Вы тут

Здаём ЦТ на камп'ютары: мiсiя выканальная!


У Рэспублiканскi iнстытут кантролю ведаў я iшла без асаблiвага хвалявання: усё ж не да паступлення рыхтуюся i мой вынiк не будзе лёсавызначальным. Ды i цэнтралiзаванае тэсцiраванне для мяне — не навiнка: пры паступленнi ўжо здавала тэсты па гiсторыi Беларусi i беларускай мове. Напярэдаднi некалькi разоў праходзiла рэпетыцыйныя этапы, хадзiла на падрыхтоўчыя курсы. У вынiку на ЦТ па мове набрала 78 балаў. Цiкава, што захавалася ў маёй памяцi праз пяць гадоў? Для чысцiнi эксперымента школьныя падручнiкi напярэдаднi экзамену я не гартала...

1386819838914_1

 

«Рэпетыцыя» на любы густ

Праверыць свае веды вырашыла не зусiм традыцыйным спосабам — на камп'ютары. Камп'ютарнае рэпетыцыйнае тэсцiраванне з мiнулага года прапануе будучым абiтурыентам Рэспублiканскi iнстытут кантролю ведаў. Для таго, каб прайсцi тэст, трэба спачатку зарэгiстравацца на сайце rikc.by. Пры рэгiстрацыi неабходна пацвердзiць аплату аперацыi. Дзякуючы гэтаму верагоднасць таго, што чалавек сапраўды прыйдзе на iспыты, павялiчваецца. Дарэчы, правяраць свае веды на камп'ютары можна неабмежаваную колькасць разоў: на кожны этап выстаўляюцца новыя тэставыя заданнi. Каштуе камп'ютарны тэст столькi ж, як i рэпетыцыйнае тэсцiраванне на бланках, — 41 800 рублёў.

У сценах iнстытута «iнструктаж» перад здачай экзамену са мной праводзiць метадыст вучэбна-метадычнага ўпраўлення Палiна Мiхалевiч, якая курыруе камп'ютарнае тэсцiраванне.

— Пры праходжаннi тэста на камп'ютары можна адразу па завяршэннi работы даведацца вынiк, паглядзець свае памылкi, папрацаваць з падказкамi, — уводзiць яна ў курс справы.

Балы камп'ютар падлiчвае таксама, як i пры здачы тэста на бланку, — па тэхналогiях цэнтралiзаванага тэсцiравання. Аднак у камп'ютарнага тэсцiравання ёсць адна iстотная перавага: адразу пасля электроннага выпрабавання можна не проста прагледзець правiльныя варыянты адказаў, а ўбачыць пакрокавае аўтарскае рашэнне задачы.

Iснуюць тры рэжымы здачы камп'ютарнага тэста. У трэнiровачным рэжыме няма абмежаванняў у часе, у любы момант можна звярнуцца да падказкi. Апроч таго, пры неабходнасцi ёсць магчымасць прыпынiць тэст, каб адпачыць i сабрацца з думкамi. Кантрольны рэжым прадугледжвае рашэнне тэстаў за такi ж самы, час, якi адводзiцца на ЦТ, i падказкамi карыстацца да завяршэння экзамену нельга.

Ёсць таксама кантрольны рэжым камп'ютарнага тэсцiравання на бланку — самы наблiжаны да ўмоў «сапраўднага» ЦТ. Яго асаблiвасць у тым, што на экране размяшчаюцца дзве ўкладкi: з заданнямi i з электронным бланкам, у якi трэба ўносiць адказы. Бланк аналагiчны папяроваму бланку ЦТ, ёсць тут i магчымасць для адмены няправiльных адказаў, а каб не заблытацца i выпадкова не адзначыць памылковы варыянт, калi скiроўваеш «мышку» на ячэйку для адказу, з'яўляецца менавiта той, якi адпавядае гэтай ячэйцы.

1386819841308_2

 

Не спяшайся расслабляцца...

 

...Прайшоўшы этап рэгiстрацыi, нацiскаю на кнопку i пачынаю тэст. У левым куце манiтора — поле з нумарамi заданняў. Усё, як на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi: паказана, якiя заданнi адносяцца да часткi А, якiя — да часткi В. Выконваць iх можна ў любым парадку. На экране высвечваюцца пытанне i варыянты адказаў, якiх можа быць некалькi. Бяжыць лiчыльнiк часу — на ўвесь тэст у мяне 120 хвiлiн. Спачатку хвалююся: цi паспею?.. Пачынаю паспешлiва, ледзь не аўтаматычна «шчоўкаць» заданнi, якiя, на першы погляд, здаюцца вельмi простымi. Неўзабаве пераконваюся, што часу ў мяне яшчэ дастаткова, таму пераходжу да больш удумлiвага выканання заданняў, i тут... упэўненасць у правiльнасцi выбраных адказаў нечакана знiкае, з'яўляюцца сумненнi.

Цяпер складанасцi выклiкае нават напiсанне слоў разам, асобна i праз злучок, з якiм у мяне нiколi не было праблем. Вось як правiльна напiсаць: давыд-гарадоцкi цi давыдгарадоцкi?.. «Давыд-Гарадок пiшацца праз злучок, адпаведна, i прыметнiк павiнен пiсацца гэтак жа», — разважаю, кiруючыся хутчэй прынцыпам аналогii, чым арфаграфii. Лаўлю сябе на думцы, што некаторыя правiлы ўсё ж усплываюць у маёй свядомасцi, хоць пiсьменнасць у мяне заўжды была пераважна на падсвядомым узроўнi. Пра ступень складанасцi заданняў магу сказаць, што яна ўзрастае па меры iх выканання. Задумваюся: цi правiльна гэта? Бо абiтурыенту, якi паспявае стамiцца напачатку, будзе цяжка сканцэнтравацца ў канцы. Так было i са мной: першыя пытаннi быццам крыху расслабiлi, але разам з тым i рассеялi маю ўвагу. Праўда, выконваць тэставыя заданнi па парадку зусiм неабавязкова...

Нарэшце, апошняе пытанне — i тэст выкананы. Адзначаю, што нiчога надзвычай складанага цi незнаёмага мне не трапiлася. Разам з тым разумею, што шмат момантаў, «зазубраных» у школе, цяпер чамусьцi знiклi з памяцi, таму памылкi, вядома, непазбежныя. Але што iх будзе столькi, я не чакала... Вынiк тэсту паказаў, што я справiлася з заданнямi за 56 хвiлiн (асаблiва не спяшаючыся) i набрала... 64 балы. Чамусьцi я лiчыла, што праца ў беларускамоўнай газеце i штодзённае ўжыванне роднай мовы павiнны толькi паляпшаць мой узровень. Але, як высветлiлася, граматыку перыядычна таксама трэба паўтараць. Зрэшты, калi б не дзве вышэйзгаданыя акалiчнасцi, я, напэўна, магла б ганарыцца сабой, тым больш што, у адрозненне ад абiтурыентаў, спецыяльна да здачы тэсту не рыхтавалася. Калi верыць статыстыцы, такую ж колькасць балаў, што ў мяне, i большую набiраюць на тэсцiраваннi па беларускай мове толькi 9 працэнтаў яго ўдзельнiкаў.

Паспех — людзям на смех

Пераходжу да работы над памылкамi i вельмi здзiўляюся, калi бачу, што «напартачыла» ў такiх элементарных першых заданнях... Ды i ў апошнiх, шчыра кажучы, таксама. Разбiраю правiлы, якiя прапануе мне камп'ютар, i выпраўляю свае адказы. Прыметнiк «давыд-гарадоцкi», як аказалася, напiсала правiльна. А вось ў напiсаннi назоўнiка з прыназоўнiкам «на памяць» памылiлася, напiсаўшы разам. Значыць, прынцып аналогii не заўжды спрацоўвае (у маiм выпадку я супаставiла беларускае «на памяць» з рускiм «наизусть»...). Што да астатнiх маiх памылак, то сапраўды некаторыя з iх былi зроблены па прычыне няведання (а дакладней, забыцця) правiлаў. Але ж шмат было i такiх, якiя ўзнiклi па банальнай няўважлiвасцi. Таму тым, хто збiраецца здаваць тэсты, важна не толькi ўчытвацца ў заданнi, але i спакойна iх асэнсоўваць.

А ўвогуле я пераканалася, што праходзiць рэпетыцыйнае тэсцiраванне трэба, i пажадана не адзiн раз. Хаця б для таго, каб навучыцца запаўняць бланкi, бо, па словах Палiны Мiхалевiч, шмат праблем на ЦТ узнiкае менавiта з-за няправiльнага iх запаўнення. Ну а камп'ютарная «рэпетыцыя» дае магчымасць не толькi ўбачыць свае памылкi i правiльныя адказы, але i ўказвае, на якiя моманты i прабелы ў ведах абiтурыенту трэба звярнуць асаблiвую ўвагу пры падрыхтоўцы. Як правiла, вынiкi тэстаў высокiя ў тых, хто патрэнiраваўся некалькi разоў. Таму, калi сумленна падысцi да падрыхтоўкi, атрымаць высокi бал нескладана. Але разам з тым варта памятаць, што тэст — гэта не сродак навучання, а толькi спосаб дыягностыкi ведаў. Проста «зазубрыць» правiльныя адказы не атрымаецца: варыянтаў заданняў шмат, i верагоднасць таго, што на ЦТ трапiцца той, якi вы ўжо выконвалi, нулявая.

Дзiяна СЕРАДЗЮК.
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?