Вы тут

У сталічных педагогаў падраслі "гарадскія даплаты"


Даплаты, якія атрымліваюць з гарадскога бюджэту работнікі сталічных устаноў адукацыі і арганізацый фізічнай культуры і спорту, павялічваюцца са студзеня ад 50 да 150 тысяч рублёў, у залежнасці ад займанай пасады. Такое рашэнне было прынята Мінскім гарадскім Саветам дэпутатаў яшчэ напрыканцы 2013 года, але на сайце Нацыянальнага прававога інтэрнэтпартала дакумент з'явіўся толькі 18 студзеня.

Нагадаем, што на працягу больш як дзесяці гадоў рашэннем Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў сталічным педагогам аказваецца сацыяльная падтрымка ў выглядзе штомесячных даплат да іх акладаў. Да 10 мая 2012 года памер даплат вагаўся ад 1,5 да 4-х базавых велічынь, а з 11 мая 2012 года ў сувязі з ростам базавай велічыні да 100 тысяч рублёў даплаты былі ўстаноўлены ў фіксаваных сумах.

Са студзеня гэтага года штомесячную даплату да акладу ў памеры 390 тысяч рублёў будуць атрымліваць настаўнікі ўсіх спецыяльнасцяў, у тым ліку настаўнікі-дэфектолагі, выкладчыкі, выхавальнікі, выхавальнікі дашкольнай адукацыі, выхавальнікі-метадысты, педагогі-арганізатары, сацыяльныя педагогі, метадысты, кіраўнікі фізічнага выхавання і інструктары па фізкультуры, музычныя кіраўнікі, канцэртмайстры, акампаніятары, педагогі дадатковай адукацыі, культарганізатары, педагогі-псіхолагі, кіраўнікі і іх намеснікі, старшыя майстры, майстры вытворчага навучання, загадчыкі пунктаў педагагічнай дапамогі вучэбна-метадычных аддзелаў і вытворчых майстэрняў, кіраўнікі практыкі, рэктары і пратэктары, дэканы і іх намеснікі, загадчыкі кафедраў, начальнікі аддзелаў і іх намеснікі, спецыялісты з кола прафесарска-выкладчыцкага складу, галоўныя трэнеры па спорце, галоўныя трэнеры — выкладчыкі па спорце, старшыя інструктары-метадысты.

У памочнікаў выхавальнікаў (а гэта, між іншым, адна з самых малааплатных катэгорый работнікаў) даплата складзе ўсяго 195 тысяч рублёў. Такая ж даплата ўстаноўлена загадчыкам бібліятэк устаноў адукацыі і бібліятэкарам.

Між іншым, міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, выступаючы на гарадскім педагагічным форуме напярэдадні навучальнага года выказаў думку, што ў сталіцы ёсць рэзервы для вырашэння адной з галоўных задач — павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі.

— Чаму б Мінску не пераняць расійскі досвед? — прапанаваў Сяргей Маскевіч, звяртаючыся да мэра сталіцы Мікалая Ладуцькі. — У Расіі заробкі педагогаў не могуць быць меншымі за сярэдні заробак у рэгіёне. І калі б сталічныя педагогі змаглі атрымліваць грошы, супастаўныя з сярэднім заробкам мінчан, няхай нават і крыху меншыя, гэта адразу б адбілася на павышэнні прэстыжу педагагічнай прафесіі і ў грамадстве, і сярод маладых людзей. І, магчыма, мы маглі б ужо на конкурснай аснове адбіраць самых лепшых педагогаў у навучальныя ўстановы новага тыпу...

А пакуль што колькасць маладых педагогаў, якія звальняюцца з першага працоўнага месца пасля двух гадоў адпрацоўкі па размеркаванні, расце. Па звестках Мінскага гарадскога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, за перыяд з 2011 па 2013 год паказчык звальненняў у сталічнай сістэме адукацыі павялічыўся з 41 да 44 працэнтаў. Магчыма, гэта звязана з тым, што праз два гады пасля размеркавання малады педагог страчвае статус маладога спецыяліста і яго заработная плата становіцца меншай амаль на 10%? У любым выпадку дадатковыя 150 тысяч рублёў, якія знайшліся ў гарадскім бюджэце на падтрымку педагогаў, наўрад ці істотна паўплываюць на кадравую сітуацыю.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.