Вы тут

Сем непазбыўных мясцін, дзе варта пабываць кожнаму


Прыемных падарункаў лёсу звычайна чакаюць на Новы год і Каляды — час, калі абавязкова здзяйсняюцца цуды. Але ж іншым разам мы забываемся, што гэтыя цуды знаходзяцца побач з намі штодня. Варта толькі расплюшчыць вочы і азірнуцца навокал, як становіцца зразумела: незвычайнае — паўсюль! «Звязда» склала свой невялікі (вядома, далёка не поўны і даволі суб'ектыўны) спіс цікавінак зямлі Беларускай, для спаткання з якімі не трэба чакаць свята. Зычым вам, паважаныя чытачы, каб сустрэчы з гэтымі сямю цудамі (як мінімум!) адбыліся ў вашым жыцці ў новым годзе!

цуд1

1.  Полацк. Гэта — сапраўдны горад-цуд. Менавіта ён стаў цэнтрам першага дзяржаўнага ўтварэння на нашых землях — Полацкага княства. Старажытны Полацк калісьці быў месцам росквіту асветніцтва і культуры. Менавіта ён падарыў нам святую заступніцу зямлі Беларускай Еўфрасінню Полацкую і яе крыж (які хоць і знік, але, хочацца верыць, яшчэ вернецца на Беларусь), слаўнага першадрукара Францыска Скарыну, паэта і грамадскага дзеяча Сімяона Полацкага... А колькі славутасцяў у адным гэтым невялікім па сучасных мерках гарадку! І Сафія, што «плыве над Дзвіною, нібы карабель», і Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, і Богаяўленскі сабор, і езуі цкі калегіум... На гэтай зямлі ляжыць і Барысаў камень, у якога просяць здзяйснення жаданняў. І не дзіва, што ўсе шляхі вядуць у Полацк, бо менавіта тут усталяваны знак геаграфічнага цэнтра Еўропы (сам жа ён, на думку некаторых даследчыкаў, знаходзіцца недалёка ад горада, у раёне возера Шо).

цуд2

2. Белавежская пушча. Адзін з самых старых запаведных лясных масіваў Еўропы, як стары суцэльны лес згадваецца яшчэ ў Іпацьеўскім летапісе 983 г. Тут ладзілі шыкоўныя паляванні вялікія князі, спрабавалі наладжваць вытворчасць магнаты, а Кацярына ІІ у часы Расійскай імперыі раздавала землі пушчы сваі м прыбліжаным. Перажыў гэты чароўны лес і страшны паўгадавы пажар, і паўстанне каліноўцаў, і нямецкую акупацыю падчас Першай сусветнай вайны, калі яго багацці найбольш эксплуатаваліся. А падчас апошняй вайны тут было вырашана стварыць узорную паляўнічую гаспадарку рэйха. Нягледзячы на ўсё гэта, Белавежская пушча захавала сваё першабытнае аблічча і рэліктавыя супольнасці раслін і жывёл, многія з якіх беззваротна зніклі ў іншых месцах разам з высечанымі лясамі.

 

цуд33. Браслаўшчына. Безумоўна, славіцца гэты рэгіён сваі мі разнастайнымі азёрамі, з якімі звязана мноства праўдзівых і не вельмі гісторый. Але не толькі таямнічыя паданні і маляўнічы ландшафт вылучаюць Браслаўшчыну. Тут нібы нейкім волатам-сейбітам раскіданы валуны, шмат старажытных курганоў і — ужо збудаваных нашымі недалёкімі продкамі — незямной прыгажосці касцёлаў... Браслаўскі край адметны сярод іншых рэгіёнаў Беларусі сваім асаблівым духам, атмасферай шматвекавой мудрасці, захаванай у шатах лясоў і глыбіні азёр... Зачараванае месца, нібы асобны свет, дзе жыццё ідзе сваім мерным крокам і дзе няма мітусні. Тут, паглыбіўшыся ў абшары лясоў, блукаючы між люстэркаў азёр, нібы трапляеш у іншае вымярэнне і забываешся на ўсё.

 

цуд44. Палессе. Вось ужо дзе рай для этнографаў! Гэты запаветны куточак прываблівае сваёй адметнай прыродай, самабытнасцю і мноствам старадаўніх традыцый, якія захаваліся толькі тут. Беларускае Палессе ўяўляе сабой дзіўны сінтэз архаічнага і сучаснага. Вялікі пласт культурнай спадчыны беларусаў захаваўся дзякуючы таму, што гэтыя балоцістыя мясціны заўжды былі цяжкадаступнымі. Палешукі спрадвеку жылі фактычна сваёй асобнай супольнасцю, іх сувязі са «знешнім» светам былі даволі слабыя. Таму і «масавая» культура, якая ахоплівала ў першую чаргу заходнія і цэнтральныя раёны нашай зямлі, на Палессе даходзіла досыць позна. Дзякуючы гэтаму яшчэ і сёння мы маем адметныя палескія дыялекты, непаўторныя традыцыі ткацтва і вышыўкі, своеасаблівую песенна-абрадавую культуру.

 

цуд55. Возера Свіцязь. Пра ўзнікненне апетага Адамам Міцкевічам вадаёма існуе вялікае мноства легендаў. Але ж не толькі паданнямі славіцца возера Свіцязь. Самым загадкавым у ім з'яўляецца наяўнасць рэдкай расліннай формы — яна завецца «тэтрадзініум яванікум». Цікава, што водарасці гэтыя сустракаюцца толькі ў водах каля вострава Ява ў Індыйскім акіяне. Адкуль жа яны ўзяліся ў Свіцязі — таямніца. Як і тое, што насяляе возера малюск «планорбіс стэльмахцікус», дагэтуль знойдзены толькі ў азёрах Францыі, Бельгіі і Германіі. А на ўзбярэжжы Свіцязі растуць рэдкія кветкі лабеліі Дортмана, занесеныя ў Чырвоную кнігу.

 

цуд66. Вялікі камень. Той, каму выпадзе ехаць па дарозе з Шуміліна на Бешанковічы (Віцебская вобласць), можа збочыць на 500 метраў на захад ад вёскі Горкі. Паверце, такое адхіленне ад прамога маршруту вартае таго, каб пабачыць сапраўдны цуд прыроды — Вялікі камень. Гэты валун у 11 метраў даўжынёй, 5,6 метра шырынёй і 2,8 метра вышынёй (і гэта толькі надземная частка!) — самы вялікі на тэрыторыі Беларусі. Важыць «каменьчык», які па форме нагадвае прас, больш за 800 тон. Трапіў ён да нас падчас апошняга абледзянення 18 тысяч гадоў таму з Выбаргскага масіву Балтыйскага шчыта. Існуе легенда, паводле якой адзін яўрэй родам з Віцебска схаваў за трыццаць крокаў ад каменя шкатулачку з каштоўнасцямі ўсіх яго продкаў. Ці праўда гэта — невядома, але і сёння ходзяць людзі да валуна з пачастункамі: прасіць, каб здзейсніліся жаданні.

цуд77. Тураўскія каменныя крыжы. Не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі вядомыя нерукатворныя каменныя крыжы, што вырастаюць наўпрост з зямлі на Барысаглебскіх могілках у Тураве. Шмат паданняў існуе пра іх узнікненне і цудадзейную сілу. Пра адзін крыж кажуць, што ён вырас на верагоднай магіле святога Кірылы Тураўскага, месца пахавання якога дакладна не выяўлена. А два каменныя крыжы, што знаходзяцца ва Усіхсвяцкай царкве, згодна з легендай, прыплылі прыкладна ў 1170 годзе супраць цячэння па Дняпры і Прыпяці з Кіева. І, пэўна, няма ніводнага дня, каб да камянёў не прыйшлі паломнікі, што едуць сюды адусюль, каб папрасіць у іх вылячэння. Кажуць, што крыжы «рэагуюць» на кожнага чалавека па-свойму: нехта адчувае цеплыню, а хтосьці — холад. А тыя, хто жыве у граху, часам не могуць дакрануцца да каменя: іх быццам б'е токам.

...Распавядаць пра незвычайныя куткі Беларусі можна бясконца, бо немагчыма абмінуць і слаўныя гістарычныя мясціны, і велічныя архітэктурныя помнікі, і прыродныя багацці, і шэраг іншых матэрыяльных і духоўных здабыткаў прашчураў і сучаснікаў. А калі паварушыць зжаўцелыя старонкі псторыі нашага краю, то колькі яшчэ ўсяго невядомага і таямнічага можна знайсці! Пэўна ж, у кожнага ёсць свой уласны «спіс» цудоўных месцаў і рэліквій. Дык ці не сапраўдны гэта цуд — жыць на зямлі, такой багатай на славутасці?

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».