Вы тут

Ну і «фінт»


Каханне гуляе з людзьмі, як з цацкамі

У яго — надта клапатлівая мама. У яе — строгі тата. І бацькоў трэба слухаць. Але бываюць моманты, калі кожнае дзіця (няхай яму ўжо 32 гады) пачынае разумець: трэба будаваць сваё жыццё самому і рабіць уласны выбар, з кім жыць — з мамай ці з каханай. А каханне сітуацый для разваг падкідвае дастаткова.

Выпадкова ці не? — таксама цікавае пытанне, над якім прапанавалі паразважаць напрыканцы тэатральнага сезона ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Сярэдзіна ліпеня, надвор'е цудоўнае, час для сустрэч і рамантычных спатканняў. Вось паглядзіш спектакль — і захочацца чагосьці такога, а думкі ж, кажуць, матэрыялізуюцца…

Ці ўсё-такі ёсць нехта, хто можа іх матэрыялізаваць? Напрыклад, хлопец у белым, які гойдаецца на лесвіцы і час ад часу кагосьці кудысьці штурхае ці, наадварот, камусьці падказвае, што казаць, шэпча, а людзі проста агучваюць услых яго думкі. Такі прыгожы і ідэальны, як у спектаклі «Фінт-круазэ», які паставіла рэжысёр Святлана Навуменка, аб'яднаўшы фактычна два розныя творы. Першы — гэта п'еса Дзмітрыя Багаслаўскага «Перапіс насельніцтва», другая — «Сватаўство», створаная ў суаўтарстве Віктарам Красоўскім і Дзмітрыем Багаслаўскім. Творы розныя, але ёсць у іх нешта падобнае. Па-першае — тэма кахання. Па-другое — тое, якім чынам з намі пра яго размаўляюць: у жанры лёгкіх іранічных камедый. Трэцяе: стылістыка спектакля, які хоць і складаецца з дзвюх частак, але яны спалучаюцца ў адно цэлае праз рэжысёрскую падачу і сцэнічнае афармленне (яно не надта абцяжарвае думкі). Ну і той самы загадкавы хлопец у белым, які пераходзіць з першага ў другі. Але персанаж зусім не выпадковы: без яго героі маглі б наогул не сустрэцца, ці не спадабацца адзін другому, ці разышліся б — рассварыліся б, паслухаўшы сваіх зямных (нават вельмі прыземленых) родных.

У яго мама штораз перапытвае, ці папісаў перад выхадам. Ёй тата ўвесь час нагадвае, што галоўнае — каб ногі былі ў цяпле… Глядзіш на гэтых персанажаў, нібыта і прыдуманых, але такіх пазнавальных, — і смешна. Яны смешныя, але разумееш, што са шчырым чалавечым клопатам за блізкіх, — і ад гэтага смех не ядавіты, а добры. А калі яшчэ і сам у студэнцтве пабываў у ролі «перапісчыцы» (трэба было хадзіць па кватэрах і апытваць людзей, а яны ж сапраўды па-рознаму ставяцца да чужых), то наогул спектакль атрымліваецца рэалістычна-жыццёвым. Так — праз рэакцыю на ўбачанае і ўласныя эмоцыі — лягчэй зразумець, за што так любяць п'есы маладога беларускага аўтара Дзмітрыя Багаслаўскага ў розных гарадах і нават краінах былога СССР. Любяць — і чытаюць, друкуюць, ставяць. Ён лаўрэат не аднаго прэстыжнага міжнароднага драматургічнага конкурсу. А на радзіме пастаноўкі яго твораў — пералічыць па пальцах. А яны, між іншым, вельмі розныя: ёсць глыбокія і нават філасофскія (як «Ціхі шэпт сыходзячых крокаў»), а ёсць тонкія, іранічныя, як сацыяльная камедыя «Перапіс насельніцтва».

Такая ж іронія прысутнічае ў спектаклі «Сватаўство»: ён «мент», які праследаваў прастытутку, але «каханне раптам надыдзе», як кажуць. Яна ж зусім не падобная на іншых «начных матылькоў» — педагог. У незвычайную і «цікавую» прафесію яе загналі абставіны, гарачая любоў да таты-навукоўца, якога звольнілі з працы. А так хацелася дапамагчы яму ўтрымацца ў жыцці, вось і пайшла на падман, грошы былі патрэбны, ну і… Бедны, бедны тата!.. Ён жа ўсё пачуў! Вядома, катастрофа. Вядома, праўда выйшла на паверхню, бо так і павінна быць. І ён усё роўна сутыкнуўся з выбарам: жыць ці не жыць. Але лёс ёсць лёс. І ёсць законы жанру: хто ж яму дазволіць павесіцца ў камедыі? Аўтары яўна не планавалі «чорную камедыю». Рэжысёр, згодна са зместам, падтрымала сцёбны падыход, без асаблівых штучных «выкрутасаў», акцёры (у дзвюх частках іграюць Дзяніс Паршын, Сяргей Шымко, Максім Брагінец, Андрэй Дабравольскі, Марына Здаранкова) трымаюць настрой, які зададзены самім тэкстам. І нарэшце — той самы загадкавы хлопец у белым нам адразу даў зразумець, што ўсё будзе добра.

Як жа можа быць інакш, калі ў людзей каханне? Усё і павінна быць добра, калі закаханыя здольныя адстойваць сваё пачуццё і не адракацца ад яго ў залежнасці ад абставін, сямейных узаемаадносін, маніпулявання і меркавання іншых, якое можа ўплываць на ўчынкі. Праўда «папісаць перад выхадам» і «ногі ў цяпле» таксама ж ніхто не адмяняе.

Дарэчы, і ў прадстаўнікоў старэйшага пакалення ўсё павінна быць добра. Хіба сваім жыццём і клопатам за дзяцей не заслужылі яны дачу з двума тэлевізарамі?

Вось такі «фінт» на закрыццё сезона. Вядома, пры аншлагу. Але і ў новым сезоне гэты спектакль, хутчэй за ўсё, будзе праходзіць пры перапоўненай зале: ён, безумоўна, глядацкі. І ён пра нас — магчымасць паглядзець на сябе збоку, прааналізаваць свае ўласныя жыццёвыя сітуацыі, кагосьці зразумець, камусьці дараваць (са смехам яно прасцей) альбо нават прадухіліць сваё перараджэнне ў падобных асоб. Спектакль пра каханне, што заўсёды і ў любым узросце хвалюе кожнага. Вось бы яшчэ пры кожнай складанай сітуацыі нябачна прысутнічаў хлопец у белым, магчыма, не было б сітуацый, калі нехта некага не так зразумеў, нехта не тое пачуў (ці наогул не пачуў, або пачуў, але не таго), і тады ўсе былі б шчаслівыя.

19-19

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.