Вы тут

Кошчын дом, або Хто, калі не я?


Так лёгка здзейсніць добрую справу. Перавесці бабулю праз дарогу ці дапамагчы сябру. Знаходзяцца і тыя, хто дапамагае пенсіянерам, інвалідам, дзецям, якія засталіся без бацькоў. Але дабрыня патрэбна не толькі людзям. І гэта, як ніхто, разумеюць валанцёры першага ў краіне прыватнага прытулку «Суперкот».

1386650286876_10-12

Кожны год на вуліцах Мінска з'яўляецца ўсё больш і больш катоў, ад якіх пазбавіліся гаспадары. У кожнага вусатага свая сумная гісторыя…

Боні валанцёры падабралі ледзь жывога ў мінскім парку, пад кустом. «У ката няправільны прыкус, хутчэй за ўсё яго выбракавалі заводчыкі, нягледзячы на тое, што кот пародзісты — перс, — чытаю на форуме прытулку гісторыю ката Боні. — Лічынкі мух кішэлі пад поўсцю і елі жыўцом няшчаснае стварэнне. Пах стаяў жудасны, ванітны… Мы думалі, што кот ужо не жывы… Але Боні раптам замуркаў. Маўляў, не хачу паміраць, дапамажыце, калі ласка… Павезлі яго да ветэрынара. Спачатку спрабавалі агледзець яго ў кабінеце ўрача, але калі чарвякі пасыпаліся купкамі на стол, вымушаны былі перамясціцца ў ванну. Уласна, там усё лячэнне і адбывалася. Пасля водных працэдур ката загарнулі ў пялюшкі, і ён пачаў удзячна муркаць! Самі ўрачы здзівіліся.

Падобных гісторый тысячы. Галоўнае, лічаць валанцёры з прытулку « Суперкот», каб у іх быў шчаслівы канец.

Да выратавання беларускіх катоў падключаюцца іншаземцы

Адчыняюцца дзверы, і з усіх бакоў на мяне глядзяць цікаўныя каціныя вочкі. У прытулку «Суперкот», дзе сёння 42 гадаванцы, мяне сустракае Віталь, які мае непасрэднае дачыненне да стварэння прытулку.

— Прытулак быў арганізаваны ў 2009 годзе, — распавядае Віталь. — У 2010 м мы зарэгістравалі арганізацыю «Моладзевае грамадскае аб'яднанне аматараў жывёл «Суперкот», таму што ў нас некамерцыйны праект, грошай не прыносіць. Кожны год больш за тысячу жывёл праходзіць праз нашу арганізацыю. У прытулку тры пакоі. Спачатку каты трапляюць на каранцін, дзе мы за імі назіраем, кансультуемся з ветэрынарамі. Каранцін працягваецца як мінімум два тыдні — за гэты час большая частка нюансаў, звязаных са здароўем, становіцца зразумелай. Пасля каты пераязджаюць у другі пакой, дзе за імі таксама ўважліва назіраюць. У трэцім пакоі знаходзяцца коцікі, якія шукаюць новых гаспадароў. Людзі, якія збіраюцца ўзяць ката, праходзяць кастынг і сумоўе.

Каты ад нас трапляюць па-рознаму, але часцей праз арганізацыю «Фаўна горада», з якой мы цесна супрацоўнічаем.

— На жаль, у «Фаўне горада» не заўсёды ёсць магчымасць доўга трымаць катоў у сябе, і яны перадаюць іх нам, — працягвае Віталь. — Праўда, і ў нас абмежаваная колькасць месцаў. Таму цяпер мы ўладкоўваем нашых катоў нават у іншыя краіны. Маскоўскія валанцёры звярнуліся да нас з прапановай дапамагчы. Мы адгукнуліся і арганізавалі першую вандроўку для 5 сабак. Падключыліся валанцёры з Піцера. Сёння працуем і з кіеўскімі прытулкамі. Усяго ў Маскву, Піцер і Кіеў мы адправілі 94 сабакі і 53 каты. Два сабакі паехалі жыць у Галандыю, некалькі апынулася ў Германіі. Часта людзі не разумеюць, чаму валанцёры з іншых краін дапамагаюць катам і сабакам з Беларусі. Справа ў тым, што ў іх ужо няма такіх месцаў, дзе ўсыпляюць жывёл, працуе стэрылізацыя і сетка прытулкаў. Калі ў іх ёсць магчымасць, яны гатовыя ўзяць жывёл да сябе.

Зняць ката з дрэва — задача для альпініста

— Многія нашы валанцёры — рэдкія спецыялісты, — працягвае Віталь. — Напрыклад, Вольга — практычна адзіны чалавек, здольны, дзякуючы альпінісцкім навыкам, зняць ката з дрэва. Быў выпадак, калі ката давялося даставаць з вентыляцыі ў корпусе Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

Мы бяром пад апеку знясіленых, траўмаваных катоў, кацянят без мамы. У прытулку ёсць каты без хваста, без вачэй, з траўмаванымі канечнасцямі, адзін кот са зламанай сківіцай, які сам есці не можа, двухмесячнае кацяня без лапкі. На лячэнне ідзе шмат сродкаў і чалавечых сіл. Таму мы будзем рады дапамозе валанцёраў, якія не баяцца цяжкасцяў. Прытулак існуе на ахвяраванні: толькі за арэнду памяшкання мы кожны месяц плацім 500 еўра. Шмат грошай ідзе на ежу, лекі.

За апошні год у прытулку шмат што змянілася да лепшага. Мы правялі рамонт у трэцім пакоі, набылі новыя клеткі, замянілі падлогавае пакрыццё. У прытулку ўсталявалі новыя вокны, цалкам заменена электраправодка, устаноўлены бяспечныя абагравальнікі. Усё гэта стала магчымым дзякуючы неабыякавым людзям, валанцёрам, якія знаходзяць час пасля працы прыходзіць у прытулак. Дзяжурства ўключае ў сябе вільготную прыборку ўсіх клетак і памяшканняў, мыццё місак для прыёму ежы, кармленне жывёл.

Не ўсім катам камфортна ў нас… Аднойчы ад сардэчнага прыступу загінула котка, яна не змагла перажыць здраду гаспадароў. Вельмі важны элемент — ласка. Кожнага трэба пагладзіць, з кожным трэба пагаварыць, каб паменшыць стрэс, каб каты пачалі давяраць.

Прытулак «анлайн»

Сёння з'явілася магчымасць назіраць за жыльцамі прытулку, не выходзячы з дому.

— У пакоі № 1 была ўсталявана вэб-камера, — распавядае Віталь. — Арганізоўваецца трансляцыя сюжэтаў пра жыццё насельнікаў прытулку, працу валанцёраў. Гэта, спадзяюся, дапаможа камусьці знайсці сябе ў якасці валанцёра, а можа, сустрэць адданага сябра ці проста адпачыць душой, назіраючы за жыльцамі прытулку.

Дзякуючы нашай працы, каты знаходзяць новы дом, атрымліваюць другі шанц. Я часта чую, што наша праца не патрэбна, што мы ўсё роўна не здолеем дапамагчы ўсім. Часткова гэта праўда, усім мы не дапаможам, але калі будзе выратаваны нават адзін кот, гэта ўжо перамога. А мы кожны год ратуем тысячы катоў.

А тым часам…

У Мінску абвешчаны вышук скуралупа.

Яго ахвяры знойдзены ў розных раёнах Мінска, але большасць — у мікрараёне Серабранка. Напрыклад, сабака з цалкам садранай скурай, прабітым страўнікам і адрэзанымі вушамі… Было знойдзена маленькае кацяня з адсечанымі лапамі і ранай на шыі. Складана паверыць, што гэта зрабіў здаровы чалавек. Хутчэй за ўсё, мінскі скуралуп псіхічна хворы. Але ад гэтага яго ахвярам не лягчэй. Вельмі важна як мага хутчэй знайсці забойцу, каб спыніць гэты здзек з бездапаможных катоў і сабак. Барацьбу са скуралупам распачаў мінчанін, які прапанаваў узнагароду за інфармацыю аб месцы знаходжання злачынца памерам у тысячу долараў.

Пункт гледжання

Маша, працуе валанцёрам у прытулку паўтара года:

«Даведалася аб прытулку ад свайго сябра. Адразу зайшла ў інтэрнэт, каб знайсці больш падрабязную інфармацыю, пабачыла фотаздымкі катоў — і захапілася! Я прыходжу ў прытулак 1 раз на тыдзень на дзяжурства, акрамя таго, пішу тэксты пра коцікаў і раскідваю па сацыяльных сетках. Мяне часта пытаюцца, навошта мне ўсё гэта, а я заўсёды адказваю: «Хто, калі не я?»

Аксана, працуе валанцёрам з ліпеня 2009 года:

«Калісьці праходзіла акцыя ў падтрымку бяздомных жывёл, у ёй удзельнічалі і дзяўчаты з прытулку «Суперкот». Арганізацыя, якая праводзіла акцыю, забараніла прытулку збіраць ахвяраванні. Мяне гэта здзівіла і абурыла, пасля гэтага я стала валанцёрам. Я прыходжу да жывёл і кожны раз адчуваю, як моцна я там патрэбна. Чалавек, нават самы нямоглы, у стане пра сябе паклапаціцца, атрымлівае хай і невялікую, але ўсё ж пенсію, а жывёлы цалкам залежаць ад людзей.

Юля, толькі пачала працаваць валанцёрам:

«Я вельмі люблю жывёл і ніколі не ставілася да іх абыякава. Галоўнае — не проста казаць «Я хачу дапамагчы», а прыйсці і рэальна папрацаваць, толькі такое спачуванне сапраўды прынясе карысць. У мяне самой дома жывуць два сабакі і два каты, я іх вельмі люблю. Хочацца падараваць гэтую любоў як мага большай колькасці жывёл».

Надзея ЕМЯЛЬЯНАВА.

Даведка «Звязды»

«Фаўна Горада» — камунальнае вытворчае дзяржаўнае прадпрыемства. Функцыянуе з 2004 года. Прадпрыемства ажыццяўляе: адлоў безнаглядных жывёл (сабак, катоў) па заяўках жыллёва-эксплуатацыйных службаў і іншых арганізацый; падбор траўмаваных жывёл на тэрыторыі Мінска; прыём непатрэбных і знойдзеных жывёл ад насельніцтва, часовае ўтрыманне адлоўленых безнаглядных жывёл (не менш за пяць дзён).

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».