«А ўсё-такі мы жывём», — такія словы высечаны на помніку нашаму знакамітаму земляку, вучонаму-гісторыку, краязнаўцу, педагогу Генадзю Аляксандравічу Каханоўскаму.
Генадзь Каханоўскі нарадзіўся 8 студзеня 1936 года ў весцы Дамашы каля Маладзечна. Юнацкія гады правёў у Маскве, дзе ўзначаліў беларускае студэнцкае зямляцтва. Па заканчэнні вучобы вярнуўся ў Маладзечна, дзе працаваў у школах №1 і №3.
Наталля Сухіна была адной з яго першых вучаніц. Калі Генадзь Каханоўскі прыйшоў працаваць у маладзечанскую гімназію № 3 настаўнікам гісторыі, ён стаў класным кіраўніком аднаго з 9-х класаў, дзе і вучылася Наталля. Жанчына згадвае, што яго ўрокі заўсёды праходзілі весела і цікава, былі незвычайнымі і запамінальнымі. Пасля вывучэння асноўнай тэмы расказваў вучням пра родны край і горад. Ён так шмат ведаў, што мог знайсці адказ на любое пытанне!
Генадзь Каханоўскі стаяў ля вытокаў стварэння Мінскага абласнога краязнаўчага музея. Тут ён прайшоў шлях ад навуковага супрацоўніка да дырэктара. Менавіта ён знайшоў у крыніцах дату першага згадвання пра Маладзечна. Дзякуючы яму ў музей трапіла шмат каштоўных экспанатаў: 15 старадрукаў, уніяцкі службоўнік 1740 года выдання, «Вопіс на карысць Хоўхлаўскай царквы», зроблены князем Станіславам Кішкам, рукапісы і ўспаміны беларускіх пісьменнікаў, драўляныя скульптуры Апалінарыя Пупко, кнігі Адама Станкевіча, скрыпка Міхала Клеафаса Агінскага, слуцкі пояс і іншыя.
Аднак за створаную ў музеі экспазіцыю яго абвінавацілі ў нацыяналізме. У 1969 годзе атэстацыйная камісія прызнала працу маладога гісторыка шкоднай для камуністычнага выхавання савецкіх людзей. Звольненага Каханоўскага аднавілі на працы толькі дзякуючы заступніцтву Максіма Танка і Янкі Брыля, але нападкі на вучонага не спыняліся.
У 1989 годзе ён удзельнічаў у заснаванні Беларускага краязнаўчага таварыства і стаў яго першым старшынёй. У 1992 годзе абараніў першую ў Беларусі доктарскую дысертацыю па крыніцазнаўстве матэрыяльнай і духоўнай культуры нашага народа. Напісаў і выдаў шэраг кніг па фалькларыстыцы і археалогіі, даследаванні, прысвечаныя Яўстафію Тышкевічу, Адаму Кіркору, Максіму Багдановічу.
Былая дырэктарка кніжнай крамы «Спадчына» Любоў Іванаўна Карповіч сцвярджае, што кнігі Каханоўскага заўсёды раскупліваліся хутка.
— Ён абавязкова набываў кожнае сваё выданне і дарыў мне на памяць. Так я сабрала цэлую калекцыю яго прац, якую захоўваю да гэтага часу, і вельмі ганаруся тым, што я знаёмая з такім вялікім Чалавекам, — кажа Любоў Іванаўна.
Памяць пра славутага земляка жыве ў нашых сэрцах. Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі працаваў усё жыццё на карысць сваёй Радзімы і атрымліваў ад гэтага задавальненне. Як казаў вялікі Канфуцый: «Знайдзі сабе справу па душы, і тады табе ні дня не прыйдзецца працаваць». Я мару аб тым, каб таксама знайсці сваё месца ў жыцці і сваёй працай прыносіць радасць і сабе, і людзям.
Ксенія Рагель,
вучаніца 10 класа
гімназіі №6 г. Маладзечна.
Пра аўтара
Ксенія захапляецца журналістыкай. Развівацца ў гэтым кірунку дзяўчыне дапамагае кіраўнік гуртка «Школа журналістыкі» Маладзечанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік» Наталля Віктараўна Шульжыцкая. Таксама з вялікай цікавасцю ўдзельнічае Ксенія ў маладзёжным праекце Маладзечанскага тэлебачання «Pro.Mo».
— Маё жыццё яркае і насычанае. Я люблю падарожнічаць і адкрываць для сябе новыя маляўнічыя мясціны, — гаворыць пра сябе 16-гадовая аўтарка. — А сэнс жыцця бачу ў самаразвіцці і пазнанні свайго ўнутранага «Я». Яшчэ я вельмі люблю жывёл, захапляюся фатаграфіяй і займаюся валанцёрствам.
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.