Вы тут

10 фактаў пра фатографа Анатоля Клешчука


Днямі ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылася вечарына з традыцыйнага цыкла «Творчыя сем'і ў доме Коласа». Гэтым разам у гасцях музея была дынастыя Клешчукоў. Галоўнымі героямі вечарыны сталі добра вядомыя не толькі чытачам «Звязды» фатограф Анатоль Кляшчук і яго старэйшы брат, народны майстар-разьбяр Сяргей Кляшчук. Падчас шчырай размовы, на якой прысутнічалі і іншыя прадстаўнікі дынастыі Клешчукоў, мы даведаліся пра звяздоўскага (20 гадоў працы ў рэдакцыі!) фатографа шмат цікавага. Куды Анатоль Кляшчук ездзіць з жонкай штогод на працягу вось ужо 20 гадоў? Чаму вядомы фатограф не хацеў, каб яго дачка таксама займалася фатаграфіяй? Навошта Анатоль Кляшчук штогод наведвае чарнобыльскую зону? Пра гэта, а таксама пра шмат іншых цікавінак сямі'і Клешчукоў — чытайце ніжэй.

1387401993464_1

1. Родны старэйшы брат Анатоля Клешчука — народны майстар-разьбяр Сяргей Кляшчук.

Скульптар пачаў займацца разьбою і ліццём з гіпсу напрыканцы 1980-х гадоў. Сярод яго асноўных работ — інтэр'еры залаў Дома ўрада, скульптурныя партрэты выдатных асоб Беларусі. Менавіта Сяргей Кляшчук з'яўляецца адным з аўтараў скульптур мемарыяльнага комплексу «Шлях Коласа», створанага па матывах твораў народнага песняра ў Стаўбцоўскім раёне.

2. Летась у выдавецтве «Беларусь» да 130-годдзя Якуба Коласа і Янкі Купалы выйшаў фотаальбом Анатоля Клешчука «Беларусь. Зямля песняроў».

Анатоль Віктаравіч аб'ездзіў усе мясціны, якія так ці інакш звязаны з жыццём і творчасцю, напэўна, найгалоўнейшых (бо ў многім першых!) паэтаў нашай краіны. Гэта былі ў тым ліку і мясціны, аздобленыя драўлянымі скульптурамі яго брата. Сваё падарожжа ў фотаздымках па гэтых мясцінах, якое доўжылася ажно 7 гадоў, фатограф і змясціў у кнізе.

3. Чаму Анатоль Кляшчук удзячны свайму дзеду, што той вярнуўся з Амерыкі.

— Наш дзед Дамінік Іванавіч Кляшчук паехаў на пачатку ХХ стагоддзя ў Амерыку, бо хацеў зарабіць грошай, каб купіць уласную зямлю, сячкарню, каня. Усё, як у бацькі Якуба Коласа, які таксама хацеў быць вольным і мець сваю зямлю. І атрымалася, што ўвесь час — 12 гадоў! — пакуль ён працаваў у Амерыцы, яго жонка, мая бабуля, чакала яго. Ён прапусціў і рэвалюцыю, і грамадзянскую вайну. Пакуль яго не было, памерла іх першая дачка ад «іспанкі», якая тады апанавала Беларусь. Дзед вярнуўся ў Беларусь толькі ў 1921 годзе. У 1928 годзе нарадзіўся мой бацька. Так што дзякуй дзеду, што ён вярнуўся!

4. «Маці заўжды казала, што мы — рускія. Але потым знайшліся метрыкі, у якіх сцвярджаецца, што мы — беларусы».

— Наша маці, Марыя Рыгораўна Сталярова, казала, што мы рускія, таму, што яна нарадзілася на тэрыторыі Расійскай імперыі, на Смаленшчыне. А перад вайной яны з сям'ёй пераехалі на Урал — у яе адбілася ў свядомасці, што яна большасць часу пражыла як бы на расійскай тэрыторыі. Але Сталяровы ўсе прыйшлі на Смаленшчыну з Беларусі. Якая ж гэта Расія за Сожам! Гэта ўсё беларускія землі былі!

Так атрымалася, што майго бацьку ў 1945 годзе, у самы апошні прызыў вайны, забралі ў войска. І якраз скончылася вайна. А набіралі так: частку — на фронт, частку — рабіць танкі. І бацька трапіў рабіць танкі. У Чалябінску, куды яго накіравалі, ён і пазнаёміўся з маці, якая тады таксама працавала на танкавым заводзе. Атрымліваецца, што і пазнаёміліся мае бацькі ў Расіі. Вось так яно і адбілася. А па ўсіх метрыках, якія мы потым адшукалі ў архівах, аказалася, вядома ж, што ўсе беларусы.

5. Анатоль Кляшчук не баяўся хадзіць па вуліцах роднага горада, бо меў старэйшага брата-абаронцу.

— Вуліцы на ўскраіне Слуцка былі пабудаваны людзьмі, якія пераехалі з вёскі. Калі мы з бацькамі пераехалі жыць у Слуцк у 1960 годзе, горад наноў засяляўся і было вельмі шмат перасяленцаў з вёсак. І ў сем'ях было, як правіла, 3-5 дзяцей. Хлопцы гуртаваліся. Былі і такія суполкі, якія крыўдзілі малых, грошы забіралі і ўсё ў такім духу — па законах двара. А мне за братам было ўжо больш спакойна.

1387401996366_2

6. У дзяцінстве Анатоль Кляшчук любіў разбіраць гадзіннікі.

— Нам з братам заўсёды было цікава, чаму яны цікаюць, што там усярэдзіне робіцца. Нейкая таямнічая сіла цягнула нас туды зазірнуць. А гадзіннік у нас быў такі вялікі, пузаты, на ножках. Спачатку згубіліся ножкі, потым — пімпачка зверху, а потым мы вырашылі паглядзець, як трымаюцца стрэлкі. Гэта былі нашыя першыя крокі ў тэхніку. У мамы была швейная машынка. Мы таксама перыядычна нешта з яе выцягвалі. Таму бацькі ад нас хавалі ўсю тэхніку, замыкалі ўсе шуфлядкі. У бацькі быў фотаапарат. Такі стары, з гармонікам — «Масква-5». Гэта класічная камера з шырокай плёнкай. Калі бацька пачынаў праяўляць гэтыя плёнкі — на тыдзень хата ператваралася ў фоталабараторыю!

7. Штогод Анатоль Кляшчук ездзіць фатаграфаваць у чарнобыльскую зону, а адзін з яго чарнобыльскіх фотаздымкаў трапіў у кнігу Сяргея Харэўскага «100 найлепшых твораў ХХ стагоддзя».

— У саму чарнобыльскую зону я ў першы год выбуху на рэактары не трапіў. Але праз пару месяцаў трапіў у Брагін. На наступны год паехаў здымаць, як каля Брагіна, Хойнікаў убіралі збожжа, як будавалі дамы для перасяленцаў. Я кожны год езджу ў адселеную чарнобыльскую зону, здымаю. Туды ж вяртаюцца людзі. Я езджу, каб паглядзець, як яны ўспрымаюць сваю радзіму. Езджу туды на могілкі на Радаўніцу. Пасля Чарнобыля шмат людзей туды прыязджала. Цяпер я шукаю тых людзей, якіх бачыў у першыя гады. Прыязджаю са здымкамі, якія рабіў 20-25 гадоў таму, каб знайсці тых людзей, дзяцей. Але людзей усё менш і менш. Мяняюцца вёсак. Усё цяпер здзічэла, зарасло, няма дарог, шмат дзікіх звяроў...

Самае галоўнае — я здымаю хворых дзяцей. Гэта самая балючая і актуальная тэма дагэтуль. Цяпер, на жаль, іх ужо не называюць ахвярамі Чарнобыля. А быў час пэўны, і ўсе анкалагічна хворыя дзеці мелі пасведчанне ахвяр Чарнобыля. Мне хочацца, каб мае здымкі давалі надзею людзям, што трэба не здавацца, трэба змагацца да апошняга — толькі дзеля гэтага і здымаю... Бачылі б вы гераічных матуль гэтых дзяцей!...

8. Аператарам дакументальнага фільма пра абрад на Палессі «Брацкая свечка», пра які «Звязда» пісала год таму, з'яўляецца пляменніца Анатоля Клешчука Аляксандра Мяснікова.

— Саша скончыла каледж сувязі, некалькі гадоў папрацавала па спецыяльнасці, але потым зразумела, што гэта не яе, і паступіла ў Акадэмію мастацтваў. Пачала фатаграфаваць, а я пра гэта нават не ведаў спачатку. Потым яна вырашыла здымаць кіно. Цяпер жыве і працуе ў ЗША, скончыла Нью-ёркскую акадэмію кінамастацтваў і супрацоўнічае з міжнародным тэлеканалам RTVі. Вельмі творчы актыўны чалавек, дабіваецца ўсяго сама.

9. Жонка Анатоля Клешчука Таццяна — эканаміст па адукацыі і яго самы першы крытык. Вось ўжо на працягу 20 гадоў Анатоль Кляшчук з жонкай ездзяць адпачываць з намётамі.

— Калі здымак слабы, прахадны, танны — яна ніколі не скажа, што кадр добры. Я зразумеў, што яна сама праглядае вельмі шмат розных інтэрнэт-рэсурсаў і ў падзеях у галіне фатаграфіі абазнаная не менш, а то і больш, чым я. Узровень яна ведае. А калі натыкаецца на нешта цікавае, адразу мне тэлефануе, паведамляе.

Мы не вандруем так, як некаторыя, — на байдарках плаваюць ці ў горы ходзяць. Але ў нас у Беларусі шмат прыгожых азёр, мясцін, і я кожны раз, калі вяртаюся са здымкаў, жонцы расказваю пра іх. Пасля мы туды выбіраемся самі. Ёсць у нас і любімае возера — Должа ва Ушацкім раёне. Яно нам вельмі падабаецца. А дакладней — мне падабаецца, што жонцы падабаецца. Праўда, там стаяць не заўсёды прыемна, таму што часта сярод лесу на беразе стаім адны мы, толькі ягаднікі зрэдку з'яўляюцца. Звычайна мы едзем дзён на 15 і жывём у намёце. Адно лета нам так пашанцавала, спякота стаяла 30 градусаў, і мы думалі: навошта ездзіць на поўдзень, калі можна адпачыць ў лесе: вогнішча, зоркі, хвоі вялізныя, ціхае возера.

1387402000121_3

10. Старэйшая дачка Анатоля Клешчука Вольга — таксама фатограф.

— Дачка скончыла журфак, але нельга сказаць, што яна надта прыставала да мяне з фатаграфіяй і прасіла нейкіх парад. Я нават выпадкова даведаўся, што падчас вучобы ў яе ў «Звяздзе» была практыка. Але я наогул здзіўляюся, што яна пайшла ў гэтую прафесію. І не сказаў бы, што я радасна гэта ўспрыняў. Таму што ў такім працоўным рэжыме, як я, дзяўчыне працаваць цяжка. Тым больш гэта такая праца: трэба быць здаровым, вынослівым, шмат дзе і падоўгу ездзіць, не баяцца. Гэта не халяўная праца.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.
Фота Надзеі БУЖАН і Яўгена Пясецкага.

ВАРТА НАВЕДАЦЬ

Да праваслаўных Каляд у музеі Якуба Коласа будзе працаваць выстава, на якой экспануюцца фотаздымкі Анатоля Клешчука і яго дачкі Вольгі Кляшчук, драўляныя скульптуры Сяргея Клешчука, жывапісныя карціны дачкі Сяргея — Ганны Кляшчук, акварэлі дзядзькі знакамітых братоў Барыса Сталярова.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.