Вы тут

«Іардань», лазня і «Архірэйская» юшка


У Магілёве на Вадохрышча стартавала аздараўленчая паездка «Край жыватворных крыніц»

Калі ж, як не на Хрышчэнне, можна адчуць жыватворную моц цудадзейных крыніц, якімі так славіцца Магілёўшчына далёка за межамі краіны? Дастаткова аднагоўспаміну пра блакітную крыніцу на Слаўгарадчыне, знаёмую з язычніцкіх часоў. Да яе кожны год на Макавей збіраецца шмат народу. Не менш вядомыя Палыкавіцкая крыніца ў Магілёве, якая прыцягвае ўвагу паломнікаў амаль з XVI стагоддзя, намоленыя мясціны Быхаўшчыны, дзе сярод лясной гушчары хаваецца цэлы каскад гаючых крыніц«Захарэнка», і шмат іншых.

Летась у Магілёве быў распрацаваны праект, які ўключыў у сябе найбольш знакавыя «крынічныя» мясціны цэнтральнай і ўсходняй частак вобласці. Яго ініцыяваў абласны грамадскі савет па развіцці аграэкатурызму ў Магілёўскай вобласці.

На першы азнаямленчы тур, у якім мы сталі сапраўднымі першапраходцамі, арганізатары запрасілі ў Дрыбінскі раён, дзе знаходзіцца жыватворная Трылесінская крынічка. Але каб справа адным паломніцтвам да святых мясцін не абмежавалася, падарожнікам прапанавалі пазнаёміцца з багатай культурай і традыцыямі гэтага краю: пабываць у гасцях народных майстроў, завітаць у Багданаву сялібу, акунуцца ў купель, пасмакаваць юшку з пеўня (архірэйскую), папарыцца ў лазні. Іншымі словамі, выпрабаваць на сабе, як Магілёўшчына падрыхтавалася да Года гасціннасці.

иардань3

Народ да падарожжа падрыхтаваўся па поўнай праграме — каністры, лазневыя прыналежнасці, фотаапараты. Пакуль ехалі па ранішнім Магілёве, паспелі ўбачыць чэргі, якія стаялі каля храмаў: здавалася, не было ім канца. Усе адразу пачалі гаманіць пра цудоўныя якасці вады, пра розныя храмы і крыніцы. «Бачылі б вы, якая прыгожая царква ў краснапольскай вёсцы Выдранка. Яна яшчэ старадаўняя, зроблена без адзінага цвіка». «Самая вялікая крыніца на Магілёўшчыне — Блакітная. Там вада і зімой, і летам аднолькавая — плюс 8». «А ў Пустынках ёсць крынічка, якая вочы лечыць. Кажуць, мсціслаўскі князь памыў твар і пачаў бачыць». «Трылесінская, куды мы завітаем, таксама цудадзейная», — супакойвала Уладлена Дайлюдзенка, спецыяліст па турызме гасцінічнага комплексу «Турыст» (гэта адна з устаноў, якая дапамагае рэалізаваць вышэйзгаданы праект).

Надвор'е, здавалася, спрыяла паездцы: мароз, сонейка, казачны лес у сваім серабрыстым убранні. Вось і першы прыпынак — Дом рамёстваў у аграгарадку Кароўчына. На ганку нас сустракае дырэктар Таццяна Сіроціна.

Калі заходзім унутр, у нос шыбае прыемны пах саломы і лыка. Амаль дзвезалы скрозь застаўлены рознымі вырабамі з саломы, бісеру і лазы. А багатай калекцыі ручнікоў можа пазайздросціць любы музей. Але больш за ўсё Кароўчынскі Дом рамёстваў славіцца тым,што яго праект па пляценні лапцей прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю краіны. Тут іх столькі, што вочы разбягаюцца. Як і сувеніраў з саломкі.

Супрацоўнікі распавядаюць пра гаспадара тутэйшых мясцін Дрыбшу, які прыйшоў на гэтыя землі без гроша ў кішэні і менавіта тут стаў добрым гаспадаром. Вакол яго сялібы і пачаў расці населены пункт, які атрымаў назву Дрыбін. А сімвал «жыве» на палічцы Дома рамёстваў сярод розных абрадавых лялек.

Дзівішся на гэтыя вырабы, і не верыцца, што гэта можна зрабіць сва і мі рукамі. І каб сумненняў не заставалася, нас таксама запрашаюць спытаць сябе ў ролі майстроў і сплесці невялічкі«веер». Пад кіраўніцтвам Таццяны Сіроцінай справы ідуць як па масле. Нават той, хто ніколі ў руках не трымаў салому, пачынае плесці«коску». Адчуваеш сваё дачыненне да продкаў, ад гэтага становіцца неяк цёплаі ўтульна на душы. На развітанне нам жадаюць добрага настрою і расказваюць, як выкарыстоўваць зроблены сваімі рукамі абярэг.

Багданава сяліба, да якой ад Кароўчына зусім рукой падаць, здаецца казачным палацам сярод лесу. Пакуль у катле тут жа, на двары, кіпіць юшка з пеўня, нас запрашаюць на экскурсію па сялібе. Існуе легенда, што тут калісьці жыў гаспадар гэтых маляўнічых мясцін Трылес. Арганізатары нават абяцаюць у будучыні гэты вобраз стварыць, каб міфічны герой сам паказваў родныя мясціны. Пакуль яго ролю выконвае старшыня абласнога грамадскага савета па развіцці агра-экатурызму Сяргей Клягін. Галоўная славутасць тут — рэліктавыя лістоўніцы, якія сустракаюць гасцей паабапал дарогі. Але больш за ўсё ўражваюць трылесінскія дрэвы-волаты. «Вунь таму дубу 300 гадоў»,— паказвае Сяргей на высачэзнае дрэва. А потым запрашае на невялічкі абрад вакол таполяў, якія зрасліся, нібы сіямскія блізняты. Дарослыя, як дзеці, услед за ім тры разы запар паўтараюць заклінанне: «Трылесінскія волаты, дайце нам здароўя і забярыце нашы хваробы!». Кожны ў душы таксама звяртаецца да творцы. Гэты лес, гэтыя дрэвы — той самы цуд, які прыцягвае, заварожвае, напаўняе гаючай сілай.

иардань2

Нягледзячы на мароз, ніхто неадказваецца прайсці некалькі кіламетраў да Трылесінскай крынічкі. Кажуць, калісьці на яе месцы стаяла царква, а потым сышла пад зямлю. Замест яе з'явілася цудадзейная крынічка. Пакуль прабіраліся да яе праз лясны буралом, адчувалі сябе сапраўдным іпершапраходцамі. Чыталі па снезе, хто ў лесе жыве: вунь дробныя капыткі —мабыць, казуля прабегла. А вось цягнуцца па снезе ланцужком быццам бы намаляваныя пад лінейку сляды лісіцы.

Да крынічкі прыйшлося з'язджаць з горкі, а потым стаяць на каленях, каб зачарпнуць празрыстай халоднай вады. Згодна са старадаўнім славянскім звычаем, трэба было тры разы спаласнуць ёю твар і, павярнуўшыся да сонейка, папрасіць здароўя для сябе і блізкіх. Ад гэтай ідыліі з прыродай сэрца быццам спявала.

А ў сялібе нас ужо чакала «архірэйская» юшка і смачныя аладкі. А які духмяны чай пілі мы пасля зімовай прагулкі! Здавалася, само лета завітала ў гэты заснежаны куток. З асалодай удыхалі водар размарыну, скрыпеню, ліпы, чабору. І не перадаць, якім смачным падалося звычайнае варэнне са сліў. "Добрая лазня пачынаецца за добрага абеду, - аўтарытэтна казаў Генадзь Мароз, які таксама сеў падсілкавацца. — Галоўнае, не пераядаць. Але на пусты страўнік таксама не трэба парыцца». Прызёр міжнароднага чэмпіянату сярод парыльшчыкаў, суддзя міжнароднай катэгорыі па гэтым відзе «спорту», арганізатар двух беларускіх лазневых фестываляў, прадстаўнік Міжнароднай асацыяцыі лазневага мастацтва і Міжнароднай Федэрацыі Спартыўнага парання ў Беларусі ведае, што кажа. Вельмі карыснымі былі і іншыя парады, якімі ён падзяліўся падчас свайго майстар-класа. Каб вы ведалі, вялікі жар — гэта не заўсёды на карысць. Добра, калі тэмпература не больш за 60 градусаў. Не кожны арганізм можа справіцца з вялікімі нагрузкамі. Венік таксама трэба выбіраць з розумам. Кажуць, нядрэнныя прадаюцца ў Магілёве каля Сялянскай лазні.

Дарэчы, каб турысты змаглі папарыцца пад наглядам майстра ў Багданавай сялібе, падрыхтавалі нават тры лазні. Адна з іх — мабільная — змяшчалася каля «іардані» — палонкі ў выглядзе крыжа, якую перад нашым прыездам асвяціў айцец Дыянісій. Але я так і не рызыкнула акунуцца ў купель: мароз трымаўся градусаў пад 20. Зараз нават трохі шкадую, што не зрабіла гэтага. У наступны раз абавязкова рызыкну.

Дадому вярталіся бліжэй да ночы, змораныя, шчаслівыя. Аказваецца, каб добра адпачыць, не трэба шукаць нейкіх цудаў. Яны побач з намі.

Нэлі ЗІГУЛЯ. Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».