Вы тут

Мінск і Гомель лідзіруюць па колькасці наркаманаў


На пытанні карэспандэнта «Звязды» адказвае кіраўнік цэнтра маніторынгу за наркотыкамі і наркаспажываннем Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук, прафесар Уладзімір ЛЯЛЕВІЧ.

1385528076170_27-26

— Уладзімір Валяр'янавіч, як ажыццяўляецца маніторынг за наркалагічнай сітуацыяй у нашай краіне?

— Гэтая праца распачалася 20 гадоў таму, калі па загадзе міністра аховы здароўя ўсе наркалагічныя ўстановы абавязалі раз у квартал дасылаць нам адпаведную інфармацыю. Мы распрацавалі рэгістрацыйную форму на зноў выяўленых наркаспажыўцоў, якія ставяцца на ўлік. І яшчэ адну форму — на тых, каго знімаем з уліку па прычынах смерці, выезду за межы рэспублікі, пападання ў месцы пазбаўлення волі, вылечвання па медыцынскіх параметрах. Зыходзячы з гэтых патокаў інфармацыі, мы стварылі камп'ютарны рэспубліканскі банк даных наркаспажыўцоў і абнаўляем яго да цяперашняга часу. Штогод фарміруем рэспубліканскую справаздачу ў Камітэт па кантролі за наркотыкамі ААН, які размяшчаецца ў Вене. Цесна супрацоўнічаем з органамі па наркакантролі Міністэрства ўнутраных спраў, з калегамі ў Расіі, ва Украіне і іншых краінах, удзельнічаем у міжнародных праектах.

— ААН называе наркаманію адной з галоўных пагроз існавання нацый, нароўні з ядзернай вайной і экалагічнай катастрофай …

— Распаўсюджанасць наркаманіі ў Беларусі, паводле нашых даных, значна ніжэй, чым, дапусцім, у Расіі і ва Украіне. Але і ў нас назіраецца тэндэнцыя да паступовага і няўхільнага росту. Напрыклад, калі ў 2008 годзе колькасць наркаспажыўцоў складала амаль 110 чалавек на 100 тысяч насельніцтва, то летась — 138, а на пачатак гэтага года — ужо 155. У цэлым па рэспубліцы на наркалагічным уліку Міністэрства аховы здароўя на 1 ліпеня гэтага года стаяла 15196 спажыўцоў псіхаактыўных рэчываў — прырост за паўгода склаў 3,7%. Пры гэтым афіцыйная інфармацыя, як лічаць многія спецыялісты ў розных краінах, — гэта толькі бачная частка айсберга. А колькі нарказалежных рэальна — невядома, можна толькі здагадвацца. На гэты конт ёсць розныя ацэнкі. Пераважае меркаванне, што зарэгістраваную колькасць трэба памнажаць на 7–10.

— Якая структура, спосабы спажывання наркотыкаў і іх распаўсюджанасць па рэгіёнах?

— Традыцыйна ў нас пераважаюць спажыўцы опіумных наркотыкаў. На пачатак гэтага года колькасць опіумных наркаманаў складала 69% ад усіх зарэгістраваных. На другім месцы па спажыванні (16%) — канабіноіды (марыхуана, гашыш і інш.). Далей ідуць інгалянты — рэчывы таксіманічнага дзеяння (каля 7%) і іншыя наркотыкі.

Асноўнай асаблівасцю гэтага года з'яўляецца істотнае павелічэнне выпадкаў рэгістрацыі на наркалагічным уліку спажыўцоў курыльных сумесяў тыпу «спайс». Калі летась былі выяўлены толькі адзінкавыя выпадкі ўжывання спайсу, то сёлета наркалагічнымі ўстановамі Мінска, Гомеля і Гродна зарэгістраваны ўжо 82 спажыўцы.

Наркатычны рынак вельмі чуйна і, на жаль, іншы раз з апярэджаннем афіцыйных органаў рэагуе на гэтыя «модныя», даступныя па цане нарказмяшчальныя рэчывы. Міністэрства аховы здароўя практычна штогод аператыўна пашырае спіс наркатычных рэчываў, якія з'яўляюцца забароненымі для ўжывання. Але праўда жыцця такая, што падпольныя наркаспажыўцы працуюць даволі эфектыўна. І таму ўнясенне тых ці іншых рэчываў у спіс забароненых — гэта канстатацыя таго, што яны ўжо больш-менш працяглы час знаходзяцца на наркалагічным рынку. Аб тых жа спайсе, насваі гадоў 10 таму яшчэ ніхто не ведаў, а цяпер яны з'яўляюцца, і ўзнікаюць праблемы.

Сярод спосабаў ужывання наркатычных рэчываў, што вельмі трывожна, пераважае ін'екцыйны (на пачатак 2013 г. — 68%). Гэта пагражае найбольш сур'ёзнымі наступствамі, паколькі звязана з перадачай шэрагу захворванняў, і ў першую чаргу — з ВІЧ-інфіцыраваннем.

Сярод буйных гарадоў найбольшы паказчык распаўсюджанасці наркаманіі (на 100 тысяч насельніцтва) цяпер адзначаецца ў Мінску і Гомелі. А сярод райцэнтраў у тройцы «лідараў» Салігорск, Пінск і Светлагорск. Дарэчы, апошні яшчэ 15 гадоў таму быў у нас, умоўна кажучы, наркалагічнай «сталіцай» па колькасці спажыўцоў псіхаактыўных рэчываў.

— А які сярэдні ўзрост нарказалежных?

— Увогуле наркотыкі найбольш распаўсюджаны ў моладзевым асяроддзі. Тэндэнцыі па рэзкім амаладжэнні наркаспажыўцоў у нас не прагледжваецца. Але важна мець адэкватныя праграмы, якія маглі б функцыянаваць, пачынаючы са школы. Пэўная работа ў гэтым кірунку вядзецца, аднак яшчэ не вызначаны змест такіх праграм, аб'ём па гадзінах, узроставы перыяд, з якога трэба распачынаць прафілактычную працу. Не варта гіпертрафіраваць гэтую праблему, аднак нельга яе і замоўчваць. Трэба ўдумліва, даходліва размаўляць з маладымі людзьмі, каб яны маглі заняць разумную, актыўную пазіцыю ў дачыненні да наркотыкаў.

— У Расіі гучалі прапановы ўвесці абавязковае тэсціраванне школьнікаў на нарказалежнасць …

— Сапраўды, такую прапанову выказаў галоўны нарколаг Расійскай Федэрацыі Яўген Брун, які, дарэчы, быў у Гродне на адной з канферэнцый. На гэта я пакуль не магу даць адназначны адказ. Па-першае, сістэмы тэсціравання патрабуюць пэўных, і немалых, матэрыяльных затрат. Па-другое, узнікае юрыдычны аспект пытання: прымусіць быццам бы нельга, ды і ці патрэбны дазвол бацькоў?

Але пытанне тэсціравання школьнікаў на нарказалежнасць (можа, не ўсіх) павінна прапрацоўвацца. Неабходна цікавіцца адпаведным вопытам у іншых краінах, і, магчыма, адаптаваць яго да нашых рэалій.

— Як вядома, існуе так званая замяшчальная тэрапія, калі нарказалежныя пераводзяцца з больш цяжкіх на менш небяспечныя па наступствах для здароўя наркотыкі. І разам з тым — сілавыя меры па ўзмацненні барацьбы з наркаспажываннем. Дзе ў гэтай сферы разумны баланс?

— Тут некалькі аспектаў. Першы звязаны з тым, што наркотыкі — гэта забаронены субстрат, які нельга афіцыйна перавозіць і распаўсюджваць. Таму праца розных ведамстваў, і ў першую чаргу праваахоўных органаў, у гэтым кірунку павінна праводзіцца няўхільна. Гэта датычыцца і барацьбы з нелегальнымі каналамі паставак наркотыкаў у Беларусь з за мяжы, транзітных перавозак, і процідзеяння наркавытворчасці ўнутры рэспублікі, і кантролю за абаротам наркатычных рэчываў, што выкарыстоўваюцца ў медыцынскай практыцы. Ніякіх паслабленняў тут быць не павінна, у тым ліку і па мерах крымінальнай адказнасці. Дарэчы, некалькі гадоў таму нашым заканадаўствам быў павялічаны тэрмін пакарання за распаўсюджванне наркотыкаў.

Што ж датычыцца лячэння наркаманіі, то гэтая справа вельмі складаная, неадназначная. Эфектыўнасць медыцынскай дапамогі не толькі ў нас, але і за мяжой далёкая ад жаданай. Часцей за ўсё лячэнне абмяжоўваецца купіраваннем вострых праяў (на мове наркаманаў — «ломкі»), а вось далейшая работа з гэтымі пацыентамі — праблема. Як правіла, пасля часовай нармалізацыі стану яны адмаўляюцца ад далейшай рэабілітацыі ў стацыянары і па гэтай прычыне выпісваюцца з рэкамендацыяй прадоўжыць лячыцца ў амбулаторных умовах. Аднак такое лячэнне праходзіць невялікая частка людзей з залежнасцю.

Адзін з метадаў дапамогі такім асобам — гэта так званая замяшчальная тэрапія, якая цяпер прымяняецца ў шэрагу краін. Адпаведная «метадонавая праграма» ў апошнія гады працуе і ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі. Сэнс заключаецца ў тым, каб вывесці наркаспажыўцоў з падпольнага рынку наркотыкаў, перавёўшы іх на ўжыванне метадону ў спецыялізаваных кабінетах наркалагічных устаноў пад наглядам урача. На жаль, не ўсе пацыенты выконваюць патрабаванні гэтай праграмы, але работа ў гэтым кірунку павінна працягвацца.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Этот материал на русском языке

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?