Вы тут

Ліцэісты БДУ пакараюць космас


Каманда Ліцэя БДУ заваявала першае месца ў Вышэйшай лізе інавацыйнага адукацыйнага конкурсу «CanSat». Спаборніцтвы прайшлі ў расійскім горадзе Дубна. Усяго ў фінале былі прадстаўлены 22 каманды.

Удзельнікам конкурсу трэба было стварыць і запусціць мадэль ракеты са спадарожнікам. Спадарожнік стандарту «CanSat» уяўляе сабой апарат памерам з бляшанку газіроўкі аб'ёмам 0,33 літра (адсюль і назва конкурсу: ад англійскага слова «can» — бляшанка і «sat» — скарочанае ад «satellіte» — спадарожнік). Іх запускаюць на вышыню да 6 кіламетраў, дзе яны аддзяляюцца ад ракеты і спускаюцца на парашуце. Падчас палёту спадарожнік фіксуе і перадае тэлеметрычную інфармацыю, а таксама звесткі пра тэмпературу, ціск, магнітнае поле, відэасігнал, у залежнасці ад датчыкаў на борце. Спадарожнікі, створаныя школьнікамі, практычна не адрозніваюцца ад сапраўдных, але яны не прыстасаваны да работы ў космасе.

За ліцэйскую каманду выступалі Дзмітрый Раманавец, Іван Саечнікаў, Уладзіслаў Паўловіч і Мікіта Мішчанка. Падрыхтоўкай ліцэістаў займаліся навуковы супрацоўнік лабараторыі прыкладных касмічных тэхналогій факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ Уладзімір Чорны і выпускнік таго ж факультэта Антон Саечнікаў.

Запуск спадарожніка стаў магчымым дзякуючы ўдаламу выступленню беларускай каманды на адборачнай сесіі ў студзені гэтага года, якая прайшла на базе Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Перад запускам каманды павінны былі прадставіць сваю распрацоўку экспертам, а пасля запуску — абараніць праект, паказаўшы вынікі расшыфроўкі тэлеметрыі і патлумачыць прычыны збояў. Спадарожнік ліцэістаў БДУ цалкам выканаў запланаваную праграму навуковых даследаванняў і здзейсніў мяккую пасадку на парашутнай сістэме ўласнай распрацоўкі.

Для даведкі: першы конкурс «CanSat» адбыўся ў 1999 годзе ў ЗША і быў скіраваны на абуджэнне інтарэсу з боку школьнікаў і студэнтаў да касмічных даследаванняў. У Расіі конкурс стартаваў у 2012 годзе. Кіраўніком праекта стаў касманаўт, герой Расіі Аляксандр Лазуткін. Асноўную ролю ў рэалізацыі праекта адыгрываюць Навукова-даследчы інстытут ядзернай фізікі і Мемарыяльны музей касманаўтыкі.

Вельмі папулярныя гэтыя спаборніцтвы таксама ў Еўропе і ў Японіі. Школьнікі павінны мець веды не толькі ў галіне механікі, радыёсувязі і праектавання бартавой электронікі, добра разбірацца ў матэматыцы, інфарматыцы, валодаць асновамі 3D-мадэлявання і ўмець працаваць у камандзе. У бліжэйшай будучыні не выключаецца варыянт запуску арыгінальнага спадарожніка з Міжнароднай касмічнай станцыі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».