Вы тут

Чыя сям'я разваліцца?


Прычыны многіх сямейных канфліктаў могуць хавацца ў нашым выхаванні. Дзеці якіх бацькоў маюць большую рызыку перажыць развод? Расказвае псіхолаг Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Аляксей ГОРУШКІН.

У многіх сем'ях жыццё падпарадкоўваецца капрызам і жаданням аднаго дзіцяці. Урэшце такое дзіця прывыкае думаць толькі пра сябе. Яно колькі хоча і калі хоча сядзіць у адзіноце ля камп'ютара, тэлевізара, зачыняецца ў сваім пакоі тады, калі яму гэта патрэбна. Зусім не дзіўна, што само фізічнае суіснаванне з некім яшчэ неверагодна стамляе, а клопат аб некім становіцца проста непасільнай працай.

Выснова. Калі ў вас адно дзіця, ніколі не дазваляйце яму сесці вам на галаву.

Ёсць сем'і, у якіх тата і мама вельмі любяць адно аднаго, а сваё дзіця любяць яшчэ больш, а значыць, ставяць яго на першае месца. Такія бацькі становяцца ідэалам. Калі ты расцеш у такой сям'і, то хочацца знайсці толькі прынца або прынцэсу. Больш за тое, узнікае і жаданне атрымаць менавіта такую любоў, як у бацькоўскім доме. Толькі вось праблема: ніхто ў свеце не здольны любіць гэтак бескарысліва, як маці. А чалавек думае, што калі «не так», значыць, яго не любяць наогул.

Выснова. Бацькам трэба вучыцца любіць адно аднаго больш, чым сваё дзіця, і ставіць уласныя стасункі вышэй. Тады дзіця аднойчы зможа адарвацца ад бацькоўскай пупавіны.

Дзеці з ідэальных сем'яў жывуць у пастаянных прэтэнзіях да партнёра. Наогул, трэба заўважыць, што нормай стасункаў для многіх «нашых» людзей з'яўляецца прэтэнзія, якая пры любым зручным і нязручным выпадку вылятае з нас, як куля з аўтамата. Але тут прэтэнзія ўзводзіцца ў ранг закона. Пры гэтым часта бацькі аднаго з партнёраў па шлюбе валодаюць інфармацыяй аб самых інтымных баках жыцця пары і першымі падкідваюць «дровы» ў «вайну» дзяцей. Такі саюз асуджаны на сумны фінал.

Выснова. Любая здаровая сям'я павінна быць аўтаномнай, а па першым часе наогул замкнёнай на сабе, у першую чаргу ў сэнсе духоўным.

Калі дзеці выхоўваюцца там, дзе прэтэнзіі бацькоў адно да аднаго ніколі не заканчваюцца, то ў іх таксама амаль няма шанцаў стварыць уласную здаровую сям'ю. Прычынай разводу ў такіх сем'ях называюць п'янства мужа, тэлеманію, камп'ютараманію. Аднак сапраўдная прычына разрыву адносін у іншым.

Выснова. Калі чалавек не можа справіцца з сітуацыяй, ён імкнецца адмежавацца ад непрыемнасцяў якой-небудзь «шырмай» — бутэлькай гарэлкі або экранам камп'ютара.

Бывае, што сям'ю ствараюць абсалютна розныя людзі. А ў гэтым вінавата грамадская думка: «Ёй ужо 25, а яна яшчэ не замужам!». Многія ў нашым грамадстве разглядаюць шлюб як прадмет асаблівага гонару, прэстыжу і статусу. Такія людзі адразу выбіраюць няправільны арыенцір, а таму ўжо пасля мядовага месяца ўсведамляюць, што не падыходзяць адно аднаму. Гэта цэлая драма, асабліва калі на момант скасавання шлюбу ўжо ёсць дзеці.

Выснова. Не варта прыслухоўвацца да грамадскай думкі. Трэба развівацца, атрымліваць добрую адукацыю, прымаць самастойныя ўзважаныя рашэнні.

Ёсць сем'і, дзе партнёры пражылі разам шмат гадоў, вырасцілі дзяцей і аднойчы… разышліся, бо з цягам часу пачуццё знікла. А бывае, што кахання не было ад самага пачатку… Не ўсе людзі аказваюцца гатовымі да такога павароту падзей. Асабліва жанчыны. У выніку скасавання працяглага шлюбу яны застаюцца ў дэпрэсіі, са страхам сустрэць старасць у адзіноце.

Які шлюб можа стаць трывалым? Толькі той, у якім побач аказаліся два чалавекі без комплексаў, нармальных і шчаслівых паасобку, якія вырашылі жыць разам для яшчэ большага шчасця.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.