Вы тут

Транзітны эпізод


                                                                               

Летась, у жніўні, «Звязда» надрукавала досыць вялікае інтэрв'ю з Аляксандрам Брытам пад шматабяцальнай назвай «Жыццё — падарожжа сярод вобразаў, сімвалаў і… спакус». Таму, калі пасля прачытання гэтага апавядання вы зацікавіцеся біяграфіяй аўтара, раім зазірнуць у звяздоўскі архіў. А калі, прачытаўшы апавяданне «Транзітны эпізод», вы, да таго ж, захочаце пазнаёміцца з іншымі творамі пісьменніка, паспрабуйце адшукаць яго дэбютную кнігу «Кіно», якая летась выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда». Хочацца спадзявацца, такія ахвотнікі з'явяцца, бо проза Аляксандра Брыта сапраўды цікавая, са сваім адметным стылем.

А конкурс газеты на лепшае апавяданне працягваецца! Свае творы можаце дасылаць як на звычайны, так і на электронны адрас «Звязды». Нагадваем, пераможцы атрымаюць дыпломы і грашовыя прэміі. Зрэшты, галоўнае, думаецца, усё ж у тым, што кожнаму свайму ўдзельніку, чые творы будуць надрукаваны на старонках нашага выдання, газета дае цудоўны шанц выйсці да шырокага чытача.

Алесь Бадак.

Гэтую журналістку я сустрэў у зале чакання аднаго аэрапорта. Падцягнуўшы пад сябе і злёгку адставіўшы ўбок ногі, яна сядзела побач і чытала газету. Бакавым зрокам я зачапіў партрэт Вангі.

—І вы ўсяму гэтаму верыце? — усміхнуўся я, і яна здзіўлена ўскінула вочы.

—Што вы маеце на ўвазе?

—Прадказанні, тэлепатыя.

—А вы — не?

—Нават не ведаю…

У яе былі вочы з усходніх казак — раскосыя, міндаль у чорным аксаміце. Вочы — баксёрскія, уважлівыя, рухомыя як ртуць. Схопленыя на патыліцы цёмна-русыя валасы — пад чорнай бейсболкай з эмблемай лотаса. На шыі — рознакаляровыя шкляныя пацеркі з украпінамі аплаўленых камянёў (як асколкі метэарыта). Апранутая ў джынсы, світар буйной вязкі. На нагах чамусьці лыжныя чаравікі. Нібыта яна так спяшалася, што нацягнула на сябе першае, што трапілася.

—І вы ў жыцці не сустракалі нічога… Дзіўнага? Невытлумачальнага?

—Пастаянна сустракаю, — лагодна, але крыху насмешліва сказаў я і змяніў тон на гатычны. — Дзве вечныя спадарожніцы — Дзіўнае і Невытлумачальнае — прыходзяць да мяне днём і ноччу. У чорных плашчах. У белых капелюшах з высокім верхам…

—Перастаньце, я сур'ёзна.

—І я не жартую.

Яна паціснула плячыма, задуменна правяла пальцамі па пацерках і адклала газету так паспешліва, нібыта пазбаўлялася ад доказаў.

—А ў мяне была адна гісторыя… Дзіўная гісторыя… Я тады працавала ў адной газеце…

Як я зразумеў з яе аповеду, журналісткай яна была толькі па факце. А па адукацыі — сацыёлагам.

У свой час папулярная газета шукала рэкламадаўцаў, і яе, як сацыёлага, узялі на выпрабавальны тэрмін. Меркавалі, што сацыёлаг можа справіцца з гэтай працай. Патрабаванні былі, на першы погляд, простыя: максімальна запоўніць газетныя плошчы рэкламай. О'кей. Яна падышла да пошуку рэкламы па-навуковаму творча. Ацэньвала патэнцыял кліентуры, яе мэтавыя перспектывы і там, дзе была неабходнасць, ішла ва-банк. Аўчынка была варта вырабу, а гулец умеў весці партыю. Рэкламныя стаўкі пайшлі ўгору, і яе заўважылі. Адкінулі інтрыгі зайздроснікаў, як лупіну кавуна, і ацанілі. Прызначылі галоўным рэдактарам…

Я паглядзеў на яе, і яна прыязна ўсміхнулася. Яе скуласты твар саракагадовай жанчыны пачырванеў і набыў адценне дзявочай сарамлівасці. Яна нагадвала школьніцу-вундэркінда, якая за пятнаццаць хвілін да ўрока прачытала заданне і цяпер выдавала яго лёгка і нязмушана. Праўда, вочы былі баксёрскія, рухомыя, уважлівыя. Яна раз-пораз папраўляла бейсболку. Незразумела навошта. Пэўна, па звычцы.

—Я тады з‑за гэтай газеты ледзь з мужам не развялася, — працягвала яна. — Днём і ноччу круцілася ў рэдакцыі. Вісела на тэлефоне, як пажыццёва асуджаная. Выбудоўвала тактыку і стратэгію рэдакцыйнай палітыкі. Фарміравала каманду. Вучыла журналістаў падачы матэрыялу. З паловы абароту. Актыўна. З інтрыгай. Як у рэкламе. Механізм зарыпеў, і гадзіннік зацікаў. Наклад мы паднялі ў дзесяць разоў.

—Не бачу нічога дзіўнага, — сказаў я. — Вы проста разумніца.

Яна фальшыва незадаволена падціснула вусны.

—Не спяшайцеся. Які вы нецярплівы.

—Баюся, што вы паляціце.

—А я сустракаю…

Яна зноў пачала гаварыць аб газеце. Прызнацца, слухаць яе было прыемна. Яна распавядала сваю гісторыю нетаропка, не спатыкаючыся, голасам прафесійнага чытальніка: з паўзамі, інтанацыямі, з пачуццём і нават з нейкім запалам.

—Вядома ж, у нас узнікалі і накладкі. І нават праблемы. Людзі ёсць людзі. Яны могуць памыляцца, — яна характэрна развяла рукамі. — Нехта можа мець дрэнны настрой. Не ўсе ўмеюць трымаць удар. Ну, і потым, ведаеце, кагосьці жонка накруціла, кагосьці муж падвёў. А на працы і гэта адбіваецца. Я вас запэўніваю.

—Яшчэ як адбіваецца, — засумаваў я.

—Так, некалькі разоў здараліся кур'ёзы, — яна прыклала руку да грудзей і неяк па-дзіцячы вінавата ўсміхнулася. — То мы краіне цукровых буракоў недадалі: журналіст адкруціў некалькі нулёў і замест мільёнаў тон паклаў у засекі ўсяго сотні тон. То журналістка падпісала чужы фотаздымак прозвішчам міністра. Мы, зразумела, выбачаліся. Тэхнічныя пытанні. Людзі не роботы. Але вось аднойчы…

Апошнюю фразу яна вымавіла без усялякай патэтыкі. Проста канстатавала. Аднойчы ў рэдакцыі з'явіўся пажылы чалавек. Ён выглядаў так, як звычайна выглядаюць людзі, даход якіх не перавышае элементарных патрэб. Відаць было, што чалавек амаль не звяртае ўвагі на свой знешні выгляд. Стрыжка саматужная. Чаравікі стаптаныя. Праўда, паголены, прычэсаны, цвярозы. І дрэнна ад яго не пахла. Амаль бомж, але не бомж. Як быццам звычайны наведвальнік, але без звыклых манер. Адным словам, дзіўны суб'ект.

—Я нават не памятаю, калі ён з'явіўся першы раз, — нахмурылася яна. — Ведаю толькі, што прыходзіў ён тады, калі я была менш за ўсё занятая. Неяк так у яго атрымлівалася… зайсці своечасова… Але і гэта адцягвала маю ўвагу ад працы. Я злавалася. Хацела забараніць яму прыходзіць. Але ён быў занадта нязлосны, чулы і ўважлівы. Заўсёды казаў прыемныя словы. Рабіў кампліменты, якія супадалі з праўдай. І яшчэ ён прыносіў мне апельсіны…

—Апельсіны?

—Так.

—Навошта?

—Вы зноў спяшаецеся, — з мяккім дакорам пахітала яна галавой. — А між тым мой дзіўны наведвальнік неяк сказаў: «Не занадта спяшайцеся ў гэтым жыцці, таму што нашы душы не заўсёды паспяваюць за нашымі целамі…»

—Дзівак нейкі…

—Не перапыняйце, калі ласка.

Я замоўк.

—Дык вось, ён прыходзіў да мяне кожны тыдзень. І прыносіў апельсіны. «Энергія сонца, святло, — казаў ён, — нейтралізуюць чужую цёмную энергію». Шчыра кажучы, ён мяне пачынаў раздражняць. Я наогул — нервовая штучка. Занадта ўспрымальная…

Яна на секунду змоўкла, як быццам збіраючыся з думкамі. Агонь заскакаў у яе пашыраных зрэнках. Нібы шаман біў у бубен каля вогнішча.

—Так, ён пачаў мяне раздражняць… Быў такі транзітны эпізод… Але як толькі гэта здарылася, ён перастаў з'яўляцца. Але з'явіўся іншы дзівак. — Яна аблізнула сухія вусны. — Я памятаю, калі ён прыйшоў, быў пахмурны дзень. Мне было вельмі сумна. І ў рэдакцыі спраў як заўсёды па горла. Ён зайшоў і сказаў: «Усё залежыць толькі ад вас. Вы можаце яе выратаваць». Я зірнула на яго. Апрануты з іголачкі. Імпазантны мужчына ў росквіце гадоў. Прыемны пах парфумы. Дарагая вопратка, абутак. Здаецца, усё пры ім, а вось твару ў яго не было. Замест твару — маска жаху. Як быццам нейкая цяжкая сіла разрывала яго твар кручкамі з розных бакоў. Такі твар, разумееце?

Я палічыў за лепшае прамаўчаць.

—Ён дастаў нейкія паперы, паклаў іх на стол і паўтарыў: «Усё залежыць толькі ад вас. Вы можаце яе выратаваць». Я спачатку нічога не зразумела: у чым справа? Каго выратаваць? Ён паказаў мне нейкія даведкі, эпікрыз. «Вось, мая нявеста ў коме… Збіла машына…» Ён прасіў… не, ён умаляў апублікаваць яго тэкст у газеце. У яго была маніякальная думка, што, калі я гэта зраблю, яго нявеста выжыве. «Калі вы гэтага не зробіце — вы яе заб'яце. Гэта будзе на вашым сумленні!»

Яна паправіла бейсболку і ўздыхнула.

—Тэкст яго быў поўнай бязглуздзіцай. Апублікаваць яго я не магла. Раней у падобных выпадках я спасылалася на рэдакцыйную палітыку. Але тут быў не той выпадак. Я не магла яму сказаць: «Ваша нявеста памрэ, таму што ваш тэкст не адпавядае рэдакцыйнай палітыцы!» Я не ведала, што рабіць. Ён прыходзіў кожны дзень. Ён праводзіў мяне дадому. Ён сустракаў мяне з дому. Ён стаў маім ценем. Усё гэта доўжылася месяц, а можа, і больш. Я жыла ў страшэнным напружанні. І вось калі мне зрабілася невыносна, з'явіўся той першы дзівак. Ведаеце, што ён мне сказаў?

Я зноў палічыў неабходным не рэагаваць на яе рытарычнае пытанне.

—Ён выслухаў маю гісторыю і параіў: «Спаліце ўсе яго паперы. І пастаўце свечку ў царкве яго нявесце за здароўе». Я так і зрабіла — і, дзіўная справа, больш той чалавек не з'яўляўся… — Яна памаўчала, дала зразумець, што расказ скончаны, а потым спытала: — Вось як вы думаеце, што гэта было, а?

Я стрымана паціснуў плячыма.

—Супадзенне. Нічога дзіўнага.

—Супадзенне? — Яна ўсміхнулася аднымі вуснамі, зняла сваю чорную бейсболку і вызваліла цёмна-русыя, з рэдкім срэбрам сівізны, валасы. Яны хваляй абрынуліся на плечы і зрабілі яе вострыя скулы больш прывабнымі. Агонь зноў заскакаў у яе пашыраных зрэнках. І шаман забіў у бубен з падвоенай сілай. Ціха, але цвёрда яна прамовіла: — Вы носіце грошы ў правай кішэні. Вы карыстаецеся заціскам, а не партманетам.

Яна мела рацыю: я трымаў заціск для грошай у правай кішэні. Але я запярэчыў:

—Гэта выпадковасць. Вы адгадалі.

—Вось як?

—Цяпер шмат хто носіць заціскі.

—Гэта праўда, — пагадзілася яна і з бездакорнай дакладнасцю дадала: — Але ў вашым заціску, акрамя розных купюр, — усяго адна купюра ў сто долараў.

Не без прыкрасці я дастаў заціск, неахвотна прадэманстраваў ёй стадоларавую купюру, і засунуў яго ў кішэню.

—Вы і на гэты раз адгадалі. А можа, бачылі, калі я расплачваўся ў буфеце за каву… Але мне трэба ісці: хутка мой рэйс.

Я ўстаў, а яна засталася сядзець. Моўчкі разгарнула сваю газету і нешта хутка на ёй напісала. Затым вырвала газетны кавалак, склала яго ў канверцік, парвала і тут жа, як цыркачка, спрытна разгарнула гэты кавалак абсалютна цэлым.

—Гэта вам на памяць. Я там сёе-тое вам паведаміла. — Яна ўсміхнулася і, зноў згарнуўшы канверцік, засунула мне яго ў кішэню. — І вось газету вазьміце. Будзе вольны час — пачытаеце…

Я ўзяў з яе рук газету, падзякаваў і са змяшанымі пачуццямі хацеў ужо пайсці да выхаду.

—Віктар… — спыніла яна мяне.

Я ўважліва паглядзеў на яе.

—Адкуль вы ведаеце, як мяне завуць?

—Зараз я адгадала. У вас татуіроўка на левай руцэ — знак вікторыі…

Ужо ў самалёце, гартаючы газетныя палосы, я наткнуўся на інтэрв'ю нейкай незнаёмай журналісткі. Яе партрэт мне анічога не казаў. Але вочы мае выхапілі фразу: «Я жыла ў страшэнным напружанні. І вось калі мне зрабілася невыносна, з'явіўся той першы дзівак». Я зразумеў, што не больш чым паўгадзіны таму мне ўжо таленавіта пераказалі гэтую гісторыю.

«Вось сцерва! — вылаяўся я і засунуў руку ў правую кішэню. Замест заціску для грошай я намацаў маленечкі газетны канверцік. Я разгарнуў яго і ўбачыў выразныя вялікія літары: «Вы ўжо, напэўна, паспелі мяне аблаяць? Да…». Апошняе слова было разарвана. Я разгладзіў кавалак газеты, знайшоў месца, адкуль ён быў вырваны, і прачытаў яшчэ раз усю фразу: «Вы ўжо, напэўна, паспелі мяне аблаяць? Дарэмна: вашы грошы не ў правай, а ў левай кішэні».

Як зачараваны, я засунуў руку ў левую кішэню. Заціск для грошай быў на месцы.

Аляксандр Брыт    

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».