Вы тут

Праблемы «пераходу» да даросласці


aОвласенко

Усе мы, дарослыя, калісьці былі дзецьмі. І ўсе дзеці з цягам часу абавязкова стануць дарослымі (за выключэннем, бадай што, казачнага Пітэра Пэна). Але паміж дзяцінствам і дарослым жыццём ёсць адзін цікавы перыяд. Ужо не дзеці, яшчэ не дарослыя... Хто ж яны, гэтыя падлеткі пераходнага ўзросту?

Вельмі праблемнага ўзросту як для іх саміх, так і для бацькоў...

Пераходны ўзрост уласных дзяцей для бацькоў чамусьці заўсёды вялікая нечаканасць. Здаецца, зусім нядаўна з радзільні прывезлі... Здаецца, яшчэ ўчора былі сын ці дачка такімі па-дзіцячаму шчырымі і даверлівымі; усё, што трэба і не трэба, бацькам расказвалі...

І раптам нешта змянілася...

Пра свае школьныя (і наогул, асабістыя) справы — ні слоўца! А паспрабуеш аб чымсьці такім дапытацца — рэзка, са злосцю нават могуць абарваць на паўслове. Маўляў, гэта мае справы, і не трэба ў іх без спецыяльнага дазволу ўлазіць!

Вядома ж, бацькам крыўдна. Бо яны, што ні кажы, усё яшчэ нясуць поўную адказнасць за сваіх дзяцей, кормяць іх, апранаюць, хвалююцца за іх, урэшце... А няўдзячныя дзеці гэтага ніяк зразумець не жадаюць! Дарослымі яны сябе ўявілі... Ці не ранавата?!

Ну чым не прычына для канфлікту?!

Бацькі па-ранейшаму працягваюць лічыць сваіх дзетак маленькімі і безабароннымі, за якімі вока ды вока патрэбна, а падлеткі ўпарта жадаюць быць дарослымі. Дакладней, хочуць, каб бацькі лічылі іх дарослымі і цалкам самастойнымі ў сваіх учынках...

Што тут можна параіць бацькам?

Па-першае, без крыўды і злосці паспрабаваць проста зразумець падлетка, нават калі ён упарта не хоча разумець вас. Бо яму і так няпроста ў гэты перыяд... Змяняецца не толькі псіхалогія маладога чалавека. У арганізме ідзе поўная фізіялагічная перабудова, канчаткова фарміруюцца ўсе «дарослыя» сістэмы, адбываецца ўзмоцнены выкід гармонаў, узнікаюць так званыя хваробы пераходнага ўзросту, з'яўляюцца прышчы і вугры. Яны паступова пройдуць, але колькі перажыванняў і хваляванняў (асабліва ў дзяўчатак) выклікаюць гэтыя амаль абавязковыя «прыкметы» пераходнага ўзросту! А яшчэ падлеткаў у гэты час могуць турбаваць і больш сур'ёзныя, хваравітыя нават адчуванні, выкліканыя тым, што многія органы проста не паспяваюць за імклівым ростам свайго гаспадара. Потым яны «нагоняць» сваё, усё прыйдзе ў норму, але гэта будзе потым...

А пакуль што падлетак можа адчуць сябе безнадзейна хворым, фізічна непаўнацэнным. І нават паверыць у гэта! Бо менавіта нервовай сістэме асабліва цяжка ў няпросты пераходны перыяд. Адсюль і замкнутасць падлеткаў, іх раздражняльнасць і нават агрэсіўнасць у адказ на, здавалася б, самыя найлепшыя памкненні з боку бацькоў.

І як вынік — зваротная раздражняльнасць з боку бацькоў. Як жа няпроста змірыцца з тым фактам, што іх аўтарытэт для маленькіх дзяцей і для падлеткаў — гэта далёка не адно і тое ж. І што тыя метады, якімі кіраваліся яны пры выхаванні сына альбо дачкі ў мінулыя гады, ужо, на жаль, не працуюць. Трэба штосьці пераглядаць ва ўзаемаадносінах з уласнымі дзецьмі, а змяняць размераны і такі звычны распарадак не вельмі і хочацца...

Не хочацца, а прыйдзецца. І наогул, парадаксальная складваецца сітуацыя. З аднаго боку, падлеткі ўпарта імкнуцца да поўнай незалежнасці ад бацькоў, з другога ж — у няпросты гэты перыяд ім так патрэбны менавіта бацькоўскія падтрымка і разуменне. Але тактоўныя, асцярожныя...

Ранейшым аўтарытэтам бацькі для падлеткаў ужо карыстацца не будуць, і з гэтым рана ці позна, але давядзецца ўсё ж змірыцца. І вельмі важна пастарацца зрабіць так, каб вы і вашы дзеці і ў далейшым засталіся паміж сабой у даверлівых, сяброўскіх нават адносінах. А для гэтага...

Для пачатку хаця б выдзеліце падлетку ў доме альбо кватэры ўласнае месца: калі і не пакой, дык хоць асабісты куточак са сталом, тумбачкай... І зрабіце ўсё, каб ён адчуваў сябе на гэтай тэрыторыі поўным гаспадаром, і быў упэўнены, што вы (у час яго адсутнасці) ніколі не будзеце «парушаць межы» гэтай запаведнай тэрыторыі... І не парушайце іх, нават калі вам вельмі гэтага хочацца.

А яшчэ часцей размаўляйце са сваімі дзецьмі-падлеткамі. Але гутаркі гэтыя не павінны змяшчаць у сябе нейкія павучанні, тым больш, папрокі. Ды і тон іх з боку бацькоў не павінен гучаць паблажліва альбо насмешліва (менавіта падлеткі на гэта вельмі востра рэагуюць). Гутарце, як роўныя з роўнымі. І не саромейцеся самі выслухоўваць парады з боку ўласных дзяцей, асабліва ў тым, у чым яны лепш за вас разбіраюцца (у інтэрнэт-техналогіях, напрыклад). І тады, будзьце ўпэўнены, дзеці таксама самі ўздымуць праблемныя пытанні, якія іх хвалююць і на якія вы зможаце даць ім вычарпальны адказ.

Генадзь АЎЛАСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.