Вы тут

ЦЫМБАЛЫ ЗАЧАРОЎВАЮЦЬ ЕЎРОПУ


У шасці гарадах Францыі, Германіі, Бельгіі і Люксембурга з вялікім поспехам прайшоў міжнародны музычны фестываль з удзелам Еўрапейскага моладзевага сімфанічнага аркестра, якім кіраваў народны артыст Беларусі, дырыжор Міхась Казінец. У якасці салісткі разам з гэтым аркестрам выступіла студэнтка Беларускай акадэміі музыкі, лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, цымбалістка Аляксандра Дзенісеня.

Арганізатарам фестывалю становіцца па чарзе кожная з вышэйназваных краін. Сёлета такі гонар выпаў французскаму гораду Нансі, а дакладней — яе кансерваторыі на чале з дырэктарам, выдатным музыкантам Жанам-Філіпам Наварам. Кіраваць аркестрам кожны год запрашаецца новы, «нейтральны» дырыжор.

— З кансерваторыяй Нансі ў нас склаліся цесныя творчыя сувязі яшчэ ў той перыяд, калі я быў рэктарам Беларускай акадэміі музыкі, — распавядае Міхась Казінец. А паспрыяў гэтаму наш зямляк, сусветна вядомы спявак Аркадзь Валадось. Ён вучыўся ў нашай кансерваторыі, але пасля трэцяга курса, калі стаў лаўрэатам конкурсу імя Глінкі, яго запрасілі ў Ленінград. Нейкі час ён там працаваў салістам опернага тэатра імя Кірава. Пасля таленавітага спевака пераманілі ў Францыю, дзе ён і жыве ўжо шмат гадоў. Але павінен сказаць, што гэта адзін з тых людзей, хто не забыўся пра родны кут. Аркадзь Валадось дбае пра культурныя сувязі з Беларуссю, маючы жаданне паказаць французам наша мастацтва, нашу культуру.

Я ў такім праекце ўдзельнічаў упершыню. Хаця раней дырыжыраваў аркестрамі ў Францыі і Германіі. Але то былі аркестры адной краіны. А тут — музыканты, сабраныя з чатырох краін, не сыграныя, усе яшчэ студэнты кансерваторый. Праца пачалася за паўгода да пачатку фестывалю. Мне выслалі партытуры ўсіх музычных твораў, якія будуць выконвацца на канцэртах. Праграму канцэрта складалі сумесна. Я маю на ўвазе інтэрнацыянальную камісію з рэктараў шасці розных кансерваторый. Адразу ж вырашылі, што музыка павінна быць рознастылёвай. Таму ў праграму ўключылі «Велікодную ўверцюру» Рымскага-Корсакава, канцэрт Шумана для чатырох валторнаў з аркестрам, складанейшую сімфонію Хіндэміта. Па маёй прапанове ў праграму канцэрта быў уключаны выдатны твор беларускага кампазітара Уладзіміра Кур'яна для цымбалаў з аркестрам. Праўда, камісія, паслухаўшы запіс гэтага твора, выказала пажаданне, каб цымбалы гучалі ў суправаджэнні не толькі струннага аркестра, як гэта было ў аўтара, а ўсяго сімфанічнага аркестра. Кампазітар ахвотна напісаў новую партытуру, і павінен сказаць, што твор ад гэтага толькі выйграў — загучаў больш ярка, паліфанічна.

Сапраўднай «бомбай» кожнага канцэрта было выступленне Аляксандры Дзенісені. На гледачоў вялікае ўражанне рабіла і цудоўная музыка Кур'яна, і высокае выканальніцкае майстэрства нашай цымбалісткі. Кожны раз зала літаральна ўзрывалася громам апладысментаў. Сашу не адпускалі са сцэны, патрабуючы выканання на біс.

Думаецца, што мы часам не цэнім сваё, ставімся да айчыннай музыкі скептычна. І дарма. Беларуская музыка — выдатная! Асабліва музыка апошніх дзесяцігоддзяў. Па сваёй прафесійнасці, па сваіх творчых магчымасцях, па той драматургіі, якую яна выказвае, беларуская музыка ні ў чым не саступае еўрапейскай. У гэтым я чарговы раз пераканаўся падчас канцэртаў Еўрапейскага моладзевага аркестра.

Зіновій ПРЫГОДЗІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.