Я нарадзіўся 27 студзеня 1939 года ў Пецяргофе. А калі пачалася вайна, у чэрвені 1941 года, мы з мамай і старэйшым братам Віктарам перабраліся ў Ленінград да сястры таты, лічачы, што там немцы нас не дастануць. Але... Бамбёжкі, артылерыйскія абстрэлы, бамбасховішчы, голад, холад, смерць, галодныя істэрыкі — усё гэта мы перажылі ў поўнай меры.
З самых страшных успамінаў таго часу — гэта пацукі. У горадзе лютавалі сотні тысяч гэтых грызуноў. Я сам бачыў пацука велічынёй з адкормленую кошку. Раніцай матросы ваеннай камендатуры, размешчанай у нашым доме, выносілі пасткі для пацукоў, зробленыя з металічнай сеткі. Туды, на маленькі кавалачак прынады, дзясяткі пацукоў набіваліся. Яны кішэлі там, перасоўваючыся па галовах і целах адзін аднаго. Было страшна глядзець на іх злыя вочы. І такая карціна паўтаралася кожную раніцу.
Дзень і ноч гукі метранома па радыё гаварылі нам, што мы жывыя. Часам гук спыняўся, надыходзіла цішыня. Мы заміралі, а дыктар бясстрасным голасам аб'яўляў: «Паветраная трывога! Паветраная трывога!». Спачатку мы заўсёды беглі ў падвал, у бамбасховішча. Пазней, калі нашы маці пераканаліся, што ў падвале знаходзіцца небяспечна, таму што бомбы, прабіваючы жылыя паверхі, узрываліся ўнізе, хаваючы пад развалінамі людзей, якія там знаходзіліся, перасталі бегаць у бамбасховішча. І ацалелі.
У час налётаў авіяцыі актыўна дзейнічалі нямецкія дыверсанты, загадзя закінутыя сюды або завербаваныя ў горадзе. Яны пускалі зялёныя ракеты над важнымі аб'ектамі, якія павінен быў разбамбіць вораг. Прычым гэта былі не адзінкавыя выпадкі.
У самы галодны час зімы 1941 года да нас прыходзіла сапраўдная графіня. Муж яе, — дыпламат, недзе памёр напярэдадні вайны: відаць, быў рэпрэсіраваны. Яна казала маёй маме: «Надзя, пакідайце мне бульбяное шалупінне. Я з яго прыгатую цудоўныя катлеты. За гэта я гатова вучыць вашых дзяцей замежным мовам». Гэта жанчына была вельмі адукаваная, ведала пяць моў, шмат гадоў жыла з мужам за мяжой. Цяпер яна стала худая, бедна апранутая, але гордая. Яна не прасіла міласціну, а проста хацела зарабіць сабе бульбяное шалупінне.
Да неверагодных падзей ленінградскай блакады адношу і работу дзіцячага садка на рагу вуліц Жалябава і Неўскага праспекта на працягу ўсёй вайны, дзе нас кармілі, рабілі ўколы, чыталі кніжкі, дзе мы спявалі песні, у тым ліку Гімн Савецкага Саюза, які тады толькі з'явіўся. Дзе летам нас на вуліцы, у маленькім кветніку, аблівалі вадой з лейкі і прымушалі загараць, каб атрымаць хоць нейкія вітаміны ад сонца.
На маленькай аматарскай фатаграфіі таго часу я ўбачыў некалькі малых: у цэнтры — сябе, трохгадовага, брата Віктара, які сядзеў побач (ён быў старэйшым на 3 гады, таму выглядаў зусім дарослым), стрыечную сястру Галю пяці гадоў; яшчэ дваіх суседскіх дзетак. Усе сядзелі на драўлянай агароджы пясочніцы ў двары ленінградскага дома на рагу Неўскага праспекта і вуліцы Гогаля, за сто метраў ад таго самага месца, дзе цяпер знаходзіцца вядомы на ўвесь свет мемарыяльны надпіс: «Грамадзяне! Пры артабстрэле гэты бок вуліцы найбольш небяспечны...» Ішоў 1942 год. Ленінградцы толькі што перажылі самую цяжкую і трагічную зіму. (Паводле звестак акадэміка Д.С. Ліхачова, за тую зіму памерлі ад голаду звыш мільёна чалавек.) Мы выжылі дзякуючы мужнасці і мудрасці нашых маці. Дзве жанчыны — мама, Надзея Аляксееўна, і цётка, Соф'я Афанасьеўна, сястра нашага бацькі, з дачкой Галяй, аб'ядналіся і жылі адной сям'ёй. Цётка Соня, інжынер з вышэйшай адукацыяй, працавала на разборы завалаў. Вельмі цяжкая праца для жанчыны — уручную пасля чарговага артабстрэлу або бамбёжкі разбіраць будынкі, якія абваліліся, расчышчаючы праезную частку вуліцы, адкопваць забітых і параненых. Затое яна атрымлівала двайны паёк і несла яго дадому для ўсёй сям'і. Колькі я яе памятаю, бедную, яна, надарваўшыся ў тыя блакадныя дні, усё астатняе жыццё, нават праз 20 і 40 гадоў пасля Перамогі, вельмі пакутавала ад спінных хвароб.
Нашай маме пашанцавала з працай у флоцкай воінскай часці ў будынку Адміралцейства. Яна, з добрай рабоча-сялянскай загартоўкай, была там і дворнікам, і прыбіральшчыцай, і нават рабочай на кухні. Калі мыла катлы, ёй часам удавалася сабраць прыгарэлыя астаткі кашы і прынесці дадому. Есці там было амаль нечага, але, каб не памерці з голаду, мы праз сілу з'ядалі гэтыя «гарэлкі», і яны захавалі нам жыццё. Дагэтуль пах згарэўшай пшоннай кашы праследуе мяне. Часам мама прыносіла бульбяное шалупінне або капусныя лісты, якія падгнілі. Тады ў нас было сапраўднае свята.
Мы, трое дзяцей з той блакаднай фатаграфіі, засталіся жывымі, а вось суседскія дзеці загінулі. Яны не трапілі пад бамбёжку, іх не забіла куля. Яны ўсёй сям'ёй памерлі ад голаду. Здарылася вялікая бяда: іх мама, замучаная пасля работы і цяжкага дзяжурства ўначы на даху, у шматгадзіннай чарзе па хлеб ад голаду страціла прытомнасць. І ў гэты час у яе ўкралі ўсе хлебныя карткі. А гэта азначала верную смерць: карткі не аднаўляліся. І дапамагчы ім ніхто не мог: пайкі ва ўсіх былі і без таго мізэрныя.
Увечары, засынаючы, мы тады слухалі адну і тую ж казку. Мама гаварыла, што хутка скончыцца вайна і яна наварыць нам цэлую каструлю кашы. Кашы будзе так многа, што, калі хто захоча дабаўкі, то ён яе атрымае. Скрозь сон я — малодшы — пытаўся: маўляў, а калі я захачу другі раз дабаўкі, ці хопіць кашы? «Зразумела, хопіць», — казала мама, цалуючы нас, а ў самой з вачэй цяклі слёзы. Я засынаў і верыў у гэтую самую кашу, якую можна есці колькі хочаш. Гэта была самая лепшая ў свеце казка.
У сорак чацвёртым годзе дзень 27 студзеня нам, хлапчукам, вельмі запомніўся. Тады ў нашым горадзе ўпершыню прагучаў салют. Салют у гонар Перамогі, у гонар зняцця з Ленінграда блакады! Мне гэты дзень асабліва прыемны — гэта дзень майго нараджэння. Я тады быццам нарадзіўся ў другі раз, атрымаўшы шанц на жыццё. І зразумеў, што выжыву.
Валерый КАСАТОНАЎ, г. Брэст
Капітан 1 рангу Касатонаў Валерый Фёдаравіч, карэнны ленінградзец, нарадзіўся 27 студзеня 1939 года. Усю вайну пражыў у Ленінградзе. Адзінаццацігадовым хлопчыкам у 1950 годзе паступіў у Ленінградскае нахімаўскае ваенна-марское вучылішча, адкуль і пачалася яго флоцкая служба. Служыў на падводным флоце, пасля займаўся выпрабаваннямі новых радыёэлектронных сістэм на караблях. З 1993 года пастаянна пражывае ў горадзе Брэсце.
Сын брата, які выжыў разам з ім у час блакады, — Аляксей Касатонаў — стаў знакамітым савецкім хакеістам.
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.