Вы тут

Там — убогiя клумбы дзяцей


Дзецi — гэта кветкi жыцця. А жыццё... Яно — таварыш пераборлiвы: адны кветкi пахнуць у шыкоўных кватэрах, iншыя адчайна ловяць сонечны промень на сметнiцы. Дзецi — гэта кветкi жыцця. Мiф? А можа, не мiф наогул? Ведаеце, хiба ўсё ж такi мiф. Калi дзецi — сапраўды кветкi жыцця, то чаму iм часта жывецца так, як пустазеллю, i нават горш?

На пытанне «Чаму ўкрала?» Каця, чатырнаццацi гадоў, адказвае па-фiласофску: «У iншых ёсць мабiльнiк, а ў мяне? Дзе справядлiвасць?» I праўда: дзе?

«А ў iх толькi адзiн аргумент. Маўляў, чаго ж ты зiмою лёду шкадуеш? Не збяднееш, калi падзелiшся. Паверце, так разважаюць абсалютна ўсе», — запэўнiвае Павел Салабуда. Ён, галоўны псiхолаг гродзенскай турмы, спыняецца ў прахадным пакоi. Невясёлы зялёны колер сцен, як трава, якая ўжо не лета, яшчэ не восень, i маштабная дошка з раскладам дня: тут пад'ём у 6, адбой — у 10. Металiчныя дзверы цягнуцца бясконцым радам — дарога ў нiкуды.

Калi адчынiлi камеру, з якой павезлi Кацю на суд, кiнулася ў вочы маленькая прарэзаная дзiрачка, якая называецца акном. Тоўстыя металiчныя палкi — тры цi чатыры — чорнымi зубцамi прайшлiся ўздоўж, каб сапсаваць галоўнае. Тое, што скрозь iх. Металiчныя палкi перашкаджалi ўзвышацца бялюткаму лiсту паперы, якое называецца небам. I два куткi: левы — прытулак для першага ложка, правы — для другога. Своеасаблiвае «тэт-а-тэт», якое парушае ўмывальнiк, сметнiца i ўнiтаз. Адзiнае жывое — звычайны хлеб, якi чыясьцi рука разрэзала на дзве лустачкi. Разрэзала няроўна. I вось так ад хлеба крошкi разышлiся паўкругам. Разышлiся паўмесяцам. Не, лепш — паўсонцам, якое сюды хочацца прынесцi невымоўна.

I ты стаiш вось так. Унурыўшы галаву, паводзячы нiбы ад холаду плячыма, толькi i застаецца хадзiць з кута ў кут. I наглядчык у тваiм разуменнi звер, якi ўсё ўзiраецца ў цябе вялiкiмi шклянымi вачыма, нерашуча перамiнаецца з нагi на нагу. Гэта яго работа.

I сядзiць такое дзiця, як жучок, на купiне сярод велiзарнай лужыны. I думае. Не, сур'ёзна. Дзiця проста не можа не думаць: «Не век жа мне сядзець склаўшы рукi — трэба ж даваць рады. Трэба ж знайсцi агульную мову са светам! Знайсцi, хоць i не пад сонцам, а ўсё ж такi месца сваё, уласнае». Жыццё праляцiць у адно iмгненне. I ўжо тысячы пажылых Кацяў, шчаслiвых i нешчаслiвых, скажуць камусьцi: «Дзетачкi, а я ж так i не жыла. Як на свiннi праехала». Цi думаюць дзецi пра гэта?

Ведаем, колькi хвiлiн таму яна, Каця, пасля таго як яе выгналi з дому, яшчэ стаяла вось тут. На гэтым месцы, пра якое не маем уяўлення мы, шчаслiвыя, залюбленыя часта сляпым бацькоўскiм сэрцам. Мы, апранутыя, абутыя, накормленыя — не, не проста апранутыя, i абутыя, i накормленыя — стыльна, дорага апранутыя i абутыя, смачна накормленыя. Мы — доўгачаканыя. Зусiм iншай пароды кветкi. Дагледжаныя. На падкормкi для нас грошай не шкадуюць. Своечасова палiваюць. Раз на тыдзень — абавязковы душ. Пакаёвая тэмпература i толькi. I хоць часам тата можа сказаць маме: «Хопiць з дзiцем няньчыцца! Што ты яго цяплiчным робiш? Дзе самастойнасць?» Гэта бывае часам, заўжды — амаль несур'ёзна. Гэта як на ўсе патрабаваннi адзiн жартаўлiвы адказ: «Можа, табе i ключы ад кватэры, дзе грошы ляжаць?» Вядома, тата па асаблiваму схiльны песцiць дачку. I з дна мора, i з-пад зямлi дастане падарунак: любiмай кветачцы будзе прыемна.

У Кацi таты не было. Каця — дзiця з нешчаслiвай сям'i. Не раз i не два маленькай дзяўчынцы даводзiлася ноччу выбягаць з кватэры. Часта зiмой, калi мароз i снег. Мацi любiла жыццё напоўнiцу. А каб што-нiшто мець, не зводзiць канцы з канцамi, яна не хацела варушыць мазгамi i працаваць да поту i мазалёў крывавых. Не, лепш пiць i гуляць, гуляць i пiць. I Каця, абдзеленая цеплынёй, пацягнулася да тэлефонаў. Можа, i сапраўды маюць рацыю, калi кажуць: «Ад асiнкi не народзiцца апельсiнка». Зачараванае кола пакацiлася i набiрала абароты. Выкрала першы раз — злавiлi, другi — злавiлi. Абяцала з ходу змянiцца. Маўляў, больш не буду. Але з ходу бывае выключна ў казках. На трэцi раз дайшло да суда. Калi шчыра, крадзежамi не абмежавалася. Каця, маладзенькая i прыгожая, амаль дзiця, да сваiх пятнаццацi развiталася з усiм, з чым толькi можна было развiтацца.

Яна, нiбыта цягнiк, пранясецца па жыццi праз лясы i балоты. Неймаверна далёка ад людзей пранясецца, як вецер, зацягваючы пакрыўджаны жалезны крык, патрабуючы «зялёнай вулiцы». А потым яна, ужо не патрабуючы, не шкадуе, не клiча, не плача. Ёй усё роўна. Першы чырвоны лiхтар загараецца на дарозе чатырнаццацiгадовай Кацi. Кацi, за плячыма якой не знойдзеш бесклапотны перыяд з пухнатымi мядзведзiкамi i лялькамi ў ружовых сукеначках. Першы «чырвоны» абяцае зацягнуцца даўжынёй у адно жыццё. Яе жыццё.

Абгарэлыя каструлi, брудныя смярдзючыя анучы, пакецiкi самай таннай гарбаты, залiтая чымсьцi карычневым газавая плiта, «табуны» тараканаў; счарнелы чайнiк надрываецца свiстком — гэта пяць метраў пракуранай кухнi. Адзiная маёмасць не раз асуджанай Кацi. Гродзенская хрушчоўка. Прабачце, «хрушчоба», калi больш дакладна.

I Каця, ужо не маладая i ўжо не прыгожая, кацяня-пераростак, якое не знойдзе, на чыiх каленях памурлыкаць. А колькi было гэтых каленяў!.. Каленяў непрыстойных маладых людзей i не менш непрыстойных старых. Але каб не пiў, не курыў, не бiў, каб не гультай, не бомж, не дурань — так не было нiколi.

Маргарыта СIДАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».