Вы тут

Інтэрнат у канцы баразны


альбо Крок карэспандэнта «ЧЗ» да сельскагаспадарчага трыумфу

Чым заняць сябе летам? Для многіх студэнтаў гэтае пытанне застаецца актуальным на працягу двух месяцаў адпачынку ад навучання. Але, калі верыць славутаму фізіёлагу і Нобелеўскаму лаўрэату Паўлаву, лепшы адпачынак — перамена віду дзейнасці. З ім пагаджаюцца і студэнты БДУ: сёлета штаб працоўных спраў БРСМ універсітэта арганізаваў 12 студэнцкіх атрадаў, якія працуюць у самых розных установах краіны. Да 25 жніўня студэнты будуць выхавальнікамі, касірамі, прадаўцамі латарэйных білетаў... Карэспандэнт «Чырвонкі» вырашыў на ўласнай скуры адчуць, як гэта — працаваць замест адпачынку, і правёў адзін дзень разам з сельскагаспадарчым студатрадам, што працаваў у РУП «Шчомысліца» пад Мінскам.

24-4

24-4

 

Прадпрыемства «Шчомысліца», што знаходзіцца ў аднайменнай вёсцы пад Мінскам, было створана ў 1965 годзе. Галоўны від дзейнасці — вырошчванне раслін, якія пасля выкарыстоўваюцца для азелянення і ў ландшафтным дызайне. Фактычна гэта адзін вялікі сад з дэкаратыўнымі дрэвамі, кустамі і кветкамі.

Студэнцкі атрад, што працуе ў Шчомысліцы, звычайна пачынае сваю работу а 7 гадзіне раніцы, бо працаваць пад адкрытым небам у спёку не толькі цяжка, але і небяспечна. Сюды з'язджаюцца студэнты розных спецыяльнасцяў і курсаў.

— У студатрады прыходзяць працаваць па самых розных прычынах, — расказвае намеснік сакратара пярвічнай арганізацыі БРСМ БДУ Марыя ПАЎЛОВІЧ, якая ў свой час таксама працавала ў Шчомысліцы. — У першую чаргу — з-за патрэбы ў жыллі. А ўдзельнікі студатрадаў маюць прэферэнцыі пры засяленні ў студэнцкія інтэрнаты. На перыяд працы ўсе таксама жывуць у інтэрнаце. Некаторыя застаюцца ў Мінску па іншай прычыне, а ў студатрад ідуць, каб не здымаць летам кватэру. Раніцай працуюць тут, а ў другой палове дня едуць на практыку. Акрамя таго, гаспадарка выплочвае студэнтам заробак, няхай і невялікі.

Тэатр пачынаецца з вешалкі, а праца ў студатрадзе — з пераапранання. У двары гаспадаркі знаходзіцца бытоўка, у якой студэнты мяняюць цывільнае на працоўную «ўніформу» — спартыўныя штаны і футболкі. Тут жа пакідаюць свае рэчы і прыпасы на абед.

Галоўны від працы — праполка. Ніякіх гендарных забабонаў няма — хлопцы на роўных з дзяўчатамі выдзіраюць з зямлі пустазелле, складваюць яго ў невялікія купкі. Праўда, ужо больш цяжкай працай, такой, як пагрузка травы ў прычэп трактара, займаюцца толькі прадстаўнікі моцнай паловы студатрада. З гэтага для размінкі пачынаю і я.

Работа ідзе даволі хутка, і «пасвячэнне» ў студатрадаўцы я праходжу паспяхова — рукі і адзенне змяняюць колер на цёмна-шакаладны. А спробы выцерці гэтымі рукамі лоб ад поту надаюць аналагічны колер і твару. Не ўзяць на такую працу вядомыя кожнаму дачніку баваўняныя пальчаткі — непапраўная памылка.

Далей рухаемся непасрэдна на рабочы ўчастак. Праз тры хвіліны дабіраемся да «поля бою». Грады, засеяны самымі рознымі культурамі — лічы, вялікі агарод. Здалёк усё выглядае не страшна, а вось убачаныя зблізку радкі раслін трохі пужаюць. Дзённая норма для аднаго студэнта — баразна. Даўжыня — трохі менш за сто метраў. Зрабіў — атрымліваеш «птушачку» і можаш адпачываць. Ніхто не перашкаджае стаць мясцовым «стаханаўцам», перавыканаць норму і зарабіць сабе адгул. Графік фактычна вольны — ніхто ў спіну не падганяе. Можаш расцягваць задавальненне ад праполкі хоць на цэлы дзень. Дарэчы, такія «фанаты» ёсць — парачка хлопцаў убаку ад град п'е гарбату з тэрмаса. Мне тлумачаць: за працу яны звычайна бяруцца ў другой палове дня.

24-6

24-6

 

Заўважыўшы маю, скажам мякка, няўпэўненасць у сваіх сілах, прапануюць пачаць з малога. Палова баразны, недаробленая папярэднікам, пераходзіць пад маю адказнасць. Апынаюся сам-насам з зялёнай масай і, узброены матыкай, раблю першы крок да сельскагаспадарчага трыумфу.

Апошні раз я палоў у глыбокім дзяцінстве. Яшчэ дашкольнікам дапамагаў бабулі ў гэтай справе з маленькай матычкай у руках. Усё звычайна сканчалася хвілін праз пятнаццаць, калі цянёк пад старой яблыняй рабіўся больш прывабным за пустазелле ў барознах. І калі першы раўнд супрацьстаяння з зялёнымі шкоднікамі быў безнадзейна прайграны, то цяпер з'яўляўся нядрэнны шанц на рэванш...

Найвялікшай праблемай на першым этапе для мяне стала адрозніць... карыснае ад шкоднага. Распазнаць патрэбную расліну, якой я пакіну жыццё, атрымалася не адразу. Ды і пустазелля ў маёй баразне было значна больш, чым спірэі японскай, якую трэба было пакідаць. Па некалькі хвілін прыглядаючыся да кожнай сцяблінкі, я пачаў свой рух наперад, але раптам, азадачаны, спыніўся.

Летась на гэтым участку расла бульба, і дзе-нідзе ўзышлі новыя кусцікі. Упершыню ў жыцці прыйшлося ўбачыць гэтую культуру ў ролі пустазелля. Не схлушу, сказаўшы, што сэрца беларуса аблівалася крывёю, калі выдзіраў яе з глебы, і на паверхню траплялі маленькія бульбінкі.

За паўгадзіны працы я трохі прызвычаіўся і рухаўся наперад ужо больш упэўнена. Праўда, адбіваць зямлі паклоны з кожным разам станавілася ўсё цяжэй і цяжэй. Зусім жа расчараваў і першы позірк назад. За ўвесь гэты час я аддаліўся ад пачатку баразны трохі больш, чым на метр. А дзяўчаты, што пачыналі разам са мной, аддаляліся вельмі хутка.

Яшчэ прыкладна праз гадзіну змаганняў з вядомымі і невядомымі раслінамі, большая частка з якіх упіралася і пакідаць наседжанае месца не планавала, стала зразумела, што рэваншу можа і не атрымацца. Спіна ныла ўсё болей, кучкі пустазелля вырасталі да памеру стагоў, а руху наперад амаль не было. Ішлі гадзіны...

Нарэшце маё сапенне і корпанне было заўважана — з другога канца баразны ў мой бок пачала рухацца на дапамогу дзяўчына, што ўжо зрабіла сваю «норму». Колькі хвілін — і мы сыходзімся ў адной кропцы. Мне застаецца толькі з палёгкай уздыхнуць.

— Я з Нясвіжа, вучуся на трэцім курсе хімфака, — распавядае мая выратавальніца Юля БЯЗУШКА. — Праца ў студатрадзе для мяне — добрая магчымасць заслужыць месца ў інтэрнаце. Здымаць кватэру ў Мінску цяпер вельмі дорага, не хочацца браць грошы на гэта ў бацькоў. А новы інтэрнат, у якім мы жывем, па камфартабельнасці мала ў чым саступае здымнай жылплошчы. Раней мне даводзілася дапамагаць родным з праполкай, таму гэтая праца для мяне не такая ўжо і цяжкая. Адпрацоўваеш менш за месяц і эканоміш немалыя грошы, чаму б не? Я думаю, добра, што ёсць такая магчымасць.

...Амаль задаволены, рухаюся да аўтобуснага прыпынку ў Шчомысліцы. Няхай рэванш і не зусім атрымаўся, але любая практыка ідзе на карысць. Тым больш для студэнтаў — у якасці «перамены віду дзейнасці» ды яшчэ і з гарантаваным дахам над галавой на год... Акрамя таго, новыя знаёмствы, свежае паветра — па-мойму, выбар у такой сітуацыі зрабіць проста.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.