэрыторыі Беларусі падпольных лабараторый па вытворчасці наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Прычым іх колькасць штогод павялічваецца.

Пагадненне паміж ФСКН Расіі і МУС Рэспублікі Беларусь аб супрацоўніцтве ў барацьбе з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў дзейнічаюць з мая 2005 года. За гэты час узаемадзеянне расійскіх і беларускіх калег дасягнула вельмі высокага прафесійнага ўзроўню.

Паміж нашымі службамі на пастаяннай аснове ажыццяўляецца актыўны абмен аператыўнай інфармацыяй. Праваахоўныя органы Беларусі — актыўныя ўдзельнікі спецыяльных лакальных антынаркатычных аперацый «Канал». Яны праводзяцца на падставе прынятага ў 2008 г. рашэння Савета калектыўнай бяспекі Дагавора дзяржаў — членаў АДКБ. Падчас адной з апошніх аперацый праца Аператыўнага ўпраўлення Міжнароднага каардынацыйнага штаба па кіраўніцтве аперацыяй была разгорнута на базе МУС Рэспублікі Беларусь.

Дзякуючы дакладнай і зладжанай рабоце нацыянальных міжведамасных штабоў дзяржаў — членаў АДКБ, праваахоўных органаў дзяржаў — назіральнікаў, высокай ступені даверу паміж удзельнікамі і іх актыўнага ўзаемадзеяння з незаконнага абароту канфіскавана каля 3 тон наркотыкаў — у тым ліку 17 кілаграмаў гераіну, больш за 3 кілаграмы сінтэтычных наркотыкаў, адзін кілаграм опію, амаль 2,8 тоны марыхуаны, 2 кілаграмы гашышу, 111 грамаў какаіну, 8 тон дзікарослага маку, а таксама больш за 38 кілаграмаў прэкурсораў.

Станоўчы вопыт правядзення лакальных антынаркатычных аперацый даказвае эфектыўнасць міжнароднага інструмента барацьбы з незаконным абаротам наркотыкаў і неабходнасць працягу актыўнай дзейнасці па развіцці ўзаемавыгаднага ўзаемадзеяння на субрэгіянальным узроўні.

— У Беларусі і Расіі рэалізуюцца прынцыпова розныя падыходы да рэабілітацыі нарказалежных. Перш за ўсё, гаворка ідзе пра стаўленне да замяшчальнай тэрапіі. Ці не ўяўляе такое адрозненне падыходаў перашкоды на шляху да больш эфектыўнага супрацоўніцтва?

— У нас няма перашкод для эфектыўнага супрацоўніцтва. Неабходна адзначыць, што ў 2012 годзе ў Рэспубліцы Беларусь быў прыняты Закон «Аб наркатычных сродках, псіхатропных рэчывах, іх прэкурсорах і аналагах», у якім, аналагічна адпаведнаму нашаму федэральнаму закону, асобныя часткі прысвечаны як незаконнаму абароту наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў, так і прафілактыцы іх спажывання. Прычым вылучаюцца асобы, якія спажываюць наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, іх прэкурсоры і аналагі, і асобы, хворыя на наркаманію.

Што тычыцца замяшчальнай тэрапіі, то яна практыкуецца ў шэрагу краін былога СССР. Наркаману пад наглядам даюць метадон, паступова памяншаючы дозы, і, як сцвярджаюць, залежнасць зніжаецца. Але няма клінічна пацверджаных даных, што гэта прыносіць эфект. Ёсць зваротныя вынікі: чалавек атрымлівае залежнасць менавіта ад метадону і не можа пазбавіцца ад яе.

Да прыкладу, ва Украіне, дзе практыкуюць замяшчальную тэрапію, цяпер кажуць, што страшнай праблемай стаў метадон. Спачатку лічылі, што метадон — панацэя. Але потым рэзка пайшла ўгару смяротнасць, а колькасць спажыўцоў стала хутка расці, метадон пачаў «круціцца» на чорным рынку. Залежнасць ад яго яшчэ больш моцная, чым ад гераіну. Каб зняць гераінавую абстыненцыю, трэба 14 дзён, а метадонавую — 45 сутак.

Метадонавыя праграмы ўкараняюцца за гранты ад розных няўрадавых арганізацый з за мяжы. Таму здаецца, што лячэнне бясплатнае. Але калі людзі прывыкаюць да гэтага наркотыку, патрэбны велізарныя сродкі, каб закупляць яго для распаўсюджвання сярод насельніцтва.

Таму абарот метадону, як сінтэтычнага лекавага прэпарата з групы апіоідаў, які ўжываецца як анальгетык пры лячэнні наркатычнай залежнасці, у Расіі катэгарычна забаронены.

 

Падрыхтаваў Юрый Царык.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».