Вы тут

Птушкай года стала зязюля


Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) выбрала птушкай 2014 года зязюлю звычайную, паведамілі рэдакцыі ў прэс-службе АПБ. Ужо традыцыйна ў межах такой кампаніі будзе арганізаваны шэраг конкурсаў і мерапрыемстваў, мэта якіх прыцягнуць увагу да праблем гэтага віду.

1387003967323_14-33

Нагадаю, што сёлета Беларусь далучылася да міжнароднай праграмы па спадарожнікавым сачэнні за звычайнай зязюляй. З дапамогай спецыяльных датчыкаў, якія замацоўваюцца на птушках, можна атрымаць інфармацыю пра іх месцазнаходжанне ў рэжыме рэальнага часу, што дазваляе вызначыць шляхі міграцыі і месцы зімоўкі. Такі метад дазваляе атрымліваць больш эксклюзіўнай інфармацыі аб гэтых крылатых. На пяці беларускіх зязюлях ужо з'явіліся датчыкі, а ў новым годзе плануецца сачыць яшчэ за дзесяццю птушкамі. На працягу некалькіх месяцаў спецыялісты АПБ назіралі, куды ляцяць беларускія Норберт, Віктар, Юлія, Філ і Павел. Спадзяёмся, што налета нашы чытачы з вялікім інтарэсам будуць разам з арнітолагамі працягваць сачыць за беларускімі зязюлямі.

«Лічыцца, што зязюлі — нашы птушкі, беларускія, але ў Беларусі яны праводзяць толькі тры месяцы на год. Большую частку года яны мігруюць альбо знаходзяцца на зімоўцы ў Афрыцы. Таму праз зязюлю мы хочам яшчэ раз звярнуць увагу на значнасць міграцый і зімовак для птушак. На тое, што захаванне міграцыйных відаў магчымае толькі ў трансгранічным кантэксце», — патлумачыў сваю пазіцыю дырэктар АПБ Віктар Фянчук.

Колькасць зязюль у Еўропе скарачаецца ў сувязі са зменамі вядзення сельскай гаспадаркі. У нашай краіне сітуацыя лепшая, таму айчынныя назіранні за зязюлямі дазволяць лепш зразумець асаблівасці біялогіі гэтага незвычайнага віду.

Нагадаю некалькі цікавых фактаў пра зязюлю. Заўсёды кукуе толькі самец, а голас самкі падобны да чалавечага рогату. З-за завостраных крылаў і паласатага малюнка на жываце падчас палёту зязюля нагадвае невялікіх драпежнікаў. Дзякуючы гэтаму самец зязюлі палохае птушку — гаспадара гнязда, а ў гэты час самка падкідвае яйка. Зязюлі хапае ўсяго 10-16 секундаў, каб падкласці яйка ў гняздо. Падкінутыя яйкі амаль супадаюць па колеры з яйкамі гаспадароў гнязда. Самка зязюлі за адзін сезон можа адкласці ад 8 да 25 яек, праўда, на кожныя 5 падкінутых яек вырастае толькі адно птушаня. Зязюля — далёкі мігрант. На зімоўку яна ляціць у Афрыку. Ляцяць птушкі часцей за ўсё не чарадой, а паасобку. Гэтыя птушкі ядуць вусеняў, пакрытых валаскамі, якіх іншыя птушкі не чапаюць. Так адбываецца з-за таго, што валаскі ўтыкаюцца ў асаблівае пакрыццё сценак страўніка птушкі, а потым гэтае пакрыццё выводзіцца са страўніка разам з валаскамі. Неверагодна, але ў паданнях многіх народаў зязюля з'яўляецца сімвалам дабрабыту.

Сяргей КУРКАЧ.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.