Сталёвыя нервы — мара кожнага. Аднак здараецца, што нервы падводзяць, і мы нават не здагадваемся, што слабасць нашай нервовай сістэмы абумоўлена збоямі ў рабоце шчытападобнай залозы, адзначае загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення медыка-санітарнай часці ЗАТ «Атлант» Аксана САНЕЦ.
Чым кіруе?
Гэты невялікі орган, размешчаны на пярэдняй паверхні шыі, складаецца з дзвюх доляў, злучаных паміж сабой перашыйкам. Нягледзячы на невялікі памер, шчытападобная залоза падпарадкавала сабе практычна ўсе працэсы ў арганізме. Яна актыўна ўдзельнічае ў абмене рэчываў, выкідвае ў кроў гармоны, ад лішку ці недахопу якіх пакутуюць практычна ўсе ўнутраныя органы, аб чым і паведамляе нам наша нервовая сістэма. Развіццё малочных залоз, стан скуры і валасоў, здольнасць вынасіць і нарадзіць здаровае дзіця, разумовыя здольнасці, сон і апетыт, фізічная актыўнасць, маса цела, трываласць касцей, работа сэрца, імунітэту, развіццё механізмаў старэння — усё гэта ў многім залежыць ад «шчытавідкі».
У жанчын так
Раздражнёнасць, плаксівасць, парушэнне сну, нервознасць, змяненне апетыту і вагі часта звязваюць з нервовым знясіленнем або дэпрэсіяй. Звычайныя заспакаяльныя сродкі, адпачынак і змена абстаноўкі аказваюць часовы эфект, а пасля праблема вяртаецца з падвоенай сілай. Дрэннае самаадчуванне можа быць выклікана:
— дэфіцытам гармонаў шчытападобнай залозы — гіпатырэёзам,
— лішкам гармонаў — тырэатаксікозам,
— сімптомамі сціскання органаў шыі павялічанай шчытападобнай залозай — валляком.
Кожная жанчына павінна разумець, што работа жаночага арганізма падпарадкавана сваім асаблівым біярытмам: «крытычным» дням, цяжарнасці, родам, грудному кармленню, клімаксу — усе гэтыя працэсы ўплываюць на работу шчытападобнай залозы і робяць жанчын схільнымі да перападаў настрою, неўрозаў і дэпрэсіі. У мужчын гэтая залоза больш «паслухмяная» і радзей дае збоі, паколькі ў мужчынскім арганізме ўсе ўнутраныя органы працуюць паводле стабільнага графіка.
Што ўплывае?
У 50-60 працэнтах выпадкаў паталогія шчытападобнай залозы з'яўляецца спадчынным захворваннем. Перадаецца менавіта схільнасць да захворвання, а праявіцца яно ці не — залежыць ад знешніх фактараў.
* Недахоп або лішак ёду. Ёд неабходны для нармальнай выпрацоўкі гармонаў.
* Празмернае знаходжанне на сонцы, уздзеянне радыяцыі.
* «Аўтаімунная вайна». Да паталогіі можа прывесці ўласная імунная сістэма. У норме яна вынішчае чужародныя і змененыя клеткі ў арганізме. Але часам арганізм пачынае ўспрымаць уласную «шчытавідку» як нешта чужароднае і выпрацоўвае антыцелы да яе тканак, якія або паступова разбураюць залозу, або прымушаюць выпрацоўваць неверагодную колькасць гармонаў.
* Вірусныя і бактэрыяльныя інфекцыі.
* Ферментная паталогія, няправільнае развіццё органа.
* Дабраякасныя і злаякасныя новаўтварэнні.
У вас ёсць такія сімптомы?
ГІПАТЫРЭЁЗ. Поўная страта жыццёвай энергіі. Запавольваюцца абменныя працэсы, з'яўляюцца слабасць, зніжэнне памяці і працаздольнасці, санлівасць удзень, затарможанасць, запавольванне маўлення, дрэнны настрой, прыбаўка вагі, ацёчнасць, сухасць скуры, выпадзенне валасоў, ломкасць пазногцяў, рэдкі пульс, парушэнне артэрыяльнага ціску. Месячныя становяцца рэдкімі, рана надыходзіць менапаўза. Такім жанчынам цяжэй зацяжараць, часта недахоп гармонаў шчытападобнай залозы прыводзіць да невыношвання цяжарнасці.
ТЫРЭАТАКСІКОЗ. Абмен рэчываў рэзка паскараецца, зніжаецца вага, з'яўляюцца пачашчанае сэрцабіццё, пачуццё гарачкі, непераноснасць высокіх тэмператур, дрыжанне рук і цела, мышачная і агульная слабасць, частыя змены настрою, агрэсіўнасць, эмацыйнасць, плаксівасць, немагчымасць сканцэнтравацца на выкананні задачы, пачуццё страху, бяссонніца.
ЭКЗАФТАЛЬМ. Аўтаімуннае захворванне шчытападобнай залозы прыводзіць да вірлавокасці.
ВАЛЛЯК, або вузел. Патаўшчэнні, прыпухласці ў месцы шчытападобнай залозы могуць узнікаць пры любым стане залозы і заўсёды патрабуюць лячэння. Для дакладнага выяўлення памераў і аб'ёму залозы, наяўнасці вузлоў і кістаў праводзяць ультрагукавое даследаванне. Часта вузлавы валляк з'яўляецца выпадковай знаходкай, выяўленай падчас прафілактычнага абследавання, бо вузлавыя ўтварэнні не суправаджаюцца болем. Небяспека ж валляку ў тым, што хвароба прагрэсуе, і да аднаго вузла дадаюцца іншыя, а можа пачацца і злаякаснае перараджэнне. Акрамя таго, некаторыя вузлы выкідваюць у кроў лішак гармонаў.
Святлана БАРЫСЕНКА.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.
Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.