Вы тут

Гутарка са старшынёй Мінаблсавета Іванам Ліпніцкім


ІМКНУЦЦА ДА ДАСКАНАЛАСЦІ, але кожны крок узгадняць з людзьмі

Новыя формы і метады работы, шляхі павышэння ролі і аўтарытэту органаў самакіравання абмеркавалі падчас пасяджэння «круглага стала», якое адбылося ў Інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, старшыні пасялковых і сельскіх Саветаў дэпутатаў. «Навінамі» цэнтральнага рэгіёна краіны падзяліўся з прысутнымі член Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван ЛІПНІЦКІ.

1[1]

1[1]

 

Аптымізацыя: працяг будзе

Летась на Міншчыне завершаны чарговы этап аптымізацыі сельсаветаў. Узбуйненне структур пярвічнага ўзроўню неабходна было перш за ўсё для таго, каб павысіць іх статус, а таксама больш эфектыўна і якасна вырашаць пытанні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання з улікам эканамічных, сацыяльных, дэмаграфічных аспектаў. Папярэдне галоўнае ўпраўленне арганізацыйна-кадравай работы, абласны Савет дэпутатаў шмат папрацавалі над вывучэннем прапаноў раённых Саветаў дэпутатаў і райвыканкамаў па ўпарадкаванні адміністрацыйных тэрыторый, улічылі меркаванні грамадзян, якія яны выказалі на сходах. Як вынік, у працэсе аптымізацыі з месцаў паступалі адзінкавыя скаргі і звароты. Перш за ўсё жыхароў хвалявалі пытанні транспартных зносін, захавання сацыяльнай інфраструктуры.

Да пачатку аптымізацыі ў вобласці налічваўся 281 сельскі Савет. Сёння іх засталося 225. Але, як кажуць, у пераўтварэнняў няма пачатку і няма канца. Жыццё не стаі ць на месцы, вылучае новыя патрабаванні. На парадку дня — упарадкаванне штатаў сельскіх выканкамаў. На Міншчыне захаваліся сельсаветы, дзе пражывае менш чым 500 чалавек. Пры гэтым тут ёсць і кіраўнік справамі, і спецыяліст, і бухгалтар, што немэтазгодна. Напрыклад, у Старых Дарогах застаўся сельсавет, на тэрыторыі якога пражывае 880 чалавек. Яшчэ 65 сельсаветаў налічваюць да 2 тыс. грамадзян. Разам з тым, аптымізацыя мела на мэце, каб на падведамаснай тэрыторыі пражывала не менш за 2 тыс. насельніцтва. Самы буйны, як у цэнтральным рэгіёне, так і ў краіне ў цэлым — Бараўлянскі сельсавет: тут налічваецца 40 тысяч жыхароў. Ёсць сельсаветы, дзе зарэгістравана ад 7 тыс. да 30 тыс. жыхароў. «Менавіта таму мы прадумваем аптымізацыю сельскіх выканкамаў па іх колькасным складзе, што павінна аблегчыць работу і зрабіць яе больш значнай у буйных сельсаветах. З такой ініцыятывай я выступіў перад кіраўніцтвам аблвыканкама і знайшоў там падтрымку», — канстатаваў Іван Ліпніцкі.

Дадам, што у Мінскай вобласці аптымізацыя адміністрацыйнатэрытарыяльных адзінак праводзіцца не ўпершыню. У 2006 годзе змены адбыліся ў Салігорскім, Пухавіцкім, Мядзельскім раёнах, у 2007-м — у Клецкім, Бярэзінскім раёнах. У 2009 годзе ў сталічным рэгіёне былі скасаваны 32 сельсаветы. Летась сваю пазіцыю адстаялі Барысаўскі, Мядзельскі, Слуцкі раёны: праводзіць узбуйненне там пакуль дачасна. Але працэс аб'яднання дробных сельсаветаў будзе працягвацца і ў далейшым.

Вёска без жыхароў

 

На тэрыторыі Мінскай вобласці знаходзіцца 5206 сельскіх населеных пунктаў. У 30% з іх пражывае менш за 20 чалавек. І ажываюць вёскі толькі падчас летніх канікул, адпачынку, калі дзеці і ўнукі прыязджаюць да бацькоў і бабуль. Разам з тым, у такія вёскі ходзіць аўталаўка, зімой чысцяць ад снегу дарогі — трэба ж вытрымліваць сацыяльны стандарт. А гэта значыць, неэфектыўна трацяцца дзяржаўныя сродкі, а той жа райспажыўсаюз працуе амаль што з мінусам. Ёсць і такія вёскі, дзе наогул няма жыхароў. Толькі на Радаўніцу сваякі наведваюць магілы родных і блізкіх.

Выправіць становішча прызначана канцэпцыя развіцця сельсаветаў і сельскіх населеных пунктаў Мінскай вобласці на 2014 — 2020 гады. «У нас прымаюцца генеральныя планы развіцця гарадоў, але не менш важна прагназаваць і развіццё сельскіх населеных пунктаў, — лічыць Іван Ліпніцкі. — Гэтага патрабуюць дэмаграфічная сітуацыя, а таксама рацыянальнае выкарыстанне жыллёвага фонду, вытворчых і матэрыяльных рэсурсаў, пытанні жыццезабеспячэння насельніцтва». У сувязі з гэтым старшыня кожнага райсавета сумесна са старшынямі сельскіх Саветаў унеслі свае прапановы па захаванні і развіцці населеных пунктаў на сваіх тэрыторыях. Але тут варта працаваць разам з сельскагаспадарчымі арганізацыямі, прадпрыемствамі, што знаходзяцца на падведамаснай тэрыторыі. І абавязкова абмяркоўваць усе крокі з насельніцтвам.

І хранічны скаржнік, здараецца, мае рацыю

Як і ў кожным рэгіёне, на Міншчыне ёсць грамадзяне, якія зрабілі скаржніцтва сваім рамяством. Такіх нямнога: як правіла, 5-7 чалавек. Так, яны надакучваюць, перашкаджаюць працаваць. Але і ў гэтым выпадку трэба больш уважліва, так бы мовіць, індывідуальна, падыходзіць да іх зваротаў. А лепш за ўсё выехаць на месца, каб на свае вочы ўпэўніцца ў сітуацыі. Іван Эдуардавіч пераканаўся ў гэтым на асабістым вопыце. Аднойчы да яго на прыём прыйшоў заяўнік, які паскардзіўся, што звяртаецца ў розныя інстанцыі, каб адрамантавалі балкон. Справа ў тым, што прадстаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі ладзілі дах на доме, і цагліны, што ўпалі, пашкодзілі казырок балкона. І такую дробязную праблему не маглі вырашыць на месцы два гады: выязджалі розныя камісіі, вялася перапіска... Так што і хранічныя скаржнікі, здараецца, маюць рацыю.

Кампенсацыя за страты

У сувязі з захворваннем свіней на афрыканскую чуму, якая закранула асобныя рэгіёны краіны, у Мінскай вобласці вакол буйных свінагадоўчых комплексаў уведзена буферная зона. Інакш кажучы, мясцовым жыхарам, фермерам, што знаходзяцца ў радыусе 5 кіламетраў ад фермаў, рэкамендавана пазбавіцца ад парсючкоў. Бясспрэчна, такія меры балюча ўдарылі па асабістых падсобных гаспадарках. «Мясцовым уладам рэкамендавана вырашыць пытанне па продажы свініны па сабекошце жыхарам тых населеных пунктаў, дзе забаронена ўтрыманне пагалоўя, — адзначыў Іван Ліпніцкі. — У некаторых раёнах адразу пайшлі насустрач. Думаю, мы здолеем адстаяць сваю пазіцыю і ў астатніх».

Дэпутатаў стане менш

У сувязі з аптымізацыяй сельскіх і пасялковых Саветаў узрасла роля органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. На Міншчыне іх дзейнічае 6057, у тым ліку 814 калегіяльных — вулічныя і дамавыя камітэты, 5243 аднаасобныя — старасты і старэйшыны вуліц, населеных пунктаў. З улікам узбуйнення тэрыторый зменшыцца і колькасць дэпутатаў — з 4252 да 3561 сёлета. У раённых Саветах было 762, а застанецца 718, у сельскіх і пасялковых з 3228 застанецца 2631.

Каб пазбегнуць непрыемнасцяў

Работа па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў прадугледжвае знос пустуючых і старых дамоў у вёсках. Парадак і ўмовы прапісаны ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лютага 2012 г. № 100 «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэння колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці». Іван Ліпніцкі нагадаў, што ў гэтай справе трэба дакладна прытрымлівацца алгарытму, каб пазбегнуць непрыемнасцяў. Напрыклад, у Капыльскім раёне знеслі трухлявую хаціну, якая пуставала 20 гадоў. І толькі пасля гэтага знайшоўся спадчыннік, які жыў у Расіі. Паводле рашэння суда, яму давялося выплаціць кампенсацыю ў памеры 40 млн рублёў. Разам з тым, просьба аб спагнанні з гэтага нашчадка падатку на нерухомасць і зямлю за 20 гадоў не была задаволена. «У нас ёсць шмат магчымасцяў, каб падаткі плацілі штомесяц ці паквартальна. Мы абкошваем траву, пустазелле, наводзім парадак вакол кінутых дамоў за кошт бюджэтных сродкаў. Хацелася б, каб і Міністэрства па падатках і зборах пачало займацца сваімі прамымі абавязкамі», — заўважыў Іван Ліпніцкі.

У сустрэчы прыняў удзел начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька. Прадстаўнік Міністэрства пра і нфармаваў прысутных аб рабоце па ўдасканаленні механізму выплаты сельскімі жыхарамі падаткаў на зямлю і нерухомасць.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.