Вы тут

Год 2013-ы: чым ён нам запомніўся?


Кожны дзень мы жывём будзённымі клопатамі, вырашаем надзённыя праблемы. І кола гэтых дзён няспынна коціцца наперад... Зараз мы сустракаем новы, 2014 год. Кожны з нас упэўнены: ён прынясе ўсё толькі самае добрае. А што засталося ў мінулым? Пра якія падзеі мы гаварылі больш, чым пра іншыя? Якія з іх зрабілі найбольшы ўплыў на жыццё краіны, на жыццё кожнага з нас і, магчыма, зробяць надалей? «Звязда» азірнулася на год 2013-ы, каб коратка прыгадаць, як і з чым мы яго пражылі.

ТАРЫФЫ. З 1 лютага ў краіне ўведзена дыферэнцыяваная аплата за электраэнергію і газазабеспячэнне. Устаноўлена трохступеньчатая сістэма тарыфаў у залежнасці ад аб'ёмаў спажывання электраэнергіі і газу. Напрыклад, для спажыўцоў, чые дамы абсталяваны газавымі плітамі, прадугледжвалася наступная сістэма аплаты электраэнергіі: пры месячным спажыванні да 150 кВт/г — па ўстаноўленых тарыфах, ад 150 да 300 кВт/г уключна — па тарыфах з павышальным каэфіцыентам 1,3, звыш 300 кВт — па тарыфах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё выдаткаў.

«ЛІЧБА». З 1 сакавіка ў Беларусі пачала працу даведачна-інфармацыйная служба, якая была прызвана кансультаваць насельніцтва па пытаннях пераходу на лічбавае тэлевізійнае вяшчанне. Пераход з аналагавага на лічбавае ТБ-вяшчанне будзе завершаны ў кра і не ў 2015 годзе.

ШТОРМ. На Беларусь абрынуўся снегавы шторм «Хаўер», які паралізаваў практычна ўсе аўтатрасы краі ны, абмежаваў рух паветраных суднаў і прывёў да закрыцця аэрапорта ў Мінску. Самалёты перанакіроўвалі ў Гомель і Кіеў. На дарогах самая складаная сітуацыя склалася на выездзе са сталіцы ў бок расійскай мяжы. Таксама быў перакрыты рух на Магілёў, Гродна і ў іншых напрамках. У самым Мінску была паралізавана праца грамадскага транспарту.

Цягнікі хадзілі з вялікім спазненнем. На барацьбу са стыхіяй накіравалі ўсе сілы МНС. Напярэдадні беларусаў папярэджвалі аб набліжэнні непагадзі. Толькі ў тое, што адбудзецца, практычна ніхто не паверыў...

ВЯРТАННЕ. З-за неспрыяльных умоў надвор'я на Зямлі на суткі была перанесена пасадка касманаўтаў, што планавалася на 15 сакавіка. У складзе экіпажу быў наш зямляк, ураджэнец Чэрвеня, трэці беларускі касманаўт Алег Навіцкі. Нягледзячы на такую затрымку завяршэння касмічнай адысеі, якая пачалася са старту касмічнага карабля 23 кастрычніка 2012 года, усё потым прайшло добра.

ТЭАТР. Пасля рэканструкцыі, якая доўжылася два з паловай гады, адкрыўся Купалаўскі тэатр (на фота). Перад падрадчыкам работ стаяла няпростая задача — вярнуць будынку гістарычны воблік, а ўнутры ўстанавіць сучаснае абсталяванне. Для гэтага прыйшлося дэманціраваць усе апорныя канструкцыі, узмацніць падмурак і сцены, прыбудаваць дадатковы корпус. Зараз у новым тэатры — сучасныя залы для рэпетыцый, зручныя грымёрныя. Большай стала і галоўная сцэна.

ВЫСТУПЛЕННІ. На міжнародным песенным конкурсе «Еўрабачанне-2013» Алена Ланская заняла 16 месца з 26. Аўдыторыя падзялілася: адны былі ў захапленні ад байцоўскіх якасцяў спявачкі, якая вырашыла ўдзельнічаць у нацыянальным адборы пасля скандальных падзей папярэдняга адборачнага этапу, другія крытыкавалі яе сцэнічны вобраз і кампазіцыю... Удзельнік дзіцячага «Еўрабачання», якое прайшло праз паўгода пасля дарослага, Ілья Волкаў таксама ў другі раз запар меў дачыненне да песеннага конкурсу. Але калі летась выступаў у падтанцоўцы, дык зараз дэбютаваў і як сольны выканаўца, і як аўтар кампазіцыі. Вынік — трэцяе месца.

КАНФІСКАЦЫЯ. Дэпутаты прынялі закон аб канфіскацыі аўтамабіляў за паўторную язду ў стане алкагольнага ап'янення. Таксама былі павялічаны штрафы за кіраванне транспартам нападпітку і тэрміны пазбаўлення волі за здзейсненыя п'янымі кіроўцамі дарожна-транспартныя здарэнні, якія пацягнулі за сабой чалавечыя ахвяры, да 10 гадоў турмы. Першы аўтамабіль быў канфіскаваны ў лістападзе ў Мінску. Яго кіроўца за апошнія некалькі тыдняў быў двойчы затрыманы за рулём у нецвярозым стане.

ДАРОГІ. З пачатку ліпеня некаторыя дарогі ў краіне сталі платнымі. Аплату праз адпаведную электронную сістэму планавалася ўкараніць на ўсіх рэспубліканскіх дарогах першай катэгорыі, чыя агульная працягласць складала 815 кіламетраў.

ПЛОШЧА. 2 ліпеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адкрыў у Мінску плошчу Дзяржаўнага сцяга. Плошча размешчана на праспекце Пераможцаў. Яна ўяўляе сабой круг радыусам 50 метраў, у цэнтры — 70-метровая стэлафлагшток. Палотнішча зроблена з воданепранікальнай тканіны, якая не выгарае на сонцы. Каб сцяг заўсёды развяваўся на ветры, стэлу ўстанавілі ў той частцы горада, дзе вецер дзьме пастаянна. Па перыметры плошчы размешчаны стэлы з картай Рэспублікі Беларусь, тэкстам гімна, гербамі абласцей і сталіцы.

«КАЛІЙНЫ СКАНДАЛ».

Затрыманню кіраўніка «Уралкалія» папярэднічаў скандал паміж даўнімі партнёрамі. «Уралкалій» афіцыйна абвясціў аб адмове ад супрацоўніцтва з «Беларуськаліем» у рамках Беларускай калійнай кампаніі (БКК). Адной з прычын называлася адмена Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам выключнага права БКК на экспартныя пастаўкі беларускага калію і фактычную самастойную рэалізацыю прадукцыі. У адказ кіраўнік «Уралкалія» адмовіўся ад партнёрства з беларускай кампаніяй і пачаў праводзіць дэмпінгавую палітыку на рынку. На той момант следства ацэньвала шкоду, нанесеную беларускаму боку, у 100 мільёнаў долараў.

СТРАВЫ. У сталіцы ўпершыню прайшоў «Тыдзень беларускай кухні». У ім удзельнічалі 12 кавярняў і рэстаранаў, якія прапанавалі наведнікам адмысловае меню з такімі, напрыклад, стравамі, як плата сялянскае, поліўка грыбная, бабка бульбяная, дранікі са смятанай. Цэны на іх былі аднолькавымі для ўсіх устаноў незалежна ад нацэначнай катэгорыі і кошту прадуктаў. Па задуме гарадскіх уладаў, праз такія мерапрыемствы, калі жыхары і госці сталіцы атрымаюць магчымасць ацаніць каларыт беларускіх страў, можна папулярызаваць нацыянальную кухню і развіваць культуру харчавання.

ПРАВІЛЫ. У краі не зарэгістравана 106 тысяч паляўнічых. А вуду ў руках хаця б зрэдку трымае, напэўна, ледзьве не кожны другі жыхар Беларусі. Таму змяненні ў правілах вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства закрануць, безумоўна, многіх. Апроч іншых новаўвядзенняў, варта адзначыць істотнае ўзмацненне адказнасці за незаконнае паляванне.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».