У наступным навучальным годзе ў выпускнікоў 11‑х класаў з'явіцца новы абавязковы экзамен. Калі два апошнія гады на выхадзе з сярэдняй школы вучні здавалі тры абавязковыя іспыты — па беларускай ці рускай мове, матэматыцы і замежнай мове, то цяпер гэты пералік дапоўніў вусны экзамен па гісторыі Беларусі.
Але агульная колькасць абавязковых іспытаў для выпускнікоў сярэдніх школ не змянілася. Новы абавязковы экзамен замяніў іспыт па выбары: гэта магла быць і літаратура, і фізкультура, і тая ж гісторыя Беларусі або геаграфія ці біялогія. Выбар заставаўся за выпускніком… Цяпер жа адзінаццацікласнікі будуць пазбаўлены права выбіраць і павінны будуць прадэманстраваць экзаменацыйнай камісіі свае веды па гісторыі роднай краіны.
А вось пасля заканчэння базавай школы вучні будуць здаваць цяпер усяго тры экзамены: беларускую мову (пісьмова), рускую мову (пісьмова) і матэматыку (таксама пісьмова).
— Выключэнне з экзаменацыйнага пераліку пасля 9‑га класа экзамену па гісторыі Беларусі звязана з тым, што фактычна вывучэнне гісторыі Беларусі ў 9‑м класе заканчваецца падзеямі 1917 года, а ўвесь савецкі перыяд і перыяд незалежнасці Беларусі ўваходзіць у праграму 10–11‑х класаў, — патлумачыла кіраўнік прэс-службы Міністэрства адукацыі Юлія Ваніна.
Атрымліваецца, што выпускнікі базавай школы гэтага года будуць здаваць іспыт па гісторыі Беларусі праз два гады другі раз?
— Для выпускнікоў 2015‑га і 2016‑га гадоў экзамен па гісторыі Беларусі будзе абапірацца толькі на той матэрыял, які школьнікі будуць вывучаць у 10‑м і 11‑м класах, — удакладнілі ў прэс-службе.
Акрамя таго, пачынаючы з 2014/2015 навучальнага года, у пералік выпускных іспытаў пасля завяршэння навучання на ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі ўводзіцца выпускны экзамен па мове нацыянальных меншасцяў — польскай або літоўскай (для навучэнцаў, якія вывучалі гэту дысцыпліну). Сёння ў Беларусі функцыянуюць 2 школы з польскай мовай навучання і выхавання (у Гродне і Ваўкавыску) і 2 школы з літоўскай мовай навучання (у вёсцы Рымдзюны Астравецкага раёна і вёсцы Пелясы Воранаўскага раёна). На мове нацыянальных меншасцяў у 2013/2014 гадах навучаліся 794 школьнікі (669 чалавек на польскай і 125 навучэнцаў — на літоўскай).
Надзея НІКАЛАЕВА.
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».