Вы тут

Тваражок са смятанкай


Многія лічаць: чым больш тлустае малако, тым лепш. Аднак малочны тлушч змяшчае халестэрын, які спрыяе развіццю атэрасклерозу і сардэчна-сасудзістых захворванняў. Вучоныя рэкамендуюць ужываць малако і малочныя прадукты з нізкай колькасцю тлушчу (0,5-1,5%). Абястлушчаныя малочныя прадукты з лячэбнай мэтай прымяняліся яшчэ ў старажытныя часы. Сыроватка, пахта, сыракваша шырока прымяняліся ў якасці разгрузачнай дыеты пры атлусценні, хваробах страўнікава-кішачнага тракту, гіпертаніі, атэрасклерозе, хваробах печані і падстраўнікавай залозы.

1387871119139_24-40

МАЛАКО. Яго найбольш каштоўныя кампаненты: бялок, лактоза (малочны цукар), вітаміны (асабліва тлушчарастваральныя), мінеральныя рэчывы. У вялікай колькасці змяшчаецца кальцый, неабходны для росту, нармальнай працы сэрца, нервовай і мышачнай сістэм. Недахват кальцыю прыводзіць да развіцця рахіту ў малых дзяцей, узнікненню астэапарозу, пераломаў касцей у дарослых, затрымкі росту, парушэнню фарміравання касцей і зубоў, карыесу, кроватачывасці сасудаў, павышанай нервовай узбуджальнасці (пры цяжкіх формах дэфіцыту — сутаргаў), парушэнню работы сардэчнай мышцы, павышэнню артэрыяльнага ціску.

Паводле слоў валеолага 23-й гарадской дзіцячай паліклінікі г. Мінска Алены ГАРНІЦКАЙ, сутачная патрэба ў кальцыі для дзяцей складае: 4-6 гадоў — 800 мг, 7-10 гадоў — 1000 мг, 14-17 гадоў — 1200-1400 мг. Такім чынам, неабходна штодня выпіваць 400-600 мл малака або кісламалочных прадуктаў, з'ядаць 50-100 г тварагу і 5-10 г сыру.

Фактычна ў кожнага другога чалавека ў кішэчніку не хапае ферменту, які расшчапляе малочны цукар (лактозу). Гэтыя людзі вымушаны адмаўляцца ад натуральнага малака, але яны могуць ужываць кісламалочныя прадукты.

Кісламалочныя прадукты лепш засвойваюцца, павышаюць устойлівасць да інфекцый, аказваюць супрацьалергеннае дзеянне, падтрымліваюць нармальную мікрафлору кішэчніка, змяшчаюць вялікую колькасць кальцыю, фосфару, магнію, цынку і інш, вітаміны В1, В2, В6, В12, вітамін А.

КЕФІР. Гэта прадукт змешанага, малочнакіслага і спіртавога браджэння. Яго робяць з дапамогай закваскі, прыгатаванай на кефірных грыбках. Кефір рэкамендуецца ўжываць пры калітах, гастрыце, хваробах печані, нырак, лёгкіх, бранхіце, анеміі, атэрасклерозе, інфаркце міякарда, гіпертаніі. Японскія вучоныя выявілі, што кефір здольны стрымліваць распаўсюджванне ракавых клетак і актывізаваць імунную сістэму. Прадукт раяць ужываць усім, хто пакутуе ад хранічных інфекцый — напрыклад, герпесу. Кефір дапамагае пры сіндроме хранічнай стомленасці, парушэннях сну і неўрозе.

СЫР. Адзін з самых лепшых, карысных прадуктаў. Падчас выспявання сыру яго бялок становіцца растваральным і амаль поўнасцю (на 98,5 працэнта) засвойваецца арганізмам. Сыр — гэта шмат бялку, тлушчу, соляў кальцыю і фосфару. Працёрты сыр лепш засвойваецца. Нават пры добрым перажоўванні шчыльныя кавалачкі цвёрдых сыроў доўга затрымліваюцца ў страўніку, а таму не варта ўжываць іх на вячэру.

ТВАРОГ. Вельмі каштоўны малочнакіслы прадукт, выраблены шляхам сквашвання малака малочнакіслымі бактэрыямі і выдалення сыроваткі. Дзякуючы сваім унікальным спажыўным вартасцям тварог застаецца незаменным прадуктам для дзіцячага і дыетычнага харчавання. Яго ўжываюць пры хваробах печані, атэрасклерозе, гіпертаніі, гастрыце, язвавай хваробе страўніка і 12-перснай кішкі, паталогіі жоўцевага пузыра, падстраўнікавай залозы і хваробах кішэчніка. Наогул тварог называюць прадуктам, які «не мае забароны».

ЁГУРТ. Паляпшае працэс стрававання, падтрымлівае баланс кішэчнай мікрафлоры. Жывыя культуры ёгуртаў дапамагаюць ператраўліваць малочны вуглявод лактозу, таму ёгурт лёгка засвойваецца нават тымі, у каго назіраецца непераноснасць лактозы. Ёгурт, як і іншыя малочныя прадукты, змяшчае вітаміны, асабліва В2 і В12, кальцый і іншыя мінеральныя рэчывы.

Многія прадукты, якія мы прывыклі называць ёгуртамі, у працэсе вытворчасці падвяргаюцца пасля сквашвання тэрмічнай апрацоўцы. Гэта падаўжае тэрмін захоўвання, але забівае жывыя культуры, якія якраз і аказваюць станоўчы ўплыў на наш арганізм. Такія прадукты маюць назву «ёгуртны прадукт», а не «ёгурт». Усе жывыя ёгурты захоўваюцца ў халадзільніку пры тэмпературы +2 — +6 градусаў.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбірайце правільна

- Глядзіце на ўпакоўку: яна не павінна быць успушанай. Тэрмін захоўвання сапраўды карыснага малака і малочных прадуктаў — ад 3 да 7 сутак.

- Усе малочныя прадукты павінны быць аднароднай кансістэнцыі, без буйных крупак (акрамя тварагу). Хоць моцная крупінчатасць у тварагу — таксама не лепшы паказчык.

- Не павінна быць ніякіх старонніх пахаў. Кефір павінен пахнуць кефірам, а смятана — смятанай.

- У прадукце не павінна быць пузыроў і поласцяў. Калі аддзяляецца сыроватка, значыць, прадукт не першай свежасці.

- Кісламалочныя прадукты не павінны быць надта кіслымі (за выключэннем ацыдафільных прадуктаў, якія першапачаткова маюць павышаную кіслотнасць).

- Натуральныя малочныя і кісламалочныя прадукты не павінны змяшчаць крухмал, араматызатары, фарбавальнікі, стабілізатары, падсалоджвальнікі і кансерванты.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.