Вы тут

Абставіны месца і часу


Першая Сусветная і Ліда

Артыкул-храналогія Леаніда Лаўрэша, вельмі скарочана, але даволі інфарматыўна, лаканічна, але яскрава пададзены ў бягучым нумары часопіса “Маладосць”. Прачытаць яго цалкам можна і на www.maladost.lim.by. Тут падаецца ўрывак.

Сведка падзей і слынны лідскі краязнавец Міхал Шымялевіч пісаў, што лета 1914-га выдалася на рэдкасць гарачым і сухім. Тэмпература паветра ў чэрвені і ліпені дасягала 40 градусаў у ценю і на працягу некалькіх тыдняў не выпала ні кроплі дажджу. Вада ў рэках, азёрах і ставах спала. На Нёмане ад Морына да Орлі не маглі прайсці платы і сплаў дрэва спыніўся. Паветра напоўнілася дымам, гарэлі тарфянікі. На поўдні, каля Нёмана ўдзень уздымаліся аблокі дыму, а ўначы было бачна зарыва пажараў – гарэў лес. Звычайна цяжкапраходныя Дакудаўскія і Дзітвянскія балоты высахлі і па іх ездзілі, як па полі. Каб пайшоў дождж, у вясковых цэрквах і касцёлах служыліся набажэнствы, палі абыходзілі працэсіі з харугвамі і пабожнымі спевамі.

Аднак ураджай сена і канюшыны у тым годзе быў добры. Таксама быў добры ураджай жыта і яравых, добра урадзіла бульба. Грыбоў і ягад у лясах не было. Садавіна не урадзіла, але было шмат мёду. Калі пачалася уборка ураджаю – не хапала рук бо мужчыны былі мабілізаваныя на вайну. Таму наёмным працаўнікам плацілі ўдвая – 1 рубель за дзень працы касцам, 60 капеек жнеям.

Ліда як заўжды улетку вылюднела: інтэлігенцыя выехала на лецішчы ці нават у Друскенікі на сонца і воды, школьная моладзь раз’ехалася па вёскам – да бацькоў ці да сяброў. Вучні, чорныя як індзейцы сядзелі ў цені дрэў з вудамі каля вады[1].

Летам 1914 года атрымалася так, што галоўная асоба павету – маршалак шляхты граф Людвік Грабоўскі (прамы нашчадак апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Панятоўскага ад марганатычнага шлюбу з Эльжбетай Грабоўскай), які павінен быў узначаліць мабілізацыю у павеце, ад вясны лячыўся ў Пецярбурзе — ён меў камяні ў жоўцевым пухіры і ў нырках. Яго абавязкі выконваў земскі начальнік 1-га ўчастка Міхаіл Трафімаў. Павятовы спраўнік фон Гротэ дэ Буко яшчэ да пачатку вайны падаў у адстаўку па ўзросту, чакаў загад аб выхадзе на пенсію і таму знаходзіўся ў адпачынку. У сувязі з набліжэннем вайны віленскі губернатар Вяроўкін перапыніў яго адпачынак і загадаў выконваць свае абавязкі. Асноўны цяжар арганізацыі мабілізацыі на Лідчыне лёг на спраўніка Гротэ дэ Буко і  Міхаіла Трафімава.

25 ліпеня на лідскай чыгуначнай станцыі была вывешана аб’ява пра тое, што дарога здымае з сябе усялякую  адказнасць за тэрміны перавозу грузаў. Гэта быў першы знак будучай вайны.

У той жа дзень на палігоне пад Аранамі, калі артылерыя лідскага палка  рыхтавалася да вучэбных стрэльбаў, раптам была прынята тэлеграма з загадам спыніць вучэнні і выступіць да месца пастаяннай дыслакацыі – у Ліду. Адначасова зусім нечакана для юнкераў Віленскай вайсковай вучэльні якія знаходзіліся ў тым жа лагеры пад Аранамі, начальнік вучылішча генерал-маёр Адамовіч зачытаў загад аб прысваенні вайсковых званняў 170 юнкерам выпускнога курса. Такія імпрэзы, як правіла, раней праводзіліся ў дзень Праабражэння Гасподняга, 19 жніўня. Маладым афіцэрам уручылі толькі афіцэрскія шаблі, бо абмундзіраванне яшчэ не было гатова.

Праз некалькі гадзін лагер ліквідавалі, і лідскі полк пачаў грузіцца ў вагоны. Сярод афіцэрскіх жонак пачаўся перапалох, кінуўшы ўсё яны з лецішчаў накіраваліся ў Ліду і таму калі ў нядзелю, 26 ліпеня, па жалезнай дарозе з Аран ў Ліду пачалі прыбываць аддзелы палка, у горадзе ужо ведалі – пачынаецца вайна. Першыя прыбыўшыя аддзелы Лідскага палка не марудзячы ўзялі пад ахову ўсе чыгуначныя аб'екты: масты, водаправоды і іншыя тэхнічныя сродкі абслугоўвання, а таксама сувязь. Усюды стаялі ўзброеныя салдаты, забараняўся нават выхад на перон Лідскага вакзала.

Тым не менш у касцёлах і цэрквах, як і заўжды, браліся шлюбы, людзі з музыкай і танцамі святкавалі вяселлі і хрэсьбіны[2].

Вось як апісвае адзін з апошніх мірных дзён, 30 ліпеня 1914 года, Міхал Шымялевіч: "На вуліцы Віленскай (зараз Савецкая – Л.Л. ) горада сабраліся групкамі гараджане, яны чыталі толькі што атрыманыя з цягніка газеты, і кожны на свой капыл каментавалі бягучаю сітуацыю у свеце. Мабілізацыя яшчэ не пачалася, і агульным перакананнем было тое, што Расія толькі робіць дэманстрацыю сваёй магутнасці, а насамрэч вайны не будзе, бо ніхто яе не хоча. … Над Лідай, выконваючы вучэбны палёт, нізка кружыў аэраплан "Фарман". Ён зрабіў круг над рынкам (сучасная плошча Леніна) і паляцеў на ўсход. Раптам аэраплан пачаў хутка зніжацца і падаць. Натоўп зявак думаючы, што аэраплан упадзе каля рэчкі Лідзейкі, кінуўся ў бліжэйшыя завулкі – Шкляны, Камерцыйны, Паліцэйскі (яны вялі ў бок рэчкі – Л.Л.). Але пілот выраўняў машыну, і яна зноў узвілася пад аблокі. Зявакі пачалі вяртацца да цэнтру, і як раз у гэты час па Віленскай вуліцы на дрожках да паліцэйскай управы імчаўся, трымаючы ў руцэ дэпешу, павятовы паліцэйскі спраўнік Гротэ дэ Буко. Адразу ўсе зразумелі: мабілізацыя! У імгненне вока вуліца апусцела. Да позняй ночы горад не спаў. Кожны зразумеў, што вайна непазбежная, і нікога яна не абміне"[3].

З 31 ліпеня былі адменены ўсе пасажырскія цягнікі, і чыгунка пачала ліхаманкава перавозіць адмабілізаваныя войскі. З іншых чыгунак у Ліду былі перагнаныя дадатковыя лакаматывы, прыбылі новыя лакаматыўныя брыгады і іншыя спецыялісты-чыгуначнікі.

31 ліпеня  у павеце пачалася мабілізацыя. У горадзе вісеў вялікі плакат з тэкстам за подпісам Ренненкампфа аб супольнай адказнасці жыхароў горада і вёсак за пашкоджанне чыгуначных шляхоў, тэлеграфа, іншых сродкаў сувязі і камунікацыі. У кавярні Маліноўскага (знаходзілася каля перакрыжавання сучасных  вуліц Савецкай і Ленінскай) афіцэры лідскага гарнізона пілі каву і вялі размову на тэму “Германцаў трэба пабіць!”. Як і належыць, гараджане кінуліся да акенцаў ашчадных касаў, у банкі і банкаўскія канторы, каб забраць свае ўклады. У Лідзе каля Скарбовай касы пры казначэйстве стаяла чарга даўжынёй у паўкіламетра, якая некалькі разоў абвівала касу.  Каб вярнуць свае грошы, у чарзе стаяла каля паўтары тысячы чалавек.  У Вільні з вуснаў у вусны перадаваліся весткі пра тое, што запасы золата з Віленскіх банкаў ужо вывезены у Ніжні Ноўгарад і таму ў Віленскім Дзяржаўным Банку быў такі вялікі натоўп самай адборнай публікі, што шыкоўна прабраныя пані парвалі свае багатыя строі, страцілі брыльянты і капелюшы, падрапалі твары і пашкодзілі рукі і ногі. Але банкаўскія чыноўнікі ў Лідзе і Вільні спраўна выдалі людзям іх грошы.

1 жнiўня ў 17.00 Германія абвясціла вайну Расіі. Гэта была субота…

[1] Szymielewicz Michał.  Lida w latach wielkiej wojny. // Ziemia Lidzka. 1999. № 37. s. 7–12.

[2] Szymielewicz Michał.  Lida w latach wielkiej wojny. // Ziemia Lidzka. 1999. № 37. s. 7–12.

[3] Там жа.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.