Вы тут

3D-друк: ад фантастычных задум — да рэчаіснасці


Цэнтр навуковай творчасці студэнцкай моладзі «ФабЛаб» адкрыўся на базе Фундаментальнай бібліятэкі БДУ.

«ФабЛаб» абсталяваны прынтарам 3D GubeX Trіo. Без гэтай ультрасучаснай прылады сёння не абыходзіцца ніводная галіна: з яе дапамогай рэалізоўваюцца самыя розныя творчыя праекты і вырабляецца практычна ўсё задуманае. Ёсць думка, што 3D-друк — менавіта тая тэхналогія, якая дазволіць здзейсніць наступны прарыў і цалкам пераверне наша жыццё. Толькі ўявіце сабе, што вы зможаце «надрукаваць» на прынтары ўсё, што заўгодна — ад простых пластмасавых фігурак да інструментаў, адзення, веласіпеда, зброі і нават чалавечых органаў на аснове ствалавых клетак!..

15-5

15-5

 

— Я бясконца ўражаны і ўсхваляваны тымі магчымасцямі, якія чакаюць нас у будучыні, — заявіў падчас адкрыцця ў БДУ цэнтра «ФабЛаб» дырэктар навукова-тэхнічнай

бібліятэкі імя Даламара Універсітэта штата Невада (ЗША) Патрык КОЎЛГАРАЎ. — І я здымаю капялюш перад дырэктарам Фундаментальнай бібліятэкі і кіраўніцтвам БДУ, якія аднымі з першых у свеце пераасэнсавалі стаўленне да бібліятэк і іх уплыву на грамадства.

Ідэя трохмернага друку з'явілася ў таленавітага вынаходніка Чака Хала яшчэ ў пачатку 1980-х гадоў. Першы «апарат для вытворчасці трохмерных аб'ектаў па тэхналогіі стэрэалітаграфіі» быў выпушчаны ў 1986 годзе, а сам тэрмін «стэрэалітаграфія» з'явіўся на два гады раней і меў на ўвазе «спосаб вырабу цвёрдых аб'ектаў пры дапамозе паслядоўнага друку тонкіх слаёў матэрыялу адзін паверх другога». Большасць 3D-прынтараў выкарыстоўваюць для друку пластыкі, аднак ужо сёння існуюць мадэлі, здольныя працаваць і з некаторымі металамі — сталлю, серабром і золатам. Напрыклад, у Прынстанскім універсітэце здолелі «надрукаваць»... вуха, прычым не з пластыку, а з дапамогай біямасы з вялікай колькасцю ствалавых клетак, здольных трансфармавацца ў храстковыя тканкі. Гэта не паўнавартаснае вуха, а штосьці накшталт прылады для ўспрыняцця радыёхваляў. А ў Карнэльскім універсітэце распрацоўваюць методыку аднаўлення пашкоджаных міжпазванковых дыскаў з дапамогай біямасы з ствалавымі клеткамі. Дыскі друкуюцца на 3D-прынтары. Таксама даследчыкі з Карнэльскага ўніверсітэта змаглі надрукаваць на ўнікальным прынтары шакалад, пячэнне, яблык, сыр, зефір, хлеб і іншыя прадукты. Замест пластыку яны задзейнічалі гідрафільныя палімеры, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў харчовай прамысловасці. Гэтую тэхналогію ўжо асвойвае НАСА, распрацоўваючы «меню» для працяглых касмічных вандровак.

У тых, хто ўпершыню бачыць 3D-прынтар, мозг літаральна «ўзрываецца» ад таго, на што здольная гэта тэхналогія. Так было і ў нашай бібліятэцы, калі мы ўстанавілі падобнае абсталяванне і студэнты пачалі рабіць свае 3D-мадэлі. З цягам часу яны пераўтвараюцца ў асобныя аб'екты і перарастаюць у сапраўдны бізнес. Я ўпэўнены, што тое ж самае чакае і беларускіх студэнтаў, якія скарыстаюцца гэтай тэхналогіяй.

У Цэнтры навуковай творчасці «ФабЛаб» маладым даследчыкам прадаставяць бясплатны доступ да праграмнага забеспячэння спецыялізаванай тэхнікі, забяспечаць метадычнай літаратурай і акажуць ім прафесійную кансультацыю па засваенні сучаснага інструментарыя лічбавай вытворчасці.

— Прынтар 3D GubeX Trіo валодае вялікай камерай для пабудовы аб'ектаў, якая дазваляе ствараць дэталі памерам з баскетбольны мяч. Прыстасаванне мае тры экструдары для друкавання адначасова трыма колерамі. Расходны матэрыял — пластык двух відаў: традыцыйны і экалагічны. Калі ў струменным прынтары ёсць галоўка, адкуль на паперу паступаюць чарніла, то ў 3D-прынтары замест фарбаў выкарыстоўваецца пластыкавы дрот, які плавіцца і слой за слоем стварае той ці іншы аб'ект у адпаведнасці з зададзенай праграмай, — тлумачыць тэхнічны бок справы дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Пётр ЛАПО. — Як расказалі нашы амерыканскія калегі, на стварэнне аднаго аб'екта ў іх ідзе ад 40 хвілін да 40 гадзін у залежнасці ад аб'ёму і складанасці распрацоўкі. Прынтар задзейнічаны ўсе 24 гадзіны ў суткі. І за 1,5 года яго эксплуатацыі на ім было створана ўжо 3 тысячы розных аб'ектаў. Шляхам 3D-мадэлявання можна праектаваць дэталі многіх тэхнічных прылад, рабіць візуалізацыю хімічных формул, крышталічных структур, ствараць аб'екты мастацтва і г.д.

Кошт прынтара складае 20 тысяч долараў ЗША. Белдзяржуніверсітэт атрымаў грант на яго набыццё ў многім дзякуючы Пасольству ЗША ў Рэспубліцы Беларусь. Так, супрацоўнікі інфармацыйнага цэнтра пасольства дапамаглі ўніверсітэту ў падрыхтоўцы заяўкі на грант і прадаставілі ім інфармацыю аб выкарыстанні 3D-прынтараў у амерыканскіх бібліятэках.

Аташэ па культуры Пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Робін САЛАМОН, якая прысутнічала на адкрыцці «ФабЛаб», прызналася, што дагэтуль таксама ніколі не бачыла, як працуе 3D-прынтар, і ўпершыню змагла паназіраць за гэтым працэсам менавіта ў БДУ.

— Стварэнне 3D-мадэляў — гэта інавацыя не толькі для беларускіх, але і для амерыканскіх студэнтаў, — канстатавала Робін Саламон. — Мяркую, што і ў ЗША, і ў Беларусі бібліятэкі з'яўляюцца найлепшым месцам для таго, каб людзі прыходзілі і знаёміліся тут з новымі тэхналогіямі. Бібліятэкі даюць магчымасць шырокаму колу людзей па-новаму паглядзець на нейкія рэчы і пачарпнуць новыя ідэі.

Такой жа думкі прытрымліваецца і першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхаіл ЖУРАЎКОЎ.

— У нас ёсць задума пабудаваць новы сучасны будынак для бібліятэкі будучыні. І адкрыццё на базе Фундаментальнай бібліятэкі Цэнтра навуковай творчасці студэнцкай моладзі «ФабЛаб» — гэта толькі адзін з этапаў развіцця Фундаментальнай бібліятэкі. Вельмі спадзяёмся, што з дапамогай новых тэхналогій студэнцкая моладзь зможа ўвасобіць у жыццё самыя вар'яцкія і фантастычныя свае задумы.

Трэба дадаць, што першая «ФабЛаб» была адкрыта ў 1998 годзе ў Масачусэцкім тэхналагічным інстытуце. Пазней, дзякуючы прынцыпам адкрытасці і даступнасці, «ФабЛаб» пераўтварылася ў глабальную сетку лабараторый, якія працуюць на падставе агульных прынцыпаў, выкарыстоўваюць падобнае абсталяванне і тэхналогіі і абменьваюцца ідэямі і рэсурсамі. Сёння ў свеце налічваюцца ўжо больш як 270 такіх цэнтраў.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Цікава ведаць:

Брытанская кампанія MakіeLab выпусціла бясплатную мабільную прыладу, з дапамогай якой можна стварыць ляльку, прыдумаць яе знешнасць і адзенне. Пасля гэтага застаецца заказаць цацку, якая будзе надрукавана на 3D-прынтары. Каштуе гэтае задавальненне 88 долараў. А кітайская архітэктурная кампанія Wіnsun заявіла аб стварэнні рабочага прататыпа 3D-прынтара, які ў якасці будаўнічага матэрыялу выкарыстоўвае будаўнічае смецце. Пасля завяршэння тэсціравання прынтар зможа за суткі выпускаць па пяць жылых будынкаў. Акрамя хуткасці тэхналогіі, стваральнікам удалося дабіцца і неверагоднай яе таннасці. Цалкам узведзеная каробка дома будзе каштаваць не больш за 5 тысяч долараў. Адзіная праблема — гіганцкія памеры 3D-прынтара (150 метраў), а дакладней, праблемы з яго перамяшчэннем з адной будаўнічай пляцоўкі на іншую.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».