Вы тут

Калі шчасце накрывае хваляй...


Прачнулася сонейка. За акном стаў праглядацца світанак. У пакоі ўсё яшчэ такая ўтульная цішыня. Цудоўны маленькі сусвет. У ім здараецца ўсё толькі самае лепшае. Нават калі ты ўжо і не спадзяешся. І тады шчасце накрывае хваляй і паглынае цалкам...

1386819789272_12-12

— Добры дзень! — сказала Ліза сама сабе. Усміхнулася ў люстэрка і, падскокваючы, пайшла мыцца. Свежае паветра, якое запаўняла кватэру з прыадчыненага акна, дадавала лёгкасці. Не хапала толькі паветранага шарыка, ледзянца і дзвюх акуратна заплеценых косак для поўнага малюнка радасці, пяшчоты і непасрэднасці. Як у дзяцінстве...

Не змяняючы сваёй звычцы хадзіць пешшу, Ліза выйшла з дому. Вуліцы паступова ажывалі. Чым бліжэй да працы, тым больш было людзей. А вось і прыпынак «Праспект Незалежнасці». З аўтобуса выходзяць людзі. Мітусня, нервовыя воклічы — усё, горад прачнуўся.

У офісе Лізу сустрэў ахоўнік з... паветраным шарам. Мала сказаць, сустрэў — ён павіншаваў яе з днём нараджэння і пажадаў выдатна правесці дзень.

— Гэта ж трэба! Я і забылася, што ў мяне сёння свята! Вялікі дзякуй, Мікалай Мікалаевіч!

Лесвіца. Пяты паверх. Калідор. Падазроная цішыня. У сваім кабінеце яе чакалі калегі, якія акружылі ўвагай: віншаванні, падарункі... Яшчэ адзін дзень нараджэння. Гэта падстава падумаць аб тым, што адбылося за апошні час, узважыць усё і... Новае паведамленне па мабільным: «З днём нараджэння, дачушка! Рабі тое, што іншыя не хочуць рабіць, бо праз дзень ты будзеш рабіць тое, што іншыя не могуць!».

Праз хвіліну на экране высвечваецца «выклікае Адзіны». Віншаванне не прымусіла сябе чакаць. Усмешка не сыходзіла з яе твару да таго часу, пакуль не прагучала фраза «Хутчэй за ўсё, мы не ўбачымся». Ліза больш не чула нічога: ні тлумачэнняў, ні апраўданняў — усё пралятала міма яе...

Частыя камандзіроўкі Канстанціна навучылі кахаць на адлегласці і з нецярплівасцю чакаць сустрэч. Ён абяцаў, што ў яе дзень нараджэння абавязкова будзе побач. Гэта быў бы лепшы падарунак... Крыўда. Расчараванне. Неразуменне... Застыла каля акна. Раптам стала шэра і пахмурна. Але які ўраган бушаваў унутры Лізы! Адцягнуцца ад сумных думак і супакоіцца дапамагла любімая праца.

...Увечары, развітаўшыся з калегамі, Ліза спусцілася ў фае. З галавы не выходзіў Косця. «Як ён мог так паступіць? Сапсаваць дзень. Ненавіджу! Цябе, Косця, і тваю працу!» Падняла вочы. Замерла на імгненне і паскорыла крок. Цюльпаны! Ярка-жоўтыя і чырвоныя, як яе паветраны шар. Такога сюрпрызу яна ніяк не чакала! І Косціна ўсмешка скрозь букет... Так міла і кранальна... Якое задавальненне бачыць, што чалавек з такой жа радасцю, як і ты сам, ляціць у абдымкі. Сустрэліся рукі. Адчуванне водару яго парфумы і любімых цюльпанаў, цеплыні і пяшчоты. Бляск вачэй. Яго здольны выклікаць толькі любімы чалавек. Самкнуліся вусны...

...Раніцай Лізу разбудзіў паветраны шарык, які лопнуў. Чаму ён так нечакана стрэліў, засталося загадкай. Можа, каб нагадаць, што ўсё самае лепшае павінна здарацца гэтак жа нечакана?..

Кацярына ЛЯСУН.
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.