Вы тут

Не крычыце і не «тыкайце»


Самае важнае ў стасунках паміж дарослымі і дзецьмі — гэта роўнасць ва ўсім. У правах, адказнасці і супрацоўніцтве. Роўнасць — але не тоеснасць. Інакш кажучы, падлетак не павінен працаваць столькі ж, колькі яго бацька. Гэта тоеснасць, а не роўнасць. Працаваць, калі ўжо гаварыць пра гэта, падлетак павінен столькі, колькі яму дазваляюць сілы. А вось якой будзе прастора правоў, абавязкаў і супрацоўніцтва дзіцяці, гэта бацькі павінны вырашыць у кожным канкрэтным выпадку — самі або пры актыўным удзеле дзяцей.

17-6

— Намаганні бацькоў павінны быць увесь час скіраваны на выяўленне прычын непрымальных паводзін дзяцей, — тлумачыць псіхолаг Рэспубліканскага інфармацыйна-метадычнага рэсурснага цэнтра «Ювентус» 17-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Кацярына БАРШЧЭЎСКАЯ. — А крытыка той формы, у якой гэтыя прычыны праяўляюцца (лянота, агрэсіўнасць, непаслухмянасць), выдае бацькоўскую некампетэнтнасць. Бацькі не павінны крычаць, абвінавачваць, пагражаць, чытаць натацыі. Трэба пастаянна высвятляць, чаму здарылася тое і тое... Выхоўваючы дзяцей, выхоўвайце сябе. Дзеці капіруюць усе звычкі і манеру паводзін дарослых. Дзіця будзе крычаць на бацькоў падчас спрэчак, калі яно бачыла, як бацька і маці менавіта з «дапамогай» крыку высвятляюць адносіны. Калі ў сям'і не прынята праяўляць пачуцці, суперажываць, то і дзіця не будзе дзяліцца асабістым...

Вельмі карыснай для глыбокага разумення працэсу выхавання будзе кніга Томаса Гордана «Трэнінг бацькоўскай эфектыўнасці». Па меркаванні гэтага аўтара, эфектыўнае бацькоўства трымаецца на трох важных рэчах. Гэта актыўнае слуханне, «я» — паведамленні і бяспройгрышнае вырашэнне канфліктаў.

Актыўнае слуханне

Дапусцім, у дзіцяці нешта «здарылася»: «Вася дрэнны, я яго ненавіджу! Не пайду больш на вуліцу!» Што рабіць? Не ўспрымаць праблему малога дзіцяці як сваю ўласную! Дарослы ўсё роўна не зможа наладзіць стасункі свайго малога з іншымі людзьмі замест яго. Актыўнае слуханне заключаецца ў тым, каб добра ўсведамляць сутнасць паведамлення, бясконца пераконвацца, што вы ўсё зразумелі правільна. Напрыклад:

Дзіця будзе крычаць на бацькоў падчас спрэчак, калі яно бачыла, як бацька і маці менавіта з «дапамогай» крыку высвятляюць адносіны.

17-9

— Вася пхнуў мяне...

— Ты упаў. Табе баліць. Табе, напэўна, крыўдна.

— Угу. Ніколі больш не буду з ім гуляць.

— Думаю, ты на яго вельмі злуешся.

Эмацыянальнае ўзрушэнне звычайна хутка праходзіць. Між тым у працэсе такой простай размовы можна даведацца шмат цікавага і нечаканага, бо тут мае быць поўная адкрытасць. Гэта цудоўны спосаб устанавіць з дзіцем блізкія, давяральныя стасункі.

Бацькам усяляк неабходна змагацца са спакусай наставіць дзіця на правільны шлях, нават калі яно скажа, што падпаліць ненавісную школу. Іначай давер будзе страчаны назаўсёды. Пачуцці ўсё ж такі мінаюць. Калі эмацыянальны ўсплёск сцішыцца, дзіця і само знойдзе разумнае рашэнне. А ў гэты момант яму патрэбна проста падзяліцца сваімі эмоцыямі.

«Я» — паведамленне

Стомлены пасля працы бацька лёг на канапу і разгарнуў газету.

Пяцігадовы сын пачынае караскацца на тату, хапаецца за газету, камячыць яе. Тата крычыць:

— Адчапіся! Не перашкаджай! Ты аглух? Як мне гэта абрыдла!

Тата сфармуляваў свае патрабаванні вельмі зразумела. Аднак дзіця і не думае «адчапіцца». У вачах дзіцяці дарослы чалавек — гэта нехта вялікі, важкі, у каго не могуць быць непрыемнасці на працы, не можа балець галава. А вось у маленькага чалавечка шмат вялікіх праблем. Яго пастаянна непакояць пытанні: «Хто я? Які я? Каму патрэбны? Навошта жыву?» Значыць, дзіця ў гэтым выпадку чуе: «Ты дрэнны. Без цябе мне лепш. Я хачу, каб цябе не існавала». Ва ўсіх падобных сітуацыях у дзяцей рушыцца свет і да іх свядомасці даходзіць толькі адно: «Ты дрэнны».

Адмоўцеся ад слоў «ты», «цябе», «табе», «твае». Гаварыце толькі пра сябе! «Я», «мне» і г.д.

— Я вельмі стаміўся. Мне трэба перадыхнуць. Я хачу пагартаць газету, але не магу спакойна ляжаць, калі па мне нехта коўзаецца.

Аднак трэба пазбягаць фраз кшталту «я злуюся». Бо ў любым выпадку гэта азначае «ты дрэнны». «Я злуюся» ўказвае не на наяўнасць праблем у таго, хто так кажа, а падкрэслівае жаданне пакараць таго, хто гэтыя праблемы выклікаў. Значыць, неабходна называць тыя пачуцці, якія папярэднічалі гневу. Напрыклад: «Я так хвалявалася, пакуль цябе не было дома! Што я толькі не перадумала!».

Бацькам усяляк неабходна змагацца
са спакусай наставіць дзіця на правільны шлях, нават калі яно скажа, што падпаліць ненавісную школу. Іначай давер будзе страчаны назаўсёды.

Бывае, што дзеці праяўляюць залішнюю ўпартасць.

— Ты штодня кажаш, што стомлены, — можа заявіць наш хлопчык.

Значыць, трэба прыгадаць тэхніку актыўнага слухання.

— Ты хочаш, каб я з табой пагуляў? Табе весела гуляць менавіта са мной? Але мне цяпер цяжкавата на працы, і вечарам сапраўды не застаецца ніякіх сіл. Што ж нам рабіць?

Паступова можна высветліць, што дзіця гатова пачакаць і да выхадных, або яму трэба пачытаць любімую кніжку, або, нарэшце, дзіця гатова проста пасядзець у нагах і паводзіць сябе вельмі ціха.

Правільнае пагадненне — гэта калі задаволены ўсе ўдзельнікі і няма тых, хто прайграў. На этапе выканання дамоўленасцяў трэба таксама вытрымліваць працэдуру выпрацоўкі сумеснага рашэння.

Бяспройгрышнае вырашэнне канфліктаў

Стрымлівайце імкненне дзіцяці правакаваць спрэчкі з іншымі дзецьмі. Адцягвайце яго ўвагу.

Не абвінавачвайце другое дзіця, хоць тут цяжка будзе заставацца аб'ектыўным. Варта выслухаць усіх. Пасля канфлікту трэба высветліць прычыны ўзнікнення такой сітуацыі, вызначыць няправільныя дзеянні свайго дзіцяці.

Не абмяркоўвайце праблемы паводзін дзіцяці ў яго прысутнасці — яно пераканаецца, што канфлікты непазбежныя, і будзе працягваць правакаваць іх.

Не заўсёды трэба ўмешвацца ў спрэчкі дзяцей. Дзіця павінна само вырашыць канфлікт, яму неабходны такі вопыт. Аднак калі дзіця просіць дапамогі, то дапамагчы трэба.

Забарона і павышэнне голасу — самыя неэфектыўныя спосабы пераадолення агрэсіўнасці. Гэта, хутчэй, правакацыя. Ціхі, спакойны тон здольны крыху ўраўнаважыць.

Не дазваляйце сабе ў прысутнасці дзіцяці дрэнна выказвацца пра іншых людзей, успыхваць у гневе.

Дзіця пастаянна павінна адчуваць, што вы цэніце і прымаеце яго любым. Гаварыце з дзецьмі, слухайце іх, расказвайце пра сябе. Агрэсіўныя паводзіны дзіцяці могуць быць яго адказам на халоднае сямейнае асяроддзе.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».