Вы тут

Адкрыем свет для «людзей дажджу»


«У школе ёсць прадметы, якія мой сын вельмі любіць, а ёсць і такія, што катэгарычна не любіць. Колькі мы ні біліся, матэматыка яму не даецца. Затое падабаецца англійская мова, бо ў яго цудоўная памяць і ён хутка запамінае словы. А з гэтага года ён нечакана заспяваў: пачалі браць індывідуальныя ўрокі музыкі, і аказалася, што Цімур мае здольнасці да спеваў», — кажа Ірына Дзяргач, якая выхоўвае сына-чацвёртакласніка з дыягназам «аўтызм».

10-9

Не толькі даваць веды, але і вучыць камунікаваць

Памылка — лічыць аўтызм псіхічным расстройствам ці адсталасцю ў развіцці. Гэта, хутчэй, асаблівасць, якую пакуль не здольны патлумачыць ні медыцына, ні навука. Сярод аўтыстаў можна сустрэць людзей, якія не могуць самастойна есці, але беспамылкова праводзяць у галаве складаныя матэматычныя разлікі. Стаўленне да такіх «людзей дажджу» ў нашым грамадстве пакуль неадназначнае, ды і пра сам дыягназ людзі амаль нічога не ведаюць.

Таму, калі прыйшла пара аддаваць Цімура ў школу, пра стварэнне спецыялізаваных АВА-класаў яшчэ нават гаворкі не было. Пайшлі вучыцца разам з дзяўчынкай, якая слаба чула: такім чынам атрымаўся клас, у які трапілі двое асаблівых дзяцей. Але, нягледзячы на такую спробу інтэграцыі, праблеме аўтызма там надаецца недастаткова ўвагі.

«Такім дзецям вельмі доўга трэба тлумачыць, здавалася б, звычайныя рэчы: як паводзіць сябе, як звяртацца да дарослых, як гуляць, наладжваць стасункі, весці дыялог, — тлумачыць Ірына. — Па праграме з цяжкасцямі ў навучанні, куды трапіў мой сын, толькі адна гадзіна групавых заняткаў з псіхолагам на тыдзень. Відавочна, што гэтага недастаткова: яму патрэбны заняткі сам-насам штодзённа. А налета яму ісці ў пяты клас, і я не ўяўляю, што будзе. Пакуль дзіця вялі адзін настаўнік і адзін дэфектолаг, усё было добра. Калі ж з'явіцца шмат выкладчыкаў-прадметнікаў, пачнуцца праблемы, бо кожнаму растлумачыць, што такое аўтызм, складана. Таму што з выгляду мой сын — абсалютна здаровы, бойкі, балбатлівы хлопчык».

Як лічыць Ірына Дзяргач, на этапе пачатковай школы самае галоўнае — стварыць адаптаванае пад аўтыстаў асяроддзе. Дэфектолаг і псіхолаг павінны не толькі даваць веды, але і вучыць дзіця камунікаваць. На ступені сярэдняй школы неабходны цьютар — чалавек, які б паўсюдна суправаджаў дзіця ў школе.

«Калі мы ішлі ў першы клас, бацькі аднакласнікаў яго пабойваліся. А цяпер яны кажуць: «Вы пераходзіце ў пяты клас, гэта ж вашага Цімура пакрыўдзіць могуць», — кажа жанчына. І адзначае, што паводле Кодэкса аб адукацыі, кожнае дзіця мае права на атрыманне ведаў. Навучальную ўстанову выбіраюць бацькі. І менавіта ўстанова адукацыі абавязана стварыць умовы, якія адпавядалі б асаблівасцям развіцця канкрэтнага дзіцяці. Але ў рэчаіснасці, калі бацькі такіх дзетак звяртаюцца ў дзіцячыя садкі і школы, ім адказваюць, што няма адпаведных спецыялістаў і інтэграваных класаў.

Маленькімі крокамі — да вялікай справы

Але цяпер у гэтай сферы з'яўляюцца станоўчыя зрухі. Шмат намаганняў на гэта накіроўвае Міжнародная дабрачынная грамадская арганізацыя «Дзеці. Аўтызм. Бацькі», створаная два гады таму. Арганізацыя прадстаўляе інтарэсы беларускіх сем'яў, якія выхоўваюць «аўцят». Бацькам, якія ўваходзяць у суполку, хоць і з пэўнымі цяжкасцямі, але ўдаецца дагрукацца да чыноўнікаў і грамадскасці. Адным з вынікаў дзейнасці арганізацыі стала адкрыццё сёлета першага інтэграцыйнага АВА-класа на базе агульнаадукацыйнай сярэдняй школы №5 у Мінску. Гэта пілотны праект, які мусіць пакласці пачатак інклюзіі дзяцей з аўтызмам у нашай краіне, іншымі словамі, дапамагчы ім паўнавартасна ўключыцца ў грамадства. Асаблівасць такога класа ў тым, што аўтысты вучацца разам са звычайнымі дзецьмі, але пры гэтым спецыяльна ўведзены 0,5 стаўкі педагога-псіхолага і 1,5 стаўкі памочніка выхавальніка (цьютара). Праўда, асаблівых першакласнікаў, якія атрымалі магчымасць вучыцца ў АВА-класе, пакуль толькі трое — неабходны для інтэграцыі мінімум. Пры тым, што нават афіцыйная статыстыка паведамляе: на 1 студзеня 2013 года ў краіне зарэгістравана каля 700 дзяцей з аўтызмам. Зрэшты, ёсць яшчэ неафіцыйныя звесткі, паводле якіх у Беларусі жыве каля 10 тысяч дзяцей з такім дыягназам (сярод іх 2000 — у Мінску).

«Ва ўсім свеце праблема аўтызму ахоплівае тры ведамствы: аховы здароўя, адукацыі і сацыяльнай абароны, — гаворыць кіраўнік МДГА «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» Таццяна ЯКАЎЛЕВА. — Аўтызм — гэта не псіхіятрычнае захворванне, гэта псіхасаматычны стан, і асноўная доля адказнасці па яго карэкцыі прыпадае менавіта на сістэму адукацыі. Міжнародная практыка паказвае, што каля 70% такіх дзяцей пры належнай псіхолага-педагагічнай падтрымцы ў сем гадоў размаўляюць і ідуць у агульнаадукацыйную школу. Чым раней спецыялісты пачынаюць працаваць з праблемамі камунікацыі і сацыялізацыі маленькага аўтыста, тым больш шанцаў у яго стаць паўнавартасным членам грамадства».

Цяпер Беларусь стаіць на парозе падпісання Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю. У ёй існуе пункт, прысвечаны інклюзіўнай адукацыі. І сёння бацькі маленькіх аўтыстаў бачаць выйсце менавіта ва ўключэнні сваіх дзяцей у агульную сістэму атрымання ведаў. Бо пакуль што многія дзеткі з асаблівасцямі вымушаны заставацца на надомным навучанні ў чатырох сценах, што не спрыяе іх сацыялізацыі.

Таццяна Якаўлева паведаміла, што сёлета па ініцыятыве МДГА «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» адбылося пасяджэнне Мінгарвыканкама з удзелам камітэтаў па ахове здароўя, адукацыі і сацыяльнай абароны, на якім было прынята рашэнне аб адкрыцці трох рэсурсных цэнтраў па аўтызме ў Мінску. Налета плануецца адкрыць яшчэ адзін адаптацыйны клас для дзетак-аўтыстаў на базе сярэдняй школы ў Фрунзенскім раёне.

«Але падрыхтоўка да школы павінна мець пэўную базу, — адзначае Таццяна Якаўлева, — таму Мінгарвыканкам ужо заклаў сродкі на ўвядзенне мадэлі сацыялізацыі нашых дзетак у дзіцячым садку. Ужо адкрыўся рэсурсны цэнтр для аўтыстаў пры дзіцячым садку № 235».

Відавочна, што вопыту па адаптацыі дзяцей з расстройствамі аўтычнага спектра ў нашай краіне няма. Таму члены арганізацыі «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» пераймаюць замежныя мадэлі, у прыватнасці, амерыканскую, якая лічыцца перадавой у гэтай сферы. Карыстаюцца досведам калег з Расіі, запрашаюць спецыялістаў з Вялікабрытаніі. Большая ж частка працы па адаптацыі маленькіх аўтыстаў прыпадае на валанцёраў — неабыякавых людзей, якія бескарысліва працуюць цьютарамі, арганізуюць сувязь з грамадскасцю, ствараюць сайты і робяць шмат іншых рэчаў. Вялікую ролю ў валанцёрстве адыгрывае праваслаўнае брацтва ў гонар Святога апостала Іаана Багаслова Мінскай епархіі. Але, каб дапамагчы дзецям, неабавязкова быць членам брацтва ці якой-небудзь грамадскай арганізацыі. Рабіць добрыя справы можа кожны, дастаткова проста мець добрае сэрца і адкрытую душу.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

P. S.: Падчас падрыхтоўкі матэрыяла стала вядома, што міністр адукацыі Сяргей Маскевіч прапанаваў нарматыўна замацаваць тэрмін «інклюзіўная адукацыя» ў Кодэксе аб адукацыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».