Вы тут

Ля Лукамор'я дуб зялёны...


Магілёўскія школьнікі знайшлі ў абласным цэнтры дрэвы, якія «бачылі» Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. У горадзе на Дняпры рускі класік быў двойчы: у 1820 годзе, калі ехаў у ссылку на поўдзень, і праз 4 гады, калі вяртаўся назад. Яго шлях праходзіў па Нова-Чарнігаўскай вуліцы, якая ў савецкія гады была перайменавана ў Пушкінскі праспект. Тут каля кінатэатра «Космас» разбіты невялікі сквер і ўстаноўлены помнік у гонар паэта. Менавіта ў гэтым скверы школьнікі і адшукалі старажытны дуб. Другі знаходзіцца з іншага боку кінатэатра.

Цікава, што ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя два магілёўскія дубы, узрост якіх не менш за 800 гадоў, атрымалі статус мясцовых помнікаў прыроды. Адзін з іх расце на вуліцы Мянжынскага, другі — на Пляханава. А вось «пушкінскія» дубы раней не былі ўлічаны. І калі б не «дзіцячы інтарэс», наўрад ці хто даведаўся б пра іх незвычайную біяграфію.

23-7

Ідэя заняцца вывучэннем магілёўскіх дубоў належыць вучням 3 «В» класа магілёўскай школы
№ 34 Насці Лаўровай і Багдану Балабу. Калі яны разам з бацькамі пабывалі ў Белавежскай пушчы, былі вельмі ўражаны, убачыўшы тыя дубы-волаты, якія там растуць. Думка, ці ёсць у Магілёве такія, не давала спакою. Пад кіраўніцтвам сваёй настаўніцы Вольгі Пятровай і з дапамогай усяго класа яны некалькі месяцаў шукалі карысную інфармацыю і абыходзілі вуліцы горада ў пошуках гэтых дрэў. У спіс трапілі 48 дубоў, узрост 45 з якіх складае ад 100 да 300 і больш гадоў.

Даведацца пра прыкладныя даты іх нараджэння дзецям дапамаглі супрацоўнікі інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Яны падзяліліся з імі спецыяльнай формулай, згодна з якой трэба памножыць акружнасць дрэва на каэфіцыент 0,8.

Багдан Балаба разам з бацькамі перамераў не адзін дуб. Напрыклад, каб вызначыць «талію» «пушкінскіх» волатаў, ім нават не хапіла трохметровай рулеткі. «Калі мы ўсё перамножылі і атрымалі вынік, вельмі здзівіліся, — падзяліўся ўражаннямі Багдан. — Высветлілася, што аднаму з іх 320 гадоў, а другому — ён якраз побач з помнікам — 230».

Яшчэ да рэвалюцыі ў гэтым старажытным месцы Магілёва, якое насіла назву Лупалаўскае прадмесце, здарыўся вялікі пажар. Гісторыкі сведчаць, што цэлымі засталіся толькі тры хаты і некалькі дрэў. Здаецца, што захаваліся менавіта гэтыя дубы.

Маці Багдана Таццяна Красніцкая прызналася, што ёй вельмі цікава было дапамагаць сыну. Але ўсё склалася не так проста, як здавалася спачатку. Адрасы «прапіскі» дрэў, якія падказалі ў «Магілёўзелянбудзе», не заўсёды адпавядалі рэчаіснасці. А ўлічваючы, што пошукі вяліся амаль у пачатку зімы, калі лісце апала, шмат сіл і часу проста марнавалася. Але ж калі знаходзілі тое, што трэба, радасці не было канца.

— Больш за ўсё дубоў — 40 штук — мы адшукалі ў Кастрычніцкім раёне. Астатнія растуць у Ленінскім, — удакладніла лічбы Насця Лаўрова.

На жаль, гэтым высакародным дрэвам часта не шанцавала: іх не шкадавалі пажары, маланкі, войны, іх знішчалі людзі падчас будаўніцтва. Школьнікі даведаліся пра тое, што яшчэ нядаўна ў раёне вуліцы Першамайскай побач са старым будынкам стаяў дуб, які, не выключана, быў пасаджаны самой рускай імператрыцай Кацярынай ІІ у 1780 годзе. Але знеслі дом, а ўслед за ім — і дрэва.

Тое, што займацца пошукамі было цікава не толькі аўтарам праекта, але і ўсім астатнім, — відавочна. А яшчэ дубы натхнілі дзяцей на пошукі казак і паданняў. Насця расказала сумную гісторыю пра прынцэсу і пастуха, якія пакахалі адно аднаго. Яны збеглі разам, але кароль загадаў іх знайсці і забіць. На тым месцы потым выраслі дуб і сасна, якія перапляліся ў тугую касу.

Таццяна Валер'еўна Красніцкая прызналася, што пасля такой карыснай даследчай работы яны з сынам пасадзілі ў двары жалуды дуба — у надзеі, што яны прарастуць. Хацелася, каб яны таксама перадалі вестку нашчадкам.

Дзеці спадзяюцца, што іх праца натхніць мясцовыя ўлады на неабходнасць правесці ў Магілёве інвентарызацыю дубоў, каб больш не знішчаць іх бяздумна. Тым больш, што цяпер Год гасціннасці, а старажытныя дрэвы могуць быць цікавымі патэнцыяльнаму турысту. У школе нават стварылі інтэрнэт-карту, на якой пазначылі найбольш старыя дубы. Сярод іх ёсць такія, што памятаюць шведскага караля Карла ХІІ, рускага цара Пятра І і іншых гістарычных асоб. Некаторыя з іх жывуць ажно з часоў Рэчы Паспалітай і з'яўляюцца сведкамі ўваходу Магілёва ў склад Расійскай імперыі. Калі прыслухацца да шапацення іх лісця, можна пачуць вельмі цікавыя гісторыі.

Хочацца думаць што адкрыццё, якое датычыцца «пушкінскіх» дубоў, не застанецца без увагі. Добра было б стварыць там нешта накшталт казачнага Лукамор'я. З русалкай і іншымі згаданымі ў паэме персанажамі.

Нэлі ЗІГУЛЯ.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.