Вы тут

Фотаздымак з гісторыяй


«Можа, гісторыя мая і не зусім адпавядае ўмовам конкурсу, — піша настаўніца Гарбавіцкай школы Чавускага раёна Святлана Шыбут, — бо ўзятая яна, дый фотаздымак, не з уласнага сямейнага альбома. Распавяла яе нам з вучнямі, з якімі мы шмат год займаемся краязнаўствам, госця школы, наша аднавяскоўка Ганна Ільінічна Аляксеенка, распавядаючы пра цяжкія гады Вялікай Айчыннай вайны. І так нас зацікавіў адзін з фотаздымкаў 1956-1957 г., што захацелася падзяліцца з чытачамі любімай газеты звязанай з ім цікавай гісторыяй — гісторыяй пра дом-выратавальнік.

1387402154812_19-22

Дамок гэты — невялічкі, памерам 5 на 5 метраў, не ўлічваючы сянец, крытых саломай і бульбяным бацвіннем — быў перавезены ў вёску Антонаўка Хацетаўскага сельсавета (цяпер Гарбавіцкі) у 1939 годзе з вёскі Чарапоўка. Тады якраз праходзіла «расхутарызацыя», і людзі перасяляліся з хутарскіх надзелаў у вёскі. Вось і жыхары вёсак Чарапоўка ды Лекаршчына вымушаны былі перавезці свае дамы ў Антонаўку.

Неўзабаве, калі пачалася вайна, немцы ўстанавілі ў Антонаўцы і суседніх Гарбавічах акупацыйны рэжым — адкрылі свае камендатуры, кухні, аптэкі, рассялілі афіцэраў і салдат у лепшых хатах. Многія вяскоўцы былі пазбаўлены свайго жытла і перасяліліся ў старыя дамы, хлявы, лазні... Да сям'і Ганны Ільінічны прыйшло яшчэ 7 сем'яў. У маленькай хатцы размяшчаліся ажно 24 чалавекі! З мэблі былі толькі стол і лаўкі. Галоўнае месца займала печ, а за ёй стаяў куфар, на якім спалі. Спалі таксама на падлозе, на саломе, якую засцілалі саматканымі посцілкамі. Дом «падзялілі» на 6 пакояў фіранкамі. Елі разам, ежу дзялілі пароўну. А як чакалі блінца з печы! Посуду не хапала — адну з патэльняў зрабілі з гільзы артылерыйскага снарада, а лыжкі — з абломкаў самалёта, які ляжаў у суседняй вёсцы. А адным са здабытчыкаў для гаспадароў нечакана стала... старая кошка, якая каля 14 гадоў пражыла ў хаце. Яна хавалася ў кустоўі за агародам і палявала на зайцоў — паласуецца крыху, а астатняе — для гаспадароў. Так і карміла вялікую сям'ю ўсё лета, ваявала за жыццё разам з людзьмі.

Зімой жа было вельмі цяжка. Здавалася, што маразы і завеі ніколі не скончацца... Святла ў доме не было, гарэла газоўка, таму даводзілася рана класціся спаць. Хоць у хаце жыло 8 сем'яў, вокны і дзверы за ноч пакрываліся лёдам. Цяпла печкі на ўсіх не хапала, вось і даводзілася дзецям бегаць праз дарогу ў дом цёткі Матроны Галубцовай, дзе было цёпла. У тым доме немцы размясцілі камендатуру, і печка там грэлася цэлымі днямі. І вось дзеці збяруцца і бягуць басанож па снезе. Немцы крычалі: «Кіндэр русіш швайн!» — але на печку пускалі, а бывала, што давалі нават хлеба з маргарынам...

Вёска Антонаўка была вызвалена 26 чэрвеня 1944 года. Маленькі дамок захаваў жыццё васьмі сем'ям: Аляксеенкаў, Крупскіх (гаспадара расстралялі немцы), па дзве сям'і Сіваковых, Галубцовых і Абуховых — маладыя разам з бацькамі. У доме жылі таксама бежанцы са Смаленска: дзве жанчыны і двое дзетак.

Сама Ганна Ільінічна (на здымку — другая справа ў верхнім радзе) у вайну моцна захварэла і цудам засталася жывая: яе маці моцна плакала, прасіла дапамагчы нямецкага фельчара, той паспачуваў і дапамог. А вось брат маці, якому было ўсяго 18, так і памёр у пачатку вайны з-за адсутнасці лекаў і, ведаючы, што яму не выжыць, паціху аддаваў сваю порцыю ежы пляменніцы Ганначцы. Ганна Ільінічна пасля вучобы ў медвучылішчы ўсё жыццё працавала акушэркай і медсястрой у вёсках Асінаўка і Гарбавічы, разам з мужам, мастаком Міхаілам Дзядковым, вырасцілі траіх дзяцей.

У цэнтры фота — маці нашай аднавяскоўкі, Кацярына Гаўрылаўна Аляксеенка. Справа, з хлопчыкам на руках — яе пляменнік Уладзімір Якаўлевіч Галубцоў. Хлопчык — Цімафей Аляксеенка, малодшы брат Ганны Ільінічны — нарадзіўся ў 1946 годзе, скончыў Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут, працаваў інжынерам, цяпер на пенсіі, разам з жонкай Маяй Іванаўнай вырасцілі траіх дзяцей. Злева ад маці — Галубцоў Аляксандр, брат Уладзіміра. У верхнім радзе злева направа: жонка Уладзіміра Галубцова Яўгенія Крупская, сястра маці Матрона Герасімава (у гады вайны была сувязной партызанскага атрада імя Грышына, у мірны час працавала настаўніцай малодшых класаў і выгадавала траіх дзяцей). Крайняя справа — Галіна, жонка старэйшага брата маці Міхаіла Аляксеенкі. Дарэчы, якраз ён і зрабіў гэты групавы здымак. Фотаапарат набыў з першай студэнцкай стыпендыі падчас вучобы ў педагагічным інстытуце.

На фота відаць бэлькі з балтамі, якімі ўмацавалі сцены старога дома. Так і прастаяў ён аж да 1963 года, пазней бацька Ілья Іванавіч, якому пашанцавала вярнуцца жывым пасля палону і выгнання ў Германію, пабудаваў новы, а фотаздымак сына захаваў на памяць...»

* * *

Шаноўныя чытачы! Давайце пагартаем сямейныя альбомы разам! Фотаздымкі з гісторыяй (не больш за тры здымкі) дасылайце на рэдакцыйную пошту альбо электронную скрыню іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу. Аўтар найлепшага фота з гісторыяй будзе адзначаны каштоўным прызам.

Увага! Да ўдзелу ў конкурсе НЕ ПРЫМАЮЦЦА вясельныя фотасесіі, леташнія здымкі з курорта і сучасныя фота дзяцей. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца аўтарам.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.