Вы тут

Мінімальная планка на ЦТ — сігнал для слабых абітурыентаў


Паднімаць мінімальную планку для прэтэндэнтаў на студэнцкі білет Міністэрства адукацыі ў бліжэйшы час не плануе, але і зніжаць ніжняе значэнне тэставага бала, якое дазваляе ўдзельнічаць у конкурсе на навучанне ў ВНУ, у галоўным адукацыйным ведамстве таксама не збіраюцца. Аб гэтым паведаміў журналістам першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр ЖУК.

Па словах Аляксандра Жука, на вынікі прыёму ў ВНУ сёлета паўплывалі два асноўныя фактары: гэта змяншэнне колькасці выпускнікоў агульнаадукацыйных школ і павышэнне мінімальных балаў на ЦТ. Па выніках залічэння ў вышэйшыя навучальныя ўстановы засталіся незапоўненымі 2 414 бюджэтных месцаў (1643 — на дзённай форме навучання, 768 — на завочнай і 3 — на вячэрняй), што ў 5 разоў больш за паказчык папярэдняга года. У Ваеннай акадэміі і на ваенных факультэтах недабор склаў 30,5% ад кантрольных лічбаў прыёму, у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі — 250 чалавек, або 25,6%; у Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.Шамякіна 110 чалавек, або 27,5%; у Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце — 185 чалавек, або 16,7%.

— Горш за ўсё абітурыенты справіліся з тэстамі па матэматыцы і фізіцы («адсеў» пасля ЦТ па гэтых прадметах перавысіў 30%), таму і недабор адбыўся пераважна на тых спецыяльнасцях, дзе ў пераліку экзаменацыйных дысцыплін значыліся фізіка і матэматыка. Але ў гэтым таксама ёсць свае «плюсы»: мы бачым, што сёлетнія адзінаццацікласнікі больш сур'ёзна падыходзяць да будучых экзаменаў. Мінімальная планка на ЦТ — гэта сігнал усім, папярэджанне, што слабыя абітурыенты стаць студэнтамі не могуць. Каб навучацца ў вышэйшай школе, трэба мець пэўны багаж ведаў.

Самае галоўнае пытанне, якое цікавіць сёння ўсіх абітурыентаў 2014 года: ці будуць пераглядацца дзеючыя правілы прыёму? У Міністэрстве адукацыі падрыхтаваны праект новай рэдакцыі правілаў. Летась Міністэрства адукацыі таксама рыхтавала грамадскасць да магчымых новаўвядзенняў у парадку адбору прэтэндэнтаў на студэнцкі білет, але ў апошні момант вырашылі пакінуць усё, як было раней. Напэўна, таму Аляксандр Жук палічыў за лепшае пакуль не закранаць «хваравітую» тэму магчымай адмены пры паступленні льгот для пэўных катэгорый абітурыентаў. А засяродзіў увагу толькі на асобным конкурсе паміж сельскай і гарадской моладдзю.

— За сямігадовы тэрмін дзеяння правілаў адбылося значнае збліжэнне прахадных балаў выпускнікоў сельскіх і гарадскіх устаноў адукацыі. У апошнія тры гады на кожнай другой спецыяльнасці (гэта значыць у 50% выпадкаў) залічэнне адбывалася па агульным конкурсе. Доля выпускнікоў сельскіх школ, залічаных на дзённую бюджэтную форму навучання, штогод складае 18—20%. Усяго ў 2013 годзе ў ВНУ было залічана 4,5 тысячы сельскіх абітурыентаў, што складае 35% ад іх выпуску. Улічваючы выраўноўванне ўзроўню падрыхтоўкі выпускнікоў гарадскіх і сельскіх устаноў адукацыі, нам уяўляецца апраўданым правядзенне сярод іх агульнага конкурсу, — агучыў пазіцыю свайго ведамства Аляксандр Жук.

Таксама плануецца пашырыць мэтавы прыём на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці да 60% ад кантрольных лічбаў набору, а па іншых спецыяльнасцях — да 40% і зняць абмежаванні для ахвотных навучацца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі па месцы іх пражывання. Калі гэтая прапанова будзе ўхвалена, то заключыць кантракт на мэтавую падрыхтоўку зможа абітурыент з любога населенага пункта, у тым ліку і мінчанін.

Яшчэ адна прапанова Міністэрства адукацыі — даць магчымасць паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без здачы экзаменаў школьным медалістам (уладальнікам залатога і сярэбранага медалёў), а таксама пераможцам абласнога тура рэспубліканскіх прадметных алімпіяд (уладальнікам дыпломаў І, ІІ і ІІІ ступені).

— Паверце, што ахвотных падхапіць эстафету ў сваіх настаўнікаў хапае. У нас ёсць шмат школ, дзе настаўнікамі працуюць менавіта іх выхаванцы. А, напрыклад, у Ліцэі БДУ 30% педагогаў самі ў свой час навучаліся ў гэтай установе. Таму мы імкнёмся да таго, каб стварыць максімальна камфортныя ўмовы для прыцягнення таленавітай моладзі на педагагічныя спецыяльнасці, — падкрэсліў Аляксандр Жук.

Між іншым, дзве ўстановы адукацыі — Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы і Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. Машэрава — выканалі ў гэтым годзе план прыёму на ўсе спецыяльнасці, у тым ліку і на педагагічныя спецыяльнасці фізіка-матэматычнага профілю. А вось у вядучай педагагічнай ВНУ — Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М.Танка — недабор на бюджэт склаў 136 чалавек, не кажучы ўжо пра платную форму навучання.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.